54-гадовую японку Сецуко і аднагадовую беларускую дзяўчынку з Бабруйска Марыяну аб'ядноўвае адна няпростая жыццёвая акалічнасць: яны перажылі перасадку печані ў сталічным навукова-практычным цэнтры хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі і зараз аднаўляюцца ў рэанімацыі. Хутчэй за ўсё, яны б ніколі ў жыцці не сустрэліся, калі б абедзвюм не спатрэбілася дапамога беларускіх трансплантолагаў, пра якіх ведаюць, як паказвае практыка, далёка за межамі нашай краіны.
Шанц на выжыванне
Японка Сецуко перажыла першую трансплантацыю печані ў адной з клінік Кітая. Але ад інфекцыі, на якую перахварэла жанчына, перасаджаны орган загінуў. На складаную паўторную перасадку жанчыне парэкамендаваў ехаць у Беларусь японскі прафесар. І нашы медыкі літаральна падарылі ёй другое жыццё.
— Сецуко прыехала ў Беларусь яшчэ ў лістападзе мінулага года, чакала аперацыю, мы шукалі падыходзячы донарскі орган, — расказвае дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег РУМО. — У сакавіку ёй зрабілі аперацыю — паўторную перасадку печані. Яна пайшла на папраўку, і на сярэдзіну красавіка ў яе нават быў білет на самалёт дадому. Аднак зноў развілася ўскладненне, і мы змясцілі яе ў рэанімацыю. Зараз сітуацыя стабілізавалася.
Сецуко шырока ўсміхаецца і дазваляе сябе сфатаграфаваць (вось-вось яе зноў перавядуць з рэанімацыйнай палаты ў звычайную). Яна зусім не падобна на чалавека, які апошнія гады ў літаральным сэнсе слова балансаваў на мяжы жыцця. Трансплантацыя ў Беларусі каштавала ёй 150 тысяч долараў. Адна такая складаная аперацыя, зробленая замежнаму грамадзяніну, дазваляе вылечыць 5-6 беларусаў. Алег Румо не хавае, што часта з-за мяжы да нас прыязджаюць пацыенты са складанымі выпадкамі, яму такая практыка цікавая і карысная.
У маленькай Марыяны з Бабруйска свая бяда. Калі ёй было 8,5 месяца, урачы выявілі гепатабластому — злаякасную пухліну печані. Яе мама Настасся арыентуецца ў дыягназах і ў тым, як мяняўся стан дачкі, не горш за дактароў:
— Мы звярнуліся да ўрача з заложаным носікам, а яму не спадабаўся яе жывот. Там было ўшчыльненне. Дома Марыяна працягвала капрызнічаць, было відавочна, што ў яе не ўсё ў парадку. У выніку ў нядзелю мы апынуліся ў дзіцячай бальніцы ў Бабруйску, — расказвае жанчына. — Уначы нам зрабілі ўсе абследаванні — УГД, КТ, але ўрачы не былі да канца ўпэўненыя ў дыягназе, і раніцай мы ўжо аказаліся ў Бараўлянах. Адразу прызначылі чатыры блокі хіміятэрапіі і чатыры — стрымлівальнай тэрапіі. Пухліна была вельмі вялікая — 750 мілілітраў. Але нават на першы блок хіміятэрапіі арганізм адрэагаваў добра — пухліна пачала змяншацца. Пасля трэцяй «хіміі» нас накіравалі сюды.
— Пухліна важыла амаль кілаграм, прытым што дзяўчынка важыць усяго сем, — дадае Алег Румо. — Мы выдалілі ёй пашкоджаную печань і перасадзілі кавалачак бацькавай. З часам яна вырасце да патрэбных памераў.
Тата дзяўчынкі ўжо выпісаўся з бальніцы і паехаў дадому — да старэйшага сына Захара. Марыяна пакуль застаецца ў клініцы пад наглядам медыкаў.
З 2010 года, калі быў утвораны цэнтр, тут трансплантавалі органы 69 дзеткам — не толькі беларусам, але і з суседніх краін.
Пра ўсіх у цэнтры памятаюць, адсочваюць іх лёсы і запрашаюць на агульныя святы.
— Гэта хлопчык з Украіны, ён перажыў 25 хірургічных умяшанняў, прыязджаў да нас на Новы год. А вось Ліяна Буйнавец, якая атруцілася белай паганкай, сёння займаецца ў мадэльным агенцтве, — паказвае на стэндзе фота дзяцей, якіх тут выратавалі, Алег Румо.
Гісторыю той жа Ліяны, якая ў 2011 годзе перажыла трансплантацыю, назвалі цудам. Яна гасцявала ў бабулі ў Мазыры, дзе і атруцілася ядавітым грыбам. Яе бабулю медыкам выратаваць не ўдалося, а Ліяна выжыла. Ёй перасадзілі печань васьмімесячнага дзіцяці, бо абследаваць патэнцыйных донараў — бацькоў дзяўчынкі — медыкі проста не паспявалі: лік ішоў на хвіліны. Гэта аперацыя стала другой перасадкай печані пасля атручвання
белай паганкай.
Узроставых абмежаванняў няма, ліст чакання — адзін з самых кароткіх
Першая перасадка печані, дарэчы, адбылася ў цэнтры ў 2008 годзе, праз год трансплантавалі комплекс нырка — падстраўнікавая залоза, ў 2012-м годзе — першыя комплексы печань — нырка і сэрца — нырка, з 2014 года пачалі трансплантаваць лёгкія. За 10 гадоў экспарт паслуг павялічыўся ў цэнтры ў 42 разы і дасягнуў летась 7,5 мільёна долараў. Пераважную яго большасць складаюць высокатэхналагічныя аперацыі. Колькасць саміх трансплантацый за час існавання цэнтра павялічылася ў 63 разы. У год тут робіцца звыш 400 такіх аперацый, сёлета выканана ўжо больш за 200.
— Зараз нам важна, каб у невялікіх гарадах — Быхаве, Шчучыне, Ваўкавыску — пацыент атрымаў той жа аб'ём медыцынскай дапамогі, у прыватнасці хірургічнай, што і ў Мінску. Трэба так перагрупаваць дапамогу, каб стварыць буйныя міжраённыя цэнтры з сучасным абсталяваннем, — кажа Алег Румо.
Тым часам аперацыі па трансплантацыі ныркі робяцца ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, у Брэсце і Гродне асвоілі перасадку сэрца, у Брэсце працуе праграма па перасадцы печані.
— Беларусь уваходзіць у топ-10 краін па ўзроўні донарства органаў. Мы апярэджваем такія развітыя краіны, як Вялікабрытанія, Канада, Германія, і знаходзімся амаль на такім жа ўзроўні, як ЗША і Францыя. Гэта індыкатар таго, якую колькасць жыццяў мы ратуем. Кожны з нашых грамадзян мае больш магчымасцяў захаваць жыццё, чым жыхар Германіі і Польшчы, — кажа Алег Румо.
Сёння няма ўзроставых абмежаванняў для трансплантацыі. У цэнтры была і 76-гадовая пацыентка, якой перасадзілі нырку. Сярэдні тэрмін чакання аперацыі — каля 14 месяцаў.
— Па многіх пазіцыях ён значна меншы. Хтосьці чакае нырку два месяцы, а нехта з-за сваіх генетычных асаблівасцяў — два гады. Для параўнання адзначу, што ў Вялікабрытаніі тэрмін знаходжання ў лісце чакання — 2,5 года. Беларусь мае адзін з самых кароткіх лістоў чакання і па печані, і па нырцы, і па сэрцы, і па лёгкіх. У год мы выконваем больш аперацый па трансплантацыі ныркі, чым знаходзіцца беларусаў у лісце чакання, — падкрэслівае Алег Румо.
Нельга сказаць, што абсалютна ўсе пацыенты папраўляюцца, шпітальная лятальнасць пры трансплантацыях складае 7,6 %. Пры перасадцы печані 91 % пацыентаў пераадольваюць 1-гадовы парог выжывальнасці і 76 % — 5-гадовы. Пры перасадцы ныркі 96 % жывуць больш чым 1 год, 91 % — больш чым 5. Разважаючы пра якасць жыцця пасля трансплантацыі, Алег Румо падкрэсліў, што калі ў жанчыны не будзе здароўя, яна не народзіць дзіця. Сёння 41 беларуска пасля перасадкі ныркі стала шчаслівай маці і 5 — пасля перасадкі печані.
А выпадак, калі двух здаровых дзетак нарадзіла жанчына, якой быў трансплантаваны комплекс печань—нырка, не мае аналагаў у свеце. 33-гадовай беларусцы зрабілі складаную аперацыю ў красавіку 2015 года. Праз паўтара года яна нарадзіла хлопчыка, яшчэ праз два — дзяўчынку.
Спецыялісты не саступаюць нікому
Унікальныя медыцынскія кадры рыхтуюць у клініцы не толькі для Беларусі. Зараз тут стажыруюцца хірургі з Грузіі і Арменіі, у хуткім часе прыедуць медыкі з Узбекістана. Алег Румо падкрэслівае, што Беларусь пастаўляе на сусветны рынак працы медыкаў самай высокай кваліфікацыі, якія ні ў чым не саступаюць урачам з Германіі, Францыі, ЗША і Японіі.
Летась каля 80 тысяч рублёў было выдаткавана на навучанне спецыялістаў у вядучых міжнародных цэнтрах і для ўдзелу ў сусветных навуковых кангрэсах.
— Калі мы будзем лічыць сябе важнымі і вялікімі, замкнёмся ў сабе, то хутка вернемся на той узровень, з якога пачыналі 11—13 гадоў таму, — упэўнены дырэктар навукова-практычнага цэнтра.
Пры гэтым беларускія трансплантолагі выязджаюць для сумесных аперацый за мяжу. Толькі сёлета выканана шэсць такіх перасадак органаў — у Грузіі і Казахстане. У Казахстане ўпершыню была перасаджана нырка 9-месячнаму дзіцяці, а таксама праведзена першая аперацыя па перасадцы комплексу нырка—печань.
Пры гэтым Алег Румо не адмаўляе адтоку медыцынскіх кадраў за мяжу.
— Я бачу, што праблема ёсць, — нашы спецыялісты едуць працаваць за мяжу. Каб пакінуць іх тут, патрэбны сацыяльныя ліфты, добрыя магчымасці, высокая зарплата. Важна, каб яны навучаліся перадавым тэхналогіям і адчувалі сябе запатрабаванымі, а не толькі «падносілі снарады» Румо.
Трэба адзначыць, што зарплата ў цэнтры пастаянна расце. Сёння ва ўрача яна складае больш за дзве тысячы рублёў, у сярэдняга медыцынскага персаналу прыкладна 1300 рублёў.
Падчас наведвання цэнтра Прэзідэнт краіны даручыў пабудаваць новы хірургічны корпус, на што з бюджэту выдаткаваны 121 мільён рублёў. Зараз тут вядуцца актыўныя работы і да канца 2021 года яго мусяць здаць у эксплуатацыю. Корпус разлічаны на 170 ложкаў. Там будуць прымяняцца найноўшыя метады сучаснай хірургіі: ад трансплантацый канечнасцяў да выпраўлення дэфектаў пасля аварый з прымяненнем адытыўных тэхналогій 3D-друку.
Дарэчы, спробы выкарыстоўваць 3D-друк у цэнтры ўжо распачаты. Сумесна з замежнымі медыкамі тут плануюць дапамагчы беларусу, у якога пасля аварыі і злаякаснага захворвання знішчана частка грудной клеткі.
— Перспектывы ў 3D-друку добрыя. Надрукаваць сёння можна што заўгодна. Але важна, каб надрукаванае добра працавала, — кажа Алег Румо.
Алена КРАВЕЦ
Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/author/taccyana-tkachova
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/aperacyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[7] https://zviazda.by/be/tags/nyrki
[8] https://zviazda.by/be/tags/urach
[9] https://zviazda.by/be/tags/pacyent