«Еўрабачанне-2019» у Ізраілі ўжо тыдзень як завяршылася, а скандалы вакол яго не сціхаюць.
То Мадонна замяніла ў відэазапісе свайго выступлення гук на фанаграму, а то днямі Еўрапейскі вяшчальны саюз зрабіў сенсацыйную аб'яву: у фінале з-за чалавечай памылкі былі выкарыстаны няправільныя лічбы ў абвяшчэнні балаў журы. «Каб паважаць як артыстаў, так і членаў ЕВС, якія ўдзельнічалі ў шоу, мы хочам скарэкціраваць канчатковыя вынікі ў адпаведнасці з правіламі», — паведамілі арганізатары. Гэта не змяніла пераможцу шоу і топ-4, а вось Беларусь узнялася ў табліцы на радок вышэй.
Калі перайсці да канкрэтыкі, то гаворка ідзе якраз пра тыя «сукупныя лічбы», якімі замянілі балы дыскваліфікаванага беларускага журы. Пры стандартным маніторынгу галасавання кампанія-партнёр выявіла «недастачу». Цяпер на сайце еurovіsіon.tv змешчаны папраўленыя балы, а Еўрапейскі вяшчальны саюз паабяцаў перагледзець існуючыя працэсы галасавання і схемы кантролю, каб не дапусціць падобнага ў будучыні.
Дункан Лоўрэнс з Нідэрландаў застаўся пераможцам — ужо з 498, а не 492 баламі. Не змянілі сваіх пазіцый Італія і Расія (472 і 370 балаў — +7 і +1 адпаведна). А вось Нарвегія і Швецыя, якія размяшчаліся на 5-м і 6-м радках, памяняліся месцамі. У Беларусі па-ранейшаму 31 бал, але наша краіна на 24-м месцы — вышэй за Германію і Вялікабрытанію.
Перападлік галасоў выклікаў самую розную рэакцыю ўдзельнікаў песеннага конкурсу. Расійскі спявак Сяргей Лазараў, напрыклад, назваў гэта маніпуляцыямі з галасаваннем журы, якія «даволі-такі паднадакучылі». Сапраўды, атрымалася як у тым анекдоце: лыжачкі знайшліся, але асадак застаўся...
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/muzyka
[5] https://zviazda.by/be/tags/eurabachanne-2019-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/pradzyusary
[7] https://zviazda.by/be/tags/niderlanly