За апошнія дзесяць гадоў у Беларусі стаўленне да веласіпедаў і іх уладальнікаў змянілася карэнным чынам. Мець «двухколага коніка» цяпер не меней модна, чым аўтамабіль. Дабірацца на ім на працу — значыць быць у трэндзе. У адным толькі Мінску налічваецца каля 800 тысяч веласіпедаў, для бяспечнага руху якіх актыўна ствараюцца камфортныя ўмовы. Аднак дзіўная рэч: некаторыя веласіпедысты пачалі паводзіць сябе быццам тая бабка з казкі пра залатую рыбку. Чым больш для іх робіцца, тым большага яны патрабуюць.
Навыперадкі з машынамі
Здаецца, зусім нядаўна ў сталіцы востра стаяла пытанне веладарожак. Тратуары ў цэнтры горада распаласавалі белым колерам і «ўпрыгожылі» піктаграмамі ровараў. Катайцеся на здароўе. Большасць аматараў пакруціць педалі змены сапраўды ацаніла. А вось некаторым адведзенае месца падалося цеснаватым. Усё часцей у інтэрнэце пачалі з'яўляцца фота і відэа, на якіх веласіпедысты-экстрэмалы то рассякаюць пасярод МКАДа, то «гуляюць у шашачкі» з машынамі, а то і ўвогуле «вучаць розуму» аўтамабілістаў. Пры гэтым значная частка гісторый заканчваецца трагічна.
Як паведамляе прэс-служба ўпраўлення ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў, са студзеня па красавік 2019 года на дарогах Беларусі адбылося 47 наездаў на веласіпедыстаў. Па віне саміх уладальнікаў двухколавага транспарту здарылася 17 ДТЗ, у якіх загінуў адзін чалавек і 16 атрымалі траўмы. У сямі выпадках веласіпедысты знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Але ж гэта статыстыка «несезону». Летам, на жаль, лічбы павялічваюцца ў разы.
Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі нагадваюць, што веласіпедысты павінны быць куды больш уважлівыя і асцярожныя, чым іншыя ўдзельнікі дарожнага руху. Уменне прадбачыць небяспеку і прагназаваць аварыйныя сітуацыі засцерагуць ад бяды. Аднак і кіроўцы аўтамабіляў павінны прызнаць, што веласіпед — паўнавартасны транспарт, якому ў пэўных выпадках у адпаведнасці з заканадаўствам дазваляецца рухацца па праезнай частцы. Галоўная задача кіроўцаў — быць уважлівымі пры перастройваннях, манеўрах і іншых дзеяннях, якія могуць прывесці да сутыкненняў з двухколавымі транспартнымі сродкамі.
Безумоўна, рызыка трапіць у ДТЗ ёсць заўсёды. Як паказвае практыка, нават у тых веласіпедыстаў, якія не парушаюць правілы. Паўгода таму ў Астравецкім раёне мужчыну на веласіпедзе насмерць збіў Vоlkswаgеn. Пры тым што той максімальна паклапаціўся аб бяспецы: апрануў камізэльку павышанай бачнасці са святлоадбівальнымі элементамі, на галаве быў уключаны электрычны ліхтарык, ровар быў увешаны рознакаляровымі катафотамі. Жанчына за рулём яго «проста не заўважыла ў святле фар машыны, якая ехала па сустрэчнай паласе».
З другога боку, нярэдкімі сталі выпадкі, калі веласіпедысты на вялікай хуткасці «ўязджаюць» у аўтамабілі. Зразумела, самі ў падобных ДТЗ могуць пацярпець. У 2015-м, напрыклад, жыхар Нясвіжа на веласіпедзе ўдарыўся аб раптоўна адчыненыя дзверы машыны і памёр на месцы ад цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Разам з тым з заявамі ў міліцыю ў апошнія гады пачалі звяртацца пацярпелыя ўладальнікі аўто. Ліхачы на двух колах не проста пакідаюць драпіны на машынах, а мнуць капоты, разбіваюць фары і зносяць люстэркі задняга бачання. Не дзіўна, улічваючы, што некаторыя сучасныя веласіпеды могуць развіваць хуткасць да
30 кіламетраў у гадзіну.
Веласіпедысты патрабуюць прызнаваць сябе раўнапраўнымі ўдзельнікамі дарожнага руху, але прытрымлівацца яго правіл (а часам нават азнаёміцца з імі) не жадаюць. Рэгулярныя рэйды супрацоўнікаў праваахоўных органаў толькі пацвярджаюць гэта. Але ці павінны веласіпедысты іх ведаць? Экзамен на кіраванне яны не здаюць, правы кіроўцы для іх не прадугледжаныя, двухколавыя машыны не нумаруюцца. Каюся, я і сама з правіламі, якія датычацца веласіпедыстаў, азнаёмілася толькі пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу. Хоць езджу на веласіпедзе з дзесяці гадоў.
Ведай сваё месца
Калі ў сутыкненнях ровараў і машын ёсць каму разбірацца (гэтым займаецца ДАІ), то праблемы кшталту пешаход-веласіпедыст фактычна нікім не рэгулююцца. ДТЗ лічацца толькі здарэнні, якія адбыліся з удзелам хоць бы аднаго механічнага транспартнага сродку ў руху і ў выніку якіх нанесеная шкода здароўю, жыццю ці маёмасці. Але градус і колькасць канфліктаў на тратуары з кожным годам павялічваюцца. Успомнім рэзанансную гісторыю, калі сталічны веласіпедыст наехаў на веладарожцы на хлопца, а пасля яшчэ і ўдарыў яго некалькі разоў бейсбольнай бітай. Вынік — хуліган адправіўся ў турму на сем гадоў.
Калі раней веласіпедысты ўспрымаліся выключна мірнымі ўдзельнікамі руху, то цяпер на іх пазіраюць з некаторым недаверам. Я і сама пераходжу веладарожку толькі пасля таго, як запэўнюся, што па ёй ніхто не нясецца. Баязліўка? Няхай. Вось толькі асцярожнасць узнікла не на роўным месцы. Ведаю некалькі гісторый, у якіх бяскрыўдныя на першы погляд сутыкненні заканчваліся адкрытымі пераломамі і разборкамі ў судзе. Трапіць у падобную сітуацыю зусім не хочацца.
Чаму ўзнікаюць такія дзікія (інакш не скажаш) сітуацыі? Праз няўважлівасць? Магчыма. Калі шчыра, пешаходы ўсё яшчэ не прызвычаіліся да таго, што ў іх адабралі частку тратуара. Звычкі не фарміруюцца хутка. Праз нежаданне саступіць? Яшчэ больш верагодна. Але даказваць з пенай у роце сваё права на кавалачак зямлі, пакрыты пліткай, і тыкаць на іншых са словамі «сам вінаваты» — бессэнсоўна. Асабліва калі ў здарэнні ёсць пацярпелыя.
Бяда яшчэ і ў тым, што абодва бакі часта не жадаюць чуць адно аднаго не толькі ў пераносным, але і прамым сэнсе. Навушнікі — рэч, з якой прыемна, але вельмі небяспечна выходзіць/выязджаць на тратуар у наш час. Калі ў вушах пешахода «корак», то веласіпедыст можа званіць колькі заўгодна — яго ўсё роўна не пачуюць. Атрымліваецца, такая важная ўмова бяспекі, як званочак, у наш час страціла сваю актуальнасць.
Нават самі актывісты веларуху Беларусі прызнаюць праблему і імкнуцца яе вырашыць. Нездарма на сайце Мінскага роварнага таварыства змешчаны «20 парад ветлівай язды» для сваіх. Накшталт «Веладарожка прызначаная для веласіпедыстаў. Тратуар — для пешаходаў. На тратуары веласіпедыст — госць», або: «Пешаходу на веладарожцы пазвані ў званочак. Падзякуй яму, калі ён саступіць дарогу [...] Калі табе сустрэўся пешаход, які прынцыпова не саступае, — аб'едзь збоку. Лепшы настаўнік — не ты, а твая ветлівасць». Слушна.
Аднак нават пры такім раскладзе бяспека — гэта задача не толькі ўладальнікаў веласіпедаў. На працягу месяца я назірала за пешаходамі. Сапраўды, многія пакуль ніяк не могуць звыкнуцца з тым, што яны не адзіныя на тратуары. Па старой памяці шпацыруюць не па сваёй тэрыторыі. Але самая вялікая праблема — пешаходныя пераходы са спецыяльнай разметкай. За чатыры тыдні не было ні разу, каб, пераходзячы, народ ішоў толькі па сваёй шырокай паласе, не заступаючы на вузенькую веласіпедную. Ёсць над чым працаваць.
Перамены ўжо блізка
У сярэдзіне красавіка ўсіх ускалыхнула навіна пра змены ў правілах дарожнага руху. Асобныя пункты ў іх датычацца і веласіпедыстаў. ДАІ прапаноўвае дазволіць праезд на роварах па рэгуляваных пешаходных пераходах (пакуль так рабіць нельга!). Такім чынам, там, дзе ёсць святлафор, спешвацца будзе не трэба. Але пры пад'ездзе да перахода веласіпедыст павінен будзе зніжаць хуткасць. Пакуль новаўвядзенні толькі абмяркоўваюцца. На Прававым форуме Беларусі разгарнулася гарачая дыскусія на тэму прапанаваных змен. За два тыдні не абыякавыя да праблем на дарогах і тратуарах грамадзяне выказаліся аж на 164 старонкі! Пункт пра веласіпедыстаў народ падтрымлівае, бо ўжо даўно ніхто на святлафорах не спешваецца. ДАІ фактычна мяняе правілы ў адпаведнасці з тым, што ўжо адбываецца на дарогах. Правільна гэта ці не — пытанне адкрытае. Толькі днямі ў сталіцы здарылася чарговае ДТЗ менавіта на пешаходным пераходзе. На праспекце Незалежнасці каля Нацыянальнай бібліятэкі аўтамабіль наехаў на веласіпедыстку з дзіцем. Яна думала, што паспее праскочыць у апошнія секунды перад тым, як для машын загарыцца зялёны. Не паспела. Вынік — трапіла пад колы і ў бальніцу. А магла б спешыцца, пачакаць хвілінку і спакойна перайсці дарогу. Але часу думаць не было — веласіпед імчаў наперад...
Даведка
У адпаведнасці з главой 20 Правілаў дарожнага руху Рэспублікі Беларусь, рух на веласіпедзе павінны ажыццяўляцца па веладарожцы, а пры яе адсутнасці — па абочыне, тратуары або пешаходнай дарожцы. Важная акалічнасць — веласіпедыст пры гэтым «не павінен ствараць перашкод для бяспечнага руху пешаходаў». Толькі пры адсутнасці пазначаных элементаў дарогі або немагчымасці руху па іх можна выехаць на праезную частку, але ў адзін рад і не далей 1 метра ад яе правага боку.
- У цёмны час сутак на веласіпедзе павінны быць уключаны: спераду — белая фара (ліхтар), ззаду — чырвоная.
- Пры перасячэнні праезнай часткі па пешаходным пераходзе веласіпедыст павінен спешыцца і весці ровар побач з сабой.
- Забаронена рухацца не трымаючыся за руль і прыбраўшы ногі з педаляў.
- Таксама нельга перавозіць пасажыраў, за выключэннем дзяцей на спецыяльна абсталяваным сядзенні.
Парушэнне правілаў караецца штрафам ад адной да трох базавых велічынь. Калі вас зловяць, а вы будзеце яшчэ і ў алкагольным ап'яненні, то сума можа вырасці да 5 базавых. Калі ў выніку парушэння ўзнікне аварыйная сітуацыя, давядзецца заплаціць ад 5 да 8 базавых. Да 20 базавых велічынь могуць спагнаць у выпадках, калі прычынены цялесныя пашкоджанні і пашкоджанні іншым транспартным сродкам.
Ганна КУРАК
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-kurak
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/velasipedysty