Штогод у Беларусі рэгіструецца каля 750 тысяч траўмаў, з якіх 140—150 тысяч — у дзяцей і падлеткаў-пешаходаў. Пры гэтым калі за мінулыя дзесяць гадоў 80 % здарэнняў адбыліся па віне апошніх, дык цяпер 78 % выпадкаў — наступствы няўважлівасці кіроўцаў.
Ганна БАНАДЫК, старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху УДАІ міліцыі грамадскай бяспекі МУС адзначыла, што сёлета Дзяржаўтаінспекцыя будзе працаваць па трох кірунках: прафілактыка дзіцячага траўматызму напярэдадні летніх канікул, работа з бацькамі па выхаванні адказных адносін да дзяцей у пытаннях дарожнай бяспекі і стварэнне спрыяльных умоў для дзяцей у соцыуме.
— За апошнія чатыры месяцы назіраецца зніжэнне колькасці дарожных здарэнняў з дзецьмі з 90 да 78 чалавек. Пры гэтым колькасць загінулых засталася на ўзроўні мінулага года. Нягледзячы на дзеючы закон 2015 года, які прадугледжвае перавозку дзяцей у аўтамабілі з выкарыстаннем дзіцячых утрымлівальных крэслаў, бацькі часта гэтым грэбуюць. Таму важна праводзіць прафілактычную работу не толькі з дзецьмі, але і з дарослымі. Трэба памятаць і пра тое, што з надыходам цёплай пары з'явілася небяспека з'яўлення траўмаў у дзяцей падчас язды на веласіпедах, самакатах, роліках. У Мінску за апошнія некалькі тыдняў ужо зарэгістравана тры такія выпадкі.
Ганна РЫСЯВЕЦ, начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама расказала, што ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі педагогамі праводзіцца адукацыйны комплекс для дзяцей, у розных лагерах, перынатальных цэнтрах і санаторыях расказваецца пра важнасць бяспечных паводзінаў у грамадстве, ва ўсіх установах адукацыі аддаецца вялікая ўвага бацькоўскім сходам, дзе ўздымаецца тэма бяспекі дзяцей і іх паводзінаў у соцыуме.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/peralom
[5] https://zviazda.by/be/tags/traumy
[6] https://zviazda.by/be/tags/kanikuly