У Пружанах прайшоў VІІ абласны фестываль фальклорнага мастацтва «Радавод». Карэспандэнт «Звязды» на два дні акунулася ў атмасферу народнага свята — вучылася ткаць, танчыла «Обэрэка» пад дажджом і збірала старадаўнія рэцэпты бабулінай смакаты.
Сонца яшчэ не ўзнялося над трохпавярховікамі ў цэнтры Пружан, а на плошчу перад Палацам культуры ўжо не праціснуцца. Яна гудзе і варушыцца, быццам вулей. Толькі замест пчол — дзеці ў нацыянальных строях, якія з'ехаліся сюды з усіх куткоў Брэстчыны.
— Абудзім гэты горад? — бадзёра пытаецца нехта ў мікрафон.
Натоўп у адказ суцішваецца на імгненне, а пасля тысячагалоссем зацягвае старажытную абрадавую песню: «А мы просо сіялы, сіялы. Зеленая наша дуброва, дуброва...»
Неарганізаваная на першы погляд людская плынь нечакана разбіваецца на дзясяткі карагодаў, якія пачынаюць круціцца ў розныя бакі з рознай хуткасцю. Паступова абрад перацякае ў грандыёзнае шэсце па адной з цэнтральных вуліц горада. Ад такога відовішча і матываў, якія сыходзяць каранямі ў дахрысціянскія часы, дух перахоплівае. Хараство!
Сябе паказаць, на людзей паглядзець
Калі вы ніколі не чулі пра «Радавод», то я вам шчыра спачуваю і настойліва раю не прапусціць яго ў будучым. Чым жа гэты фальклорны фестываль адрозніваецца ад усіх астатніх? Удзельнікі — дзеці і моладзь, якія ў майстэрстве народных спеваў і танцаў часам пераўзыходзяць нават дарослых. Да таго ж канцэртныя праграмы тут заўжды разбаўленыя навуковымі, рамеснымі і кулінарнымі. Асалоду атрымлівае не толькі душа, але і галава са страўнікам! Што важна — фестываль цалкам пазбаўлены камерцыйнасці.
Даведка
«Радавод» з'явіўся ў 2004 годзе і праводзіцца з перыядычнасцю раз у тры гады.
Аўтар праекта — Вера Волкава. Пад эгідай фестывалю ладзяцца занальныя агляды фальклорнай творчасці дзяцей і моладзі, семінары-практыкумы і майстар-класы, у якіх удзельнічае больш за 20 тысяч чалавек. На фінальныя мерапрыемствы адбіраецца толькі тысяча лепшых музыкантаў, вакалістаў, танцораў і майстроў Брэстчыны, а таксама запрашаюцца замежныя госці. Месца правядзення «Радаводу» кожны раз мяняецца: фестываль ужо прымалі Брэст, Іванава, Кобрын.
Сёлета месцам правядзення «Радавода» абралі Пружаны. Па-першае, гэта малая радзіма знакамітага дырыжора, кампазітара, фалькларыста і этнографа Рыгора Шырмы. Па-другое, тут ёсць шыкоўная сядзіба ХІХ стагоддзя, якую мясцовыя завуць «палацыкам». Менавіта яна стала цэнтрам прыцягнення для маладых аматараў фальклору. Перад будынкам пад векавымі ліпамі і дубамі разгарнуўся «Горад майстроў», куды і трапілі ўдзельнікі фестывалю пасля шэсця па горадзе. Надзвычай прыемна было ўбачыць у гэтым самым «горадзе» выключна сапраўдных майстроў. Усе даўно прызвычаіліся, што шматлікія фэсты з ухілам на аўтэнтыку запаланілі прадаўцы штампаваных імпартных тавараў. Здаецца, там гандлююць усім, акрамя рэальных вырабаў ручной работы ад мясцовых майстроў. «Радавод» у гэтым плане зрабіў мудра — запрасілі рамеснікаў не для таго, каб гандляваць, а для таго, каб правесці майстар-класы для ўсіх ахвотных. Хочаш — вышывай, хочаш — сядай за ганчарнае кола, хочаш — распісвай яйкі воскам.
Вось выхаванцы Малоткавіцкай сярэдняй школы (Пінскі раён) сядзяць за кроснамі і заклікаюць народ ткаць пярэсценькія палавічкі. Пружанскія дзеці плятуць саламяныя коскі, якія праз некалькі гадзін можна будзе сабраць у капелюшы для танцораў. Мой погляд чапляецца за распісныя гліняныя фігуркі.
— Гэта работы вучняў Ланской школы Маларыцкага раёна. Яны ў сябе гліну капаюць і лепяць з яе вось такіх беларусікаў. Асаблівасць — гатовыя фігуры агнём не абпальваюць, а даюць высахнуць натуральна. Таму фарбы на іх добра кладуцца, — тлумачаць прадстаўнікі Маларыты.
Заўважаю яшчэ адзін цуд — драўляныя клубніцы. Здагадацца, адкуль яны, нескладана. «Лунінецкі раён — клубнічны край, а яшчэ месца, дзе жывуць адны з найлепшых разбяроў па дрэве», — зазначае педагог Сяргей Гнедзька, пакуль яго вучні засяроджана паказваюць астатнім, як трэба працаваць лобзікам. Хлопцы абяцаюць, што да канца «Радаводу» будзе гатовы цэлы набор драўляных лыжак.
Самым маленькім удзельнікам фестывалю інструмент у рукі не даюць, але яны на гэты конт не перажываюць: іх не адарваць ад «скрыні з цудамі» — батлейкі, за якой хаваюцца вучні сярэдняй школы № 18 горада Пінска. «Старажытны тэатр з'явіўся ў нас дзякуючы настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Дзеці і іх бацькі сваімі рукамі змайстравалі батлейку і пашылі лялек. А спецыяльна да «Радаводу» выхаванцы тэатральнага гуртка паставілі класічную п'есу «Цар Ірад». Яна не страчвае актуальнасці і заўсёды цікавая гледачам», — расказаў акцёр Андрэй Дзмітрычэнка, які выкладае тэатральнае майстэрства ў 18-й школе.
Cлова эксперту
Наталля Матыліцкая, фалькларыст, спявачка, старшы выкладчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ, член журы фестывалю:
— Сёння ў вясковых ДК мы назіраем такую карціну: дзясятак жанчын і адзін гарманіст. А душа просіць танца, таму нашыя кабеты і вымушаныя скакаць польку без кавалераў. Гэта ненармальна! У дарэвалюцыйны час усе мужчыны ўмелі і спяваць, і танцаваць. Не саромеліся, а наадварот, імкнуліся сябе паказаць. Бо як не здольны да танцаў, то ні адна дзяўчына за цябе замуж не пойдзе. А цяпер? Калі хто песню зацягне, навакольныя думаюць, што чалавек гарэлкі перабраў... Успрыманне спеваў, на жаль, перавярнулася на 180 градусаў: цяпер мы іх быццам саромеемся. А між іншым, Рыгор Шырма казаў, што песня — душа народа. Хто спявае, у таго душа жывая і здаровая...
Смачны майстар-клас разгарнулі паненкі з Высокага. Іх у «Горадзе майстроў» знаходжу па салодкім водары свежага печыва.
— Падыходзь, не саромейся! Галоднай не адпусцім, — клічуць да стала дзяўчаты і частуюць румянай булачкай: — «Бусню, бусню, на тобі галёпу, дай мне жыта копу», — кажуць у нас, калі пякуць такія прысмакі на Дабравешчанне. Рэцэпт даць?
Не ляжы на пячы ды не псуй кірпічы...
— ...Разам з намі заспявай, на гармошцы заіграй! — рэха ляціць па старым парку за сядзібай. Выступленні ансамбляў, гуртоў, аркестраў і вакалістаў разгарнуліся адначасова на пяці (!) пляцоўках горада. Усё ж галоўныя на фальклорным фестывалі — песня і танец. Яны панавалі паўсюль, і іх не змог спыніць нават раптоўны лівень. Уявіце карціну: неба шчодра палівае вышытыя кашулі і саламяныя капелюшы, але дзеці гэтага не заўважаюць — крочаць па лужынах з песнямі, яшчэ ў барабан пастукваюць!
— Адкуль такія галасістыя? — пытаюся ў хлопчыка з канапушкамі, які ад душы зацягвае куплеты пра каханне на адной з прыбужскіх гаворак.
— Хаціслаўскія мы! — з гонарам выкрыквае спявак, весела адскокваючы.
Удзельнікі фестывалю — пераважна школьнікі. Прычым тут на роўных выступаюць як першакласнікі, так і выпускнікі. Напрыклад, ва ўзорны фальклорны ансамбль «Сунічка» (вёска Вулька-1, Лунінецкі раён) дзеці трапляюць амаль адразу, як прыходзяць у школу.
— Гэта не рана, наадварот, вельмі арганічна. Менавіта ў такім узросце трэба закладваць падмуркі любові да сваёй культуры — бабуліных спеваў, да матчынай вышыўкі і дзедавых найгрышаў на гармоніку. Спознішся на год-другі — і ўсё, не зможаш зацікавіць дзіця «Крыжачком» і ігрой на дровах. Асабліва ў імклівы час гаджэтаў і камп'ютарных гульняў, — разважае кіраўнік ансамбля Уладзімір Калянковіч. — Наш калектыў існуе з канца 80-х гадоў, і мы ганарымся, што нават самыя першыя выпускнікі «Сунічкі» зараз памятаюць, як трэба танчыць «Падэспань» і могуць заспяваць мясцовыя прыпеўкі.
Дарэчы, пра песні. Калі трапляеш на канцэрты «Радаводу», то ўзнікае пачуццё, што чуеш дзясяткі розных моў — настолькі адрозніваюцца паміж сабой гаворкі Брэсцкай вобласці. Разам з тым кожную з іх ты разумееш.
Сустракаюцца на фестывалі і «фальклорныя перліны» — песні і танцы, уласцівыя толькі адной асобна ўзятай мясцовасці. Як у вёсцы Лунін Лунінецкага раёна:
— У нас у сэлі такі обычай. Пока цісто на вясельны коровай подыходзіць, то трэба танец з лучынкамі протонцоваці, а потом гэтыя лучынкі мацеры одаці, коб вона імі дрова в пэчы ростопіла. Як маці цісто расчыняла, то под дзіжэчку грошы клала. А як вона яго мэсіла, то ў Бога молодым шчасця, добрай долі просіла. А як рукі вымывала, то воду под вішэньку вылівала, коб вішэнькі хорошо родзіліса, а молодыя жылі да любіліса!
«Радавод», хоць і застаецца намінальна абласным фестывалем, даўно набыў славу міжнароднага. Яго немагчыма ўявіць без замежных гасцей — дзіцячых фальклорных калектываў іншых славянскіх краін. Сёлета паказаць сябе прыехалі палякі з Падляшша, расіяне з Волагды і сербы з горада Топола і вёскі Дрэнавац.
— Мы тут не ўпершыню. Не маглі прапусціць шыкоўны фестываль, які аб'ядноўвае столькі дзяцей, — расказаў мастацкі кіраўнік сербскага ансамбля «Опленец» Міраслаў Благаевіч. — Фальклор — гэта не пра адукацыю і магчымасці. Гэта пра талент і шчырую цікавасць да сваёй нацыянальнай культуры. Я ўсё жыццё прысвяціў медыцыне, але гэта ніколі не перашкаджала мне займацца народнымі танцамі і спевамі, прывіць любоў да іх свайму сыну і ўнуку. Я бачу, што беларусы таксама «гараць» фальклорнай тэмай. Гэта нас збліжае.
Па традыцыі, фінальную кропку на фестывалі паставіў конкурс традыцыйных бытавых танцаў. Пераможцамі сёлета сталі выхаванцы сярэдняй школы № 13 г. Баранавічы і СШ № 2 г. Століна. Аднак сутнасць нават не ў тым, хто стане першым. Хоць конкурс і нагадвае чымсьці спартыўнае спаборніцтва, паколькі праходзіць этапна (ад 1/8 да фіналу), а пары змагаюцца за званне лепшых у чатырох узроставых катэгорыях. Цікавасць у тым, што кананічнага выканання таго ці іншага танца не існуе — удзельнікі паказваюць, як скакалі на вячорках менавіта ў іх мясцовасці. «Базар», «Каханачка», «Мяцеліца», «Ойра», «Какетка», «Зайчыкі», «Кракавяк», «Обэрак», «Ночка»... Ёсць яшчэ незвычайны танец, які мае адразу чатыры назвы — «Лысы», «Надзя», «Карапет» і «Зялёная рошча». Адным словам, не полькай адзінай могуць пахваліцца беларусы!
Ганна КУРАК
Фота аўтара
Мінск — Пружаны — Мінск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-kurak
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya-i-kultura-belarusi
[5] https://zviazda.by/be/tags/radavod