Першая ў Беларусі канферэнцыя для моладзі TedxYouth@Minsk, што адбылася 18 мая ў Prime Hall, стала яркім і лагічным завяршэннем маштабнага сацыяльна-адукацыйнага праекта [4] velcom YOUTH, які ладзіўся пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Там некалькі сотняў гледачоў з асаблівай увагай слухалі, хто такі Станіслаў Шабунеўскі, як зрабіць горад, у якім нічога не адбываецца, брэндам, дзівіліся з доследаў школьнай лабараторыі, назіралі за сапраўдным робатам для заняткаў фізікай, а таксама натхняліся рашэннямі ўдзельнікаў змяніць свет.
На працягу дзевяці месяцаў зацікаўленыя назіралі за нараджэннем, афармленнем і ажыццяўленнем непаўторных ідэй, а таксама развіццём і станаўленнем будучых аратараў і вынаходцаў, тых старшакласнікаў, што сталі часткай праекту і дайшлі да самага канца. У сімвалічным чырвоным крузе TEDxYouth@Minsk [5] апынуліся 10 самых яркіх і таленавітых удзельнікаў. Яны пастараліся не толькі ажыццявіць свае думкі, але разам з ментарамі рыхтаваліся стаць сапраўднымі майстрамі слова. За іх выступленнямі назіралі не толькі непасрэдна з залы, але і на відэасервісе VOKA ад velcom | A1, і не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце.
Ці змаглі ўсё ж такі хлопцы і дзяўчаты зрабіць свет лепш, а галоўнае, хто перамог у нялёгкай барацьбе і атрымаў шанец наведаць сапраўдную аўстрыйскую канферэнцыю TEDx?
Ці памятаеце вы, хто такі Канстанцін Міцкевіч? Калі адбылася Грунвальдская бітва? А які горад называюць беларускай Швейцарыяй? Крысціна Байко, адзінаццацікласніца сталічнай гімназіі №16, не проста ведае адказы на гэтыя пытанні. Яна ўпэўнена: завучыць тысячы дат, імён і падзей можа быць не толькі лёгка, але і цікава. Бо «гэта веданне сваіх каранёў, разуменне сваёй культурнай ідэнтычнасці». Варта толькі ведаць чатыры закона памяці.
Гэтыя законы леглі ў аснову праекта адзінаццацікласніцы – уласнага інтэрактыўнага гіда па актуальных турыстычных маршрутах беларускай сталіцы для падлеткаў з іншых гарадоў і краін.
– Да нас па абмену прыехала дзяўчына з Галандыі, – успамінае вучаніца. – І па дарозе ад вакзала да дому распытвала пра ўсё, што бачыла. «А што гэта за пабудова? А колькі гадоў гэтаму парку? А як вам удалося захаваць такі старадаўні экалагічны від транспарту як трамвай?». Тады Крысціна і зразумела, што мала ведае пра свой горад. У яе з’явілася сапраўдная матывацыя. У будучым дзяўчына з камандай паспрабуе зрабіць сайт, на якім размесціцца карта Беларусі з відэавізіткамі для кожнага населенага пункта, якія створаць самі вучні. Мэта адзінаццацікласніцы – вывесці навучанне за межы падручніка, класа і школы, зрабіць яго жывым, бо «вучыць гісторыю па кнігах, тое ж самае, што чалавека па малюнках з раздзелу «Анатомія».
Даказала дзесяцікласніца жодзінскай гімназіі №1 Анастасія Шор на прыкладзе сваёй роднай мясціны. «Завод БелАЗ – сапраўды гонар нашага горада, і толькі тут вы маеце магчымасць сфоткацца ў вялізным аўтамабільным коле, якое вышэй за чалавека, і зможаце пакатацца на машыне памерам з трохпавярховы дом. Толькі тут, у Жодзіна» – кажа яна. Менавіта апошняя фраза і стала слэнгам у праекце дзяўчыны. Жаданне школьніцы – паказаць унікальнасць сваёй радзімы, матываваць жыхароў Беларусі разгледзець асаблівасці і адметнасці іх мясцін.
Для таго, каб вылучыць Жодзіна, Насця ўзяла на сябе смеласць зрабіць лагатып. Яна спытала жыхароў, з чым асацыіруецца горад, і адабрала найбольш часта ўзгадваемыя словы: спорт, магутнасць, БелАЗ, сіла. А пасля прыцягнула некалькіх дызайнераў у дапамогу, каб сумясціць галоўныя характарыстыкі. У выніку, пасля доўгіх шуканняў выявы, шрыфта, колеру – атрымалася ажыццявіць задуманае. На намаляваным умоўным жоўтым коле БелАЗа размяшчаецца надпіс – «Толькі тут, Жодзіна», а побач – чырвоны значок геалакацыі. Асноўны жоўты колер – сімвал не толькі грамаднай машыны, але і спартыўнага футбольнага клуба «Тарпеда». Лагатып, лічыць Насця, можна ляпіць куды заўгодна. На сподкі, торбы, адзенне…
Уразіў гледачоў і сарваў неверагодныя воплескі дзесяцікласнік сярэдняй школы №3 г. Вілейкі Мікіта Абрамчук. Проста чытаць у падручніках па фізіцы і хіміі пра працэсы з’явы – не толькі нецікава, але і незразумела. А вось наглядная дэманстрацыя прывабіць не толькі старэйшых вучняў, але і тых, каму яшчэ доўга чакаць вывучэння прадметаў – трэцякласнікаў, чацвёртакласнікаў. Бо з дапамогай Мікітавага чараўніцтва, вада становіцца фіялетавай, а пасля – зноў празрыстай! У першым выпадку, вядома, дапамагла марганцоўка, а ў другім… звычайны перакіс вадароду. Пасля і вялізная формула становіцца больш зразумелай… А чаму паветраны шар пад яго пальцам праз некалькі секунд лопаецца? Дзіва дзіўнае! Аказваецца, што палец, што быў змочаны ў эфірным алеі, раз’ядае гуму.
Мікіта марыць, каб такія доследы праводзіліся ва ўсіх кутках нашай краіны. Сам ён робіць гэтыя інтэрактыўныя ўрокі з «навуковымі фокусамі» для школ і інтэрнатаў для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, дзе ўсе цалкам уліваюцца ў працэс.
Ацэньвалі праекты эксперты ў сферах культуры, тэхналогій і інклюзіі, майстры публічных прамоў, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і арганізацыйнага камітэта праекта.
Найвялікшая ўвага журы і гледачоў была аддадзена тром старшакласнікам, якія сталі шчасліўчыкамі-пераможцамі праекта: Ілью Баркоўскаму, што аднойчы ўбачыў палову партрэта архітэктара Станіслава Шабунеўскага на сцяне гомельскага збудавання і вырашыў зрабіць турыстычную інфраструктуру, Паліне Мураевай, якая ўпэўнена, што мастацтва і арт-прастора даступная інклюзіўнаму грамадству і Цімафею Стамброўскаму, што лёгка можа прыручыць [6] робата і з яго дапамогай патлумачыць фізіку. Яны не проста агучылі свае задумкі, а менавіта ажыццявілі іх, прывабілі вялікую аўдыторыю, заручыліся падтрымкай мясцовых улад, набралі каманду. І гатовыя скараць новыя вяршыні.
Пра іншыя праекты ўдзельнікаў, можна прачытаць [7] у ранейшых публікацыях “Звязды”, а таксама на афіцыйным сайце [8] конкурса.
Моцна нацягнутыя струны нерваў нарэшце расслабіліся. Прагучалі апошнія словы арганізатараў, ментараў, удзельнікаў. Кожны фіналіст атрымаў прыемную і карысную ўзнагароду – Iphone Xs. А траім пераможцам – уручылі сертыфікат на паездку на сапраўдную канферэнцыю TEDx у Аўстрыю.
Аднак у хлопцаў і дзяўчат засталіся не толькі падарункі і прыемныя ўспаміны, але і ідэі, праекты, гатовыя да далейшай распрацоўкі. А яшчэ вера ў сябе і свае магчымасці.
Сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH праводзіцца кампаніяй velcom | A1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Яго адметнай асаблівасцю з’яўляецца тое, што ўся камунікацыя ад падачы заяўкі да фінальнага выступу на сцэне адбываецца на беларускай мове.
Юлія АДАМОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yuliya-adamovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] http://zviazda.by/be/news/20181019/1539947044-ci-gatovy-ty-zmyanic-svet-zrabi-geta-na-move
[5] https://www.youtube.com/watch?v=SjiGeT-Rln0&feature=youtu.be
[6] http://zviazda.by/be/news/20190109/1547051043-slucki-shkolnik-prydumau-mabilnae-prykladanne-dlya-vyvuchennya-fiziki
[7] http://zviazda.by/be/news/20190313/1552471004-vyznachylisya-finalisty-belaruskamounaga-praekta-velcom-youth
[8] https://velcom-youth.by/
[9] https://zviazda.by/be/tags/velcom-youth
[10] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[11] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-adukacyi
[12] https://zviazda.by/be/tags/praekt