Сакаліны — адзіны спецыялізаваны заказнік па захаванні сокала-пустальгі ў Беларусі. Магчыма, адзіны ў Еўропе — у іншых краінах гэтая птушка любіць сяліцца на дамах.
Стварэнне заказніка ініцыявалі мясцовыя жыхары, ім нават даводзілася супрацьстаяць вырубцы дрэў у любімым парку, дзе гняздуюцца рэдкія птушкі. Але гэтая тэрыторыя нікім фінансава не падтрымліваецца, і, каб вырашаць пэўныя праблемы, якія звязаны з яе аховай, грамадская арганізацыя «Цэнтр экалагічнага выхавання і развіцця» і Мачулішчанскі пасялковы выканкам запусцілі ўнікальны праект «Мачулішчы: экасупольнасць людзей, сокалаў і соснаў». Каб сабраць і актывізаваць мясцовае насельніцтва, якое будзе дапамагаць захоўваць гэтую тэрыторыю, вырашана было стварыць экасцежку. Падчас падарожжаў па ёй у пэўныя дні (канец сакавіка — пачатак красавіка) вы без праблем убачыце рэдкіх птушак. А калі далучыцца да актывістаў, можна нават паўдзельнічаць у майстар-класах па пляценні кошыкаў — гнёздаў для сокалаў — альбо да кампаній па барацьбе з інвазійнымі раслінамі і пасадцы чырванакніжнікаў. І, як заўважыў кіраўнік праекта Руслан Шайкін, новая экасцежка закрывае патрэбы ўстаноў адукацыі, сюды з задавальненнем прыходзяць школьнікі.
Гэты праект рэалізаваны дзякуючы падтрымцы Еўрапейскай асацыяцыі мясцовай дэмакратыі — ALDA і грамадскаму аб'яднанню «Фонд імя Льва Сапегі» ў межах праграмы «ТАНДЭМ ІV» .
* * *
Мясцовы фонд развіцця «Старт-Усход» (Магілёўская вобласць, Краснапольскі раён, в. Брылёўка) і Краснапольскі раённы савет дэпутатаў змаглі выйграць грант на стварэнне «Экатура ў «Шангры-Ла». Гэты турыстычны маршрут будзе цікавы аматарам рэдкіх раслін — у вёсцы Брылёўка яны змогуць пабачыць унікальны дэндрапарк, створаны рукамі аматара Івана Зотава. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў ён прывозіў на малую радзіму расліны з розных мясцін і садзіў спачатку на ўласным участку, а пасля і за яго межамі. На тэрыторыі каля дзесяці гектараў прыжылася і акліматызавалася 77 відаў экзатычных раслін. На жаль, Івану Ізотавічу ўжо цяжка даглядаць сад, і на дапамогу яму прыйшлі мясцовыя школьнікі. За грошы, атрыманыя ў межах праекта, удалося паставіць агароджу, альтанку і размясціць побач з рэдкімі раслінамі інфармацыйныя таблічкі.
* * *
У заказніку «Азёры» была адкрыта экалагічная сэнсарная сцежка. Гэты маршрут адаптаваны пад людзей з парушэннямі зроку — абапал размешчаны вяровачныя поручні, дзякуючы чаму людзі нават са страчаным зрокам могуць перамяшчацца самастойна.
Падчас такога падарожжа госці заўважаць, што сцежка пакрытая рознымі матэрыяламі. Пясок і дробны камень змяняюць дранка, бярвёны, шышкі. На інфармацыйных стэндах наведвальнікі могуць дакрануцца да спілаў розных парод дрэў, узораў галінак і шышак, а таксама адчуць пах розных раслін. А каб напоўніць сцежку гукамі, тут развешаны дамкі для птушак.
Закуплены аўдыягіды і абсталяванне, каб друкаваць буклеты для людзей, якія маюць праблемы са зрокам. Спецыялісты заказніка прайшлі навучанне пра асаблівасці працы з гэтымі групамі. Таксама тут праводзіліся заняткі для будучых гідаў з парушэннямі зроку. Чаму б тым, хто слаба бачыць, не праводзіць экскурсіі для людзей з татальнай стратай зроку?
* * *
Смаргонскі мясцовы дабрачынны фонд «Паўночныя Афіны М. К. Агінскага» ў супрацоўніцтве з Залескім сельскім Саветам распрацаваў веламаршрут «Невядомая вайна вачыма нашчадкаў», падчас якога моладзь зможа больш даведацца пра Першую сусветную вайну. Так, менавіта на Смаргоншчыне была ўпершыню выкарыстана хімічная зброя. У памяць пра ўсіх, хто загінуў у той вайне, мясцовыя жыхары разам са школьнікамі пасадзілі сквер. Трэба сказаць, што гэты праект, таксама рэалізаваны ў межах праграмы «ТАНДЭМ ІV», меў яшчэ адну мэту — праз рэалізацыю мерапрыемстваў у галіне культурнай і гістарычнай спадчыны развіваць маладзёжнае самакіраванне.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zakaznik-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/pryroda
[5] https://zviazda.by/be/tags/ptushki
[6] https://zviazda.by/be/tags/marshruty
[7] https://zviazda.by/be/tags/turyzm