У Беларусі поўнасцю знята забарона на наведванне ўгоддзяў. Пасля працяглых ападкаў сітуацыя ў лясным фондзе стабілізавалася, паведамілі ў прэс-службе Мінлясгаса.
Там нагадалі, што рашэнні па ўвядзенні і зняцці забароны на наведванне лясоў прымаюцца мясцовымі органамі ўлады па хадайніцтве лесагаспадарчых устаноў або раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях. Меры абмежавальнага характару ўводзяцца ў выпадку ўстанаўлення высокага класа пажарнай небяспекі.
З пачатку года ў Беларусі зафіксавана каля 330 лясных пажараў на агульнай плошчы 2,4 тысячы гектараў. Найбольшая іх колькасць адбылася ў лясгасах Брэсцкай вобласці (130 выпадкаў на 866 гектарах, без уліку плошчы пажару ў Палескім лясгасе) і Гродзенскай вобласці (37 выпадкаў на 820 гектарах).
Мінулы красавік у Беларусі быў самым сухім за апошнія 75 гадоў. За гэты месяц у сярэднім па краіне выпала 7 мм ападкаў, што складае 18,2 % кліматычнай нормы. Сярэдняя тэмпература паветра па краіне ў красавіку склала плюс 8,8 градуса, што на 1,5 градуса вышэй за кліматычную норму. Высокая пажарная небяспека была абумоўлена засушлівым і ветраным надвор'ем. Акрамя таго, некалькі лясных пажараў прыйшлі з Украіны, у тым ліку той, што бушаваў на Альманскіх балотах. У пачатку мая ў Беларусі ўстанавілася дажджлівае надвор'е, у сувязі з чым становішча ў лясах стала больш спрыяльным.
Міністэрства лясной гаспадаркі ініцыявала поўнае зняцце забарон на наведванне лясоў. Мясцовыя органы ўлады прымалі такія рашэнні па меры стабілізацыі пажаранебяспечнай абстаноўкі.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/zabarona-na-navedvanne-lyasou
[2] https://zviazda.by/be/tags/minlyasgas