Летам бягучага года 6,2 тыс. аздараўленчых лагераў розных форм адкрыюць свае дзверы для дзяцей па ўсёй Беларусі. Аб гэтым паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык, піша [1] БЕЛТА.
"У летні перыяд 2019 года плануецца арганізаваць работу 6,2 тыс. аздараўленчых лагераў (у 2018-м было 5885), з іх каля 1,7 тыс. - з кругласутачным знаходжаннем і 4,5 тыс. - з дзённым знаходжаннем дзяцей. Ахоп аздараўленнем плануецца на ўзроўні мінулага года - 36,1 працэнта", - сказаў Эдуард Тамільчык.
У лагерах усіх тыпаў змогуць аздаравіцца больш за 388 тыс. дзяцей, з іх 222,5 тыс. - у лагерах з дзённым знаходжаннем, 165,5 тыс. - з кругласутачным. План аздараўлення летам у бягучым годзе павялічаны амаль на 20 тыс. чалавек.
У аздараўленчых лагерах працы і адпачынку цікава і з карысцю правядуць час 14 тыс. непаўналетніх.
Прафарыентацыю і практыка-арыентаванае навучанне моладзі ў летні сезон можна цудоўна сумяшчаць з аздараўленнем, для чаго ў Беларусі развіваюць дзейнасць профільныя лагеры для высокаматываваных дзяцей, напрыклад для юных археолагаў, тэхнікаў, эколагаў.
Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца рэалізацыі праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па напрамках: мастацкі, тэхнічны, турыстычна-краязнаўчы, спартыўны і інш.
Папулярная ў дзяцей і такая форма аздараўлення старшакласнікаў, як профільныя палатачныя лагеры - не толькі абаронна-спартыўнага профілю, але і лінгвістычнага, лідарскага, валанцёрскага і іншых. "Тут апраўдаў сябе такі механізм, як "лагер у лагеры", калі палаткі размяшчаюцца на тэрыторыі стацыянарных лагераў, што дае магчымасць знізіць затраты на стварэнне інфраструктуры", - рэзюмаваў Эдуард Тамільчык.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/v-belarusi-letom-budut-rabotat-62-tys-ozdorovitelnyh-detskih-lagerej-347241-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[3] https://zviazda.by/be/tags/azdaraulenchy-lager
[4] https://zviazda.by/be/tags/lager