Звяно з чатырох штурмавікоў Як-130 дапоўніла на выхадных авіяцыйную эскадрыллю з 12 крылатых машын 116-й штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе. Першыя вучэбна-баявыя самалёты тут атрымалі яшчэ чатыры гады таму. За гэты час тэхнікі і лётчыкі дасканала асвоілі ўнікальныя магчымасці машыны, якая ва ўмелых руках можа быць як карысным памочнікам, так і небяспечнай зброяй. А якія піруэты здольны рабіць у небе што сапраўдны самалёт, што яго сімулятар... гэта трэба ўбачыць. Што і паспяшаліся зрабіць карэспандэнты «Звязды».
Хто ў самалёце гаспадар
Авіяцыйная тэхніка савецкага парка старэе, і падтрымліваць яе ў баяздольным стане ўсё больш складана, таму ў межах канцэпцыі будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2020 года і былі закуплены шматфункцыянальныя самалёты Як-130, зазначыў міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ:
— Як трэніровачны сродак ён дазваляе рыхтаваць лётчыкаў, прычым і на тыя машыны, што плануюцца да закупкі, — Су-30СМ. А як баявая машына — здольны ўзняць на сабе да трох тон баявой нагрузкі. Наш цяперашні штурмавік Су-25 бярэ з сабою да чатырох тон узбраення. А па іншых характарыстыках, у тым ліку спектр узбраення і эфектыўнасці дзеяння ў баі, Як-130 — практычна аналаг Су-25.
Мінабароны не толькі набывае новую, але і мадэрнізуе тэхніку, якой карыстаюцца ў войсках, у прыватнасці танкі Т-72. Сёлета Узброеныя Сілы атрымаюць радыёлакацыйную станцыю «Сопка» і пятую станцыю «Праціўнік-Г», што важна для разведкі паветранай прасторы.
— Гэтыя самалёты — адны з найлепшых у сваім класе авіяцыйнай тэхнікі. Лётны інжынерна-тэхнічны склад дасканала засвоіў унікальныя самалёты, якія значна пашырылі магчымасці для падрыхтоўкі лётнага складу. Мы заўжды на ўзроўні выканаем усе пастаўленыя задачы, — запэўніў камандзір 116-й штурмавой авіяцыйнай базы, гвардыі палкоўнік Аляксандр КРЫВЕЦ.
На ўзбраенне новую тэхніку прымалі ва ўрачыстай атмасферы. Чатыры Як-130 з бартавымі нумарамі 79, 80, 81 і 82 займелі новых гаспадароў — тэхнікаў, якія цяпер будуць адказваць за бяспеку пілота ў кабіне і працаздольнасць крылатай машыны.
Уручаючы тэхнікам фармуляры на замацаваную за імі тэхніку, міністр абароны выказаў пажаданне, каб усё, што датычыцца гэтых самалётаў, адбывалася толькі ў штатнай сітуацыі:
— Упэўнены, што навыкі, якія мае лётны склад, будуць здзяйсняцца для павышэння іх майстэрства і аховы мірнага неба над нашай краінай. Міністэрства абароны зробіць усё, каб новая тэхніка паступала ў войскі, а тая, што маецца на ўзбраенні, мадэрнізавалася. Каб баявыя магчымасці Узброеных сіл узмацняліся і служылі для міру.
Фармуляр самалёта — яго пашпарт — гэта тоўстая кніга больш як у 800 аркушаў, дзе будзе ўпісвацца кожны рух штурмавіка: колькі ён налётаў, якія работы на ім праводзілі. І рабіць гэта будзе тэхнік. За гвардыі старшым лейтэнантам, старшым авіяцыйным тэхнікам самалёта Юрыем ПАДРЭЗАВЫМ, напрыклад, цяпер замацаваны Як-130 з бартавым нумарам 79.
— Я адказваю за ўсе віды падрыхтовак на самалёце, правядзенне рэгламентных і іншых часовых работ. У маіх руках жыццё пілота і працаздольнасць машыны. Розныя пілоты прыходзяць на розныя барты, а тэхнік застаецца пастаянна, — кажа Юрый Падрэзаў. — На працягу ўсёй службы гэта будзе мой самалёт.
Вышэйшы пілатаж, святая вада і «ўжык»
Протаіерэй Расціслаў ЛЕМАЧКО, настаяцель храма Святога благавернага князя Аляксандра Неўскага, што ў Лідзе, правёў абрад чынаасвячэння новых машын. Акрапіўшы святой вадой не толькі барты новых машын, але і іх тэхнікаў, свяшчэннік перадаў камандаванню авіябазы ікону святога архангела Міхаіла, які быў заступнікам першай рускай авіяшколы, якая адкрылася 107 гадоў таму назад.
— Цяперашнія лётчыкі і ваенныя ўсіх постсавецкіх краін — гэта нашчадкі той школы, — заўважыў ён. — У асвячэнні любой зброі ёсць вельмі важны момант. Мы просім, каб Бог дапамагаў не мячу, самалёту ці гармаце, а таму чалавеку, які будзе выкарыстоўваць гэтую зброю. Каб даў яму мужнасць, цярпенне, вытрымку. Каб ён, трымаючы зброю, быў абаронцам міру, шчасця, родных, Айчыны. Добра, што ў нас не страляюць, але армія нам патрэбна і ў мірныя часы. Мы молімся, каб кожны з вас быў гарантам міру, клопату, міласэрнасці, любові. Каб гэтыя прынцыпы былі самымі важнымі ў нашым грамадстве і краіне.
Каб не толькі словам, але і справай пацвердзіць магчымасці самалёта, Алег АЛЕЙНІК, начальнік штаба — першы намеснік камандзіра 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы, гвардыі палкоўнік паказаў вышэйшы пілатаж на вялікай і малой вышыні.
Не трэба дасканала разбірацца ў фігурах, каб адразу пазнаць пятлю, якую лётчык «завязаў» у небе, ці заўважыць, як самалёт круціць «бочку»... Думаць пра адчуванні пілота, гледзячы, на Як-130, які дае то нырца, то ўздымаецца ўгору так, што не выглядае большым за бусла, не хацелася. Вытрымаць такія нагрузкі могуць толькі падрыхтаваныя.
А яшчэ гэтае неверагоднае несупадзенне руху і гуку па часе... Машына ўжо пранеслася міма, а роў матораў яшчэ толькі пачынае да вас даходзіць. Карыстаючыся гэтым, лётчыкі любяць пажартаваць. Як яны кажуць, «ужыкнуць».
— На нізкай вышыні ў цемры самалёт амаль непрыметны. І падчас вучэнняў ён з'яўляецца настолькі раптоўна, што над тымі, хто сядзіць у акопе, толькі цень мільгане, а пасля накрывае гукам, — аж прысядаеш, — смяецца Андрэй ХРАПТОВІЧ, старшы афіцэр упраўлення ідэалагічнай работы камандавання ВУС і войскаў СПА.
Ён растлумачыў, што лётчыкі даюць інтэрв'ю толькі пасля палёту, каб ні на што не адцягваць увагу да выканання задання. Сапраўды, неўзабаве прыгажун-штурмавік апошні раз пранёсся нізка над галовамі прысутных, заруліў на паласу і акуратна «запаркаваўся» сярод іншых самалётаў. Перш чым выпусціць пілота з кабіны, яму мераюць ціск, а на самім самалёце нешта правяраюць, мацаюць, глядзяць... Як расказаў Алег Алейнік, акрамя фігур вышэйшага пілатажу і палёту на малой вышыні, ён за гэтыя некалькі хвілін авіяшоу выканаў таксама просты пілатаж на гранічна малой вышыні ў 25 метраў:
— Як-130 — самалёт пакалення 4+, дзе рэалізавана зверхманеўранасць. Ён круціцца практычна вакол хваста, а вуглы атакі да 26 градусаў. Менавіта на гэтай машыне маладыя лётчыкі становяцца на крыло, асвойваюць тэхніку з далейшай перспектывай на самалёты савецкага парка і сучасныя. Хапае літаральна двух-трох палётаў для асваення машыны, а далей ужо адпрацоўваеш на ім пэўныя лётныя элементы.
Адмова рухавіка, снег, ноч... Іду па прыборах
Налюбаваўшыся на сапраўдныя штурмавікі, рушылі паглядзець на іх трэнажорны аналаг, які з'явіўся на авіябазе вясной. Лётчыкі асвойваюць на ім пілатаванне, навігацыю, удзел у баях і іншыя мудрагелістасці лётнай справы.
— Уся электронная начынка і візуалізацыя ў трэнажоры поўнасцю беларускія. А карцінка, над якой «пралятае» сімулятар, адпавядае сапраўднаму ландшафту, нібыта ты ў небе, непадалёк ад лідскага аэрадрома, — расказвае Андрэй ПЛАТОНЕНКА, старшы памочнік начальніка аддзялення ідэалагічнай работы 116-й штурмавой авіябазы. — Усе краявіды замалёўваліся з натуральнага асяродку, гэта не фантазія дызайнераў. Гэта датычыцца і выяў пад аэрадромамі Мачулішчаў, Баранавіч, Бабруйска і іншых дзейных аэрадромаў, куды ў выпадку чаго можа «даляцець» самалёт-трэнажор, а пасля і штурмавік у рэальнасці. Наша задача — зрабіць так, каб гэтых «у выпадку чаго» не настала. Лётчыкі павінны быць гатовыя да абсалютна любых сітуацый.
Адмысловыя праверкі на экране для пілота стварае начальнік комплекснага трэнажора самалёта, гвардыі маёр Аляксей БЫЧКО. Калі мы ўвайшлі ў памяшканне, ён зрабіў так, каб у самалёце павысілася вібрацыя правага рухавіка.
— Гэта адпрацоўка асаблівага выпадку, — тлумачыць Аляксей Бычко. — Пілот спыніў рухавік і ідзе на пасадку з адным рухавіком. Вось ён ідзе на круг...
На экране мы бачым, што крыло самалёта нахілілася ў правы бок, і машына зніжаецца. На кожную ўведзеную «паломку» лётчык павінен адрэагаваць і знайсці выйсце.
— Чым яшчэ можна «нашкодзіць» пілоту? — пытаюся.
— Зараз прадэманструю, — пагаджаецца начальнік. — Установім воблачнасць, кучавыя воблакі, слаістыя. Зменім напрамак ветру, зробім ападкі, зменім пару года...
На экране бачнасць стала праз воблакі зусім цьмянай, пайшоў дождж, сыпануў снег і... настала ноч. Недзе ў кутку бачу поўню, астатняе — чарната. Гэта той выпадак, калі пілоты кажуць «іду па прыборах». Лётчык у самалёце знаходзіцца ў тым жа стане суцэльнай цемры. На тых занятках мы яшчэ пабачылі баявую стральбу ракетамі па наземных цэлях і як самалёт сышоў ад двух паветраных суднаў. Што казаць, уражвае!
Ірына СІДАРОК
Фота Андрэя САЗОНАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/author/andrey-sazonau
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[5] https://zviazda.by/be/tags/andrey-raukou