Вось меламаны і дачакаліся моманту ісціны: сёння ўначы мы альбо парадуемся за сябе саміх, альбо пачнём наноў спрэчкі, чаго на гэты раз не хапіла. 17 прэтэндэнтаў і толькі 10 месцаў для іх у фінале «Еўрабачання-2019». Пра беларускую спявачку ЗЕНУ, якая выступіць пад нумарам 8, тыя, каму наогул не ўсё адно, здаецца, ведаюць кожную дэталь нумара. Але і сапернікі не спяць у шапку і рыхтуюцца ўражваць, замілоўваць і эпаціраваць. Чым? Чытайце ў аглядзе «Звязды».
Кіпр, Тамта — Replay
Тамара Гадуадзе нарадзілася ў Грузіі, але вядомасць як спявачка набыла ў Грэцыі, куды пераехала з сям’ёй і дзе заняла другое месца ў шоу «Super Idol».
На «Еўрабачанні» Тамта з’явіцца ў чорных батфортах і правакацыйным паўпразрыстым купальніку, упрыгожаным дзясяткамі шкляных «ледзяшоў».
Чарнагорыя, D-moll — Heaven
Гэты вакальны гурт маладых людзей, якім ад 16 да 21 года, былы ўдзельнік «Еўрабачання-2005» Даніэль Алібабіч сабраў з вучняў школы спеваў D-moll. Іхняя песня — спалучэнне балады і RnB-стылю, пазітыўная гісторыя першага кахання і самых светлых успамінаў, якое яно пакідае на ўсё жыццё.
На сцэну калектыў выйдзе ў белых касцюмах і чырвоных шаліках — проста, але даволі элегантна, адмысловага шоу не плануецца.
Фінляндыя, Darude і Себасціян Рэйман — Look Away
Адзін з удзельнікаў дуэту — «зорка» танцавальнай музыкі, папулярны ды-джэй Даруда (Віллі Віртанен), хіт якога Standstorm ведаюць ва ўсім свеце, другі — спявак і тэлевядучы. Яны аб’ядналіся спецыяльна для конкурсу, каб пракрычаць свету пра небяспеку змянення клімату і пагаршэнне экалогіі, пра тую шыкоўную прыроду, якую мы можам страціць з-за ўласнай безадказнасці. Маляўнічыя краявіды упрыгожваюць заднік сцэны падчас выступлення Фінляндыі і ствараюць патрэбны настрой.
Польшча, Tulia — Fire of Love
Фальклорны дзявочы квартэт сярод мноства фрыкаў выглядае надзіва нармальным, хоць, мо, і традыцыйным. Але ж нацыянальныя ўборы і родная мова — пагадзіцеся, добрая традыцыя, а ўсё гэта дзяўчаты якраз прадэманструюць разам з яркім вакальным стылем.
Дарэчы, для ўдзелу ў «Еўрабачанні» з кліпа калектыву менеджары вымушаныя былі прыбраць крыж — паводле правілаў, на конкурсе забаронены не толькі палітычныя лозунгі, але і рэлігійныя сімвалы.
Славенія, Зала Краль і Гашпер Шантл — Sebi
Зала вывучае на радзіме бібліятэказнаўства і ніколі не думала, што музыка стане яе прафесіяй — проста перапявала ўлюбёныя песні пад гітару. А потым пазнаёмілася з мультыінструменталістам Гашперам, з якім яны склалі цудоўную пару — і на сцэне, і ў жыцці.
Рамантычны дуэт спявачкі і кампазітара прадстаўляе гэткую ж рамантычную гісторыю: неба, зоркі, дзве постаці ў белым... Мы праходзілі гэта дзясяткі разоў, але чаму б не паглядзець яшчэ раз.
Чэхія, Lake Malawi — Friend of a Friend
Індзі-поп гурт спявае пра сяброўства, дакладней, пра тое, што дзякуючы сваім сябрам, у якіх ёсць і іншыя сябры, кожны з нас можа пазнаёміцца з кім заўгодна — гэткае музычнае ўвасабленне тэорыі «шасці пацісканняў рук».
На сцэне ўдзельнікі калектыву нібыта знаходзяцца кожны на экране тэлефона, бадзёра спяваюць і часам падскокваюць у стылі Дзімы Білана.
Венгрыя, Йоцы Папай — Az én apám
Харызматычны цыганскі музыкант, гітарыст і акцёр ужо ўдельнічаў у шоу два гады таму, заняў у фінале 8-ае месца, але, відаць, такі вынік яго не задаволіў. Тым больш, Йоцы яшчэ ёсць што сказаць — сваю конкурсную песню ён прысвяціў любімаму бацьку, наогул сямейным стасункам і караням. «Пасыл у тым, каб любіць сёння тых, каго мы можам згубіць заўтра», — гаворыць спявак, і гэту простую мудрасць наўрад ці аспрэчыш...
Беларусь, ЗЕНА — Like It
Ну, вы ўжо ўсё ведаеце — белыя чаравікі з імем, касцюмчык у стылі «ўсе мы родам з хіп-хопа», танцоры Іслам і Міхаіл, якія будуць вырабляць акрабатычныя штукі, і правільны настрой — бачыць мэту, верыць у сябе, не заўважаць перашкод.
Сербія, Невена Бажовіч — Kruna
Дзяўчына мае ўнушальную калекцыю ўзнагарод з розных музычных конкурсаў, а таксама вопыт удзелу ў «Еўрабачанні»: у 2007 годзе — на дзіцячым, у 2013-м — на дарослым конкурсе. Яна прызнаецца, што даўно хацела паспытаць шчасця зноў, а тут і песня добрая напісалася.
На сцэне спявачка, якая, дарэчы, прысвячае песню і выступленне свайму каханаму, будзе ў гордай адзіноце, калі не лічыць намаляваныя космас і зоркі — касмічную тэму ў гэтым канцэрце наогул выкарыстоўваюць многія.
Бельгія, Эліот — Wake Up
18-гадовы студэнт з бельгійскага горада Монс стаў вядомым толькі год таму праз шоу «Голас», але ўжо набыў дастаткова ўпэўненасці ў сабе, каб прадставіць краіну на «Еўрабачанні». Ягоная песня — заклік да моладзі аб’яднацца дзеля міру ва ўсім свеце: «Мір спіць, але трэба ўжо прачнуцца, і абуджэнне мусіць быць калектыўным, а ў нашага пакалення якраз дастаткова энергіі, каб здзейсніць патрэбныя перамены».На сцэну артыст выйдзе ў дзіўным кімано і з двума барабаншчыкамі.
Грузія, Ото Немсадзе — Sul Tsin іare
30-гадовы Атар спявае, лічыце, усё жыццё — як пачаў у 3 гады выводзіць рулады, так і не спыняецца. Грае на гітары і піяніна, выйграў чатыры музычных тэлешоў у Грузіі і сабраў уласны джаз-бэнд.
Цікавая дэталь: у песні Ота ёсць традыцыйны факльклорны прыпеў «варада сіварада», які немагчыма перакласці ні з грузінскай, ні з абхазскай мовы, а на чэркескай гэта значыць «песня, мая песня». Акрамя спеваў, у нумары будуць плыт, дым, горы і лава.
Аўстралія, Кейт Мілер-Хайдке — Zero Gravity
Дзіву Плавалагуну з фільма «Пяты элемент» памятаеце? Дык вось, у Кейт такі ж прафесійны оперны вакал (артыстка — магістр музыкі, аўтар 4 мультыплацінавых альбомаў, выступала на сцэне Метраполітан-опера ў ЗША, у Англійскай нацыянальнай оперы і Доме оперы ў Сіднеі).
На сцэне ў Аўстраліі вельмі эфектная падача: сукенка спявачкі пад святлом змяняе колер і ўзносіць сваю ўладальніцу на вышыні — у прамым сэнсе, як п’едэстал. А яшчэ ў Кейт адмысловая карона з шыпамі, касмічная графіка і пластычная падтанцоўка.
Ісландыя, Hatari — Hatrið mun sigra
Ісландскі калектыў маглі наогул не пусціць на конкурс — з такой петыцыяй выступіла суполка яўрэйскіх актывістаў, бо гурт падтрымаў культурны байкот супраць Ізраілю. Аднак канфлікт як быццам быў уладжаны, а таму мы ўбачым на сцэне перформанс пра нянавісць, якая возьме верх — прынамсі пра гэта конкурсная песня.
Страшнаватыя цалкам чорныя і белыя лінзы ў вачах, латэксныя ўборы, рамяні, ланцугі, бізуны, бубны, чорна-чырвоная гама сцэны, шмат агню і электрычнасці — беражыце вочы.
Эстонія, Віктар Крон — Storm
Шведскі спявак, які, акрамя музыкі, захапляецца хакеем і тэнісам, яшчэ падлеткам пераехаў у ЗША, дзе і набыў першую вядомасць як артыст і аўтар песень. А сёлета ён не толькі выйграў нацыянальны адбор Эстоніі, але пераехаў жыць у гэту краіну і вучыць эстонскую мову, каб стаць бліжэй да ўдзячнай мясцовай публікі.
І гэта яшчэ адзін паўфіналіст, які не ладзіць шоу: Віктар збіраецца вылучыцца, уявіце сабе, проста шчырасцю.
Партугалія, Конан Асірыс — Telemoveis
Насамрэч імя спевака Ціяга Міранда, а Конан — эпатажны сцэнічны вобраз, у якім шмат што сабе можна дазволіць. Крытыкі называюць Конана «іншапланецянінам», які змешвае несумяшчальнае. А што вы хочаце, у хлопца ёсць жыццёвая загартоўка — шэсць гадоў працы ў найстарэйшым у краіне секс-шопе.
Вы будзеце здзіўленыя, але кампазіцыя на партугальскай у адметным стылі «электрафольк» расказвае... пра ўладу мабільных тэлефонаў і іншых гаджэтаў над людзьмі. Пры чым тут накладная чорная барада і зялёны «птушыны» ўбор артыста і танцора — мяркуйце самі.
Грэцыя, Кацярына Дуска — Better Love
Дзяўчына нарадзілася і вырасла ў Манрэалі, вучылася ў трохмознай школе, займалася музыкай і вакалам. Апошнім часам жыве ў Грэцыі. Прыхільнікі параўноўваюць адметны голас спявачкі з Эмі Уайнхаўс — а гэта, пагадзіцеся, узровень.
На «Еўрабачанні» Кацярына пакажа вельмі прыгожы нумар з расцвітаючай сцяной, танцоркамі і фехтавальшчыкамі.
Сан-Марына, Серхат — Say na na na
Добра, калі ты не толькі спявак, але і прадзюсар — сам выбіраеш, пра што і як спяваць. Вось і ўраджэнец Стамбула Ахмет Серхат Хаджыпашаліаглу, калі зразумеў, што ніякі ён не стаматолга, а шоумен, на дробязі не разменьваўся — заснаваў сваю тэлекампанію і рэалізаваў сябе як прадзюсар, тэлевядучы, акцёр і спявак, а яшчэ стварыў танцавальны аркестр і прабіўся са сваёй музыкай у чарты ЗША.
У нумары 54-гадовы артыст стаіць на пастаменце, у акружэнні танцораў, бэк-вакалістаў і вялізных словаў з яго песні — дарэчы, там вельмі просты прыпеў «Say na-na-na», які за тры хвіліны вывучыць кожны.
...Нагадваем: за прадстаўніка сваёй краіны галасаваць нельга, перажываць можна. Калі вельмі хочацца. Наколькі гэта дапаможа, даведаемся ўжо праз некалькі гадзін.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота eurovision. tv
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/eurabachanne-2019-0