Кіраўніку дзяржавы далажылі аб гатоўнасці комплексу, дзе размесцяцца ўдзельнікі ІІ Еўрапейскіх гульняў, а таксама аб падрыхтоўцы аб'екта харчавання Вёскі спартсменаў.
Асаблівую ўвагу Прэзідэнт падчас наведвання Студэнцкай вёскі надаў пытанню выкарыстання айчыннай прадукцыі для арганізацыі харчавання і пражывання дэлегацый гульняў. Беларускі лідар заклікаў не спяшацца з тым, каб прыбіраць агароджы вакол Студэнцкай вёскі пасля Гульняў (такім чынам аддзялілі спартсменаў — «Звязда»). «Усё ж такі, тут будуць жыць студэнты, шмат моладзі. Калі будуць яны неяк агароджаныя ад залішняга вонкавага ўплыву — я не кажу, што тут закрытая зона павінна быць, не, студэнты павінны мець зносіны — але каб не прахадны двор», — сказаў ён.
Міністр адукацыі Ігар Карпенка далажыў, што пасля Гульняў новыя інтэрнаты, адрамантаваныя памяшканні, закупленая мэбля, іншае, што датычыцца падрыхтоўкі да спаборніцтваў у Студэнцкай вёсцы, — усе гэта будзе выкарыстоўвацца самімі студэнтамі. Дарэчы, ён распавёў, што ў сталіцы забяспечанасць інтэрнатамі для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, калі ўвядуць у эксплуатацыю ўсе запланаваныя інтэрнаты, складзе больш за 93%, а па ўсёй краіне плануецца выйсці на паказчык у больш за 96%. «Гэта цуд», — пракаментаваў дадзеную інфармацыю Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым міністр звярнуў увагу, што ў асобных універсітэтах сітуацыя з інтэрнатамі адрозніваецца, аднак праблема вырашаецца. «Усё гэта мы будзем рабіць, будзем распрацоўваць месцы ў інтэрнаце і іншае, але нам трэба падумаць аб замацаванні студэнтаў», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што вялікія грашовыя сродкі ўліваюцца на навучанне і стварэнне інфраструктуры для студэнтаў, тыя ж інтэрнаты, аднак пасля вучобы некаторыя студэнты адмаўляюцца працаваць па атрыманай прафесіі. Кіраўнік дзяржавы заклікаў вывучыць гэтае пытанне, тым больш, што ў нашай краіне — роўна як і ў іншых — плануецца неабходная колькасць урачоў, настаўнікаў і іншых спецыялістаў. А сёння сітуацыя такая, што на вытворчасцях, у бальніцах і школах работнікаў не хапае.
Калі беларускаму лідару паказвалі сталовую і кухню, ён звярнуў увагу на раздзельны збор смецця і яго перапрацоўку і даручыў узяць гэтае пытанне на кантроль.
Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсё павінна быць беларускай вытворчасці. «Мы павінны паказаць свой твар, сваю прадукцыю, сваю кухню (на ІІ Еўрапейскіх гульнях — «Звязда»)», — падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы даручыў адказным асобам і адпаведным ведамствам праверыць сваю ўласнасць — стаўленне павінна быць адпаведнае, беражлівае, ніякай халатнасці быць не павінна.
Пасля Прэзідэнт азнаёміўся з умовамі пражывання і парадкам размяшчэння ўдзельнікаў Гульняў у інтэрнаце Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Беларускі лідар агледзеў штабны пакой дэлегацыі, пакоі пражывання кіраўніка дэлегацыі, медыцынскі блок і пакоі пражывання спартсменаў.
Далей кіраўнік дзяржавы пагутарыў з журналістамі.
Гатоўнасць спартыўных аб’ектаў — практычна 100 %
Першыя пытанні былі зададзены «па гарачых слядах» — па выніках візіту ў Студэнцкую вёску: як Прэзідэнт ацэньвае гатоўнасць аб'ектаў да ІІ Еўрапейскіх гульняў і ці будзе створаная інфраструктура выкарыстоўвацца ў далейшым у паўсядзённым жыцці краіны.
Беларускі лідар адзначыў важнасць Вёскі спартсменаў — месца, дзе людзі будуць пражываць і харчавацца. «Вядома, гэта вельмі важна, але аснова асноў — гэта ўсё ж такі спартыўныя аб'екты. Людзі прыязджаюць сюды не толькі жыць, глядзець і паесці. Яны павінны паказваць вынікі на спартыўных пляцоўках — іх у нас 15, — сказаў ён. — Як мне дакладваюць, яны на 99,9 %, як у нас прынята казаць, гатовыя. Засталося дзесьці памыць, пачысціць, парадачак навесці і гэтак далей. Я абсалютна перакананы, што так і будзе, нават і мне няма чаго правяраць».
На думку кіраўніка дзяржавы, усё зроблена згодна тэхналогіі і ў парадку, а вопыт правядзення буйных спаборніцтваў у Беларусі ёсць.
Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з тым, што ўсё створанае для Еўрапейскіх гульняў павінна выкарыстоўвацца і ў будучыні. Што тычыцца часовых збудаванняў, пра іх будучыню варта падумаць — як, напрыклад, з нагоды агароджы вакол Студэнцкай вёскі. Кіраўнік дзяржавы паўтарыў, што студэнтаў трэба засцерагчы ад асацыяльных элементаў на тэрыторыі вёскі. «Мы не будзем спяшацца нічога прыбіраць. А тое, што тут застанецца ў інтэрнатах — дык гэта для студэнтаў», — падкрэсліў ён.
Усё будзе выкарыстана, пачынаючы ад сталоў і крэслаў, сканчаючы абсталяваннем для гатавання ежы, — у тым ліку і ў школах, дзіцячых садках, дадаў беларускі лідар. Мэру Мінска Анатолю Сіваку было даручана пракантраляваць гэты працэс. «Ніякага тут крадзяжу і расцягвання не будзе. Усё павінна быць па-гаспадарску. Мы людзі нябедныя, можна сказаць, але і небагатыя, каб раскідвацца дабром», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Замахнёмся на самыя вялікія турніры?
Яшчэ адно пытанне на тэму спорту: «Ці будзе Беларусь у выпадку паспяховага правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў прапаноўваць сваю кандыдатуру на правядзенне такіх турніраў, як Чэмпіянат Еўропы ці міру па футболу, Алімпійскія гульні?»
«З вялікім задавальненнем. У нас ёсць адзін мінус — у нас няма яшчэ аднаго нацыянальнага стадыёна для таго, каб праводзіць чэмпіянат Еўропы па футболу», — заўважыў Лукашэнка.
Падчас свайго апошняга візіту ў КНР Сі Цзіньпін прэзентаваў беларускаму лідару макеты двух буйных дарагіх аб'ектаў — басейна сусветнага ўзроўню (для правядзення этапаў чэмпіянату свету) і нацыянальнага стадыёна.
«Я прасіў Сі, прэзідэнта Кітая, каб ён пабудаваў з такім кітайскім каларытам, каб вы (звяртаецца да журналістаў — «Звязда») і вашы дзеці прыходзілі і разумелі, што гэта падарунак кітайскага народа беларускаму. Мы гэта ў бліжэйшыя два гады зробім, і тады можам замахнуцца на што заўгодна», — пацвердзіў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама дадаў, што Беларусь несумненна правядзе ІІ Еўрапейскія гульні на высокім узроўні. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што наша самая вялікая годнасць — гэта не спартовыя пляцоўкі, якія можна пабудаваць, а наш дух, тое жыццё, якім будзе жыць ўвесь беларускі народ, як было падчас Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014-м. Па ўсёй краіне людзі жылі хакеем — вось гэта важна, сказаў Прэзідэнт.
Ён распавёў, што падчас наведвання Алімпіяды ў Японіі ў 1998 годзе акрамя месца, дзе праходзілі спаборніцтвы, ніхто асабліва пра іх і не ведаў. Аднак падчас Чэмпіянату свету па футболу ў Расіі ўся краіна жыла гэтай падзеяй, роўна як і Алімпіядай у Сочы. На думку беларускага лідара, свет здрыгануўся ад таго, што адбывалася ў Сочы.
Безумоўна, па багацці арганізацыі Еўрапейскіх гульняў Беларусі не угнацца за Азербайджанам. «Але мы павінны ўкласці туды душу», — падкрэсліў Прэзідэнт і дадаў, што нашы спаборніцтвы павінны быць самымі душэўнымі, а народ павінен імі жыць. Усім, хто прыедзе да нас на Гульні, беларускія людзі падораць сваю дабрыню і пачуцці, а таксама сваю прыгажосць.
Па словах кіраўніка дзяржавы, Мінск, дзе прайдуць Еўрапейскія гульні, — ідэальны горад для жыцця, хай і не такі багаты, як тая ж Масква. «Але масквічы едуць сюды. Сяргей Дарэнка, царства яму нябеснае, загінуў — аказваецца, у яго тут 4 кватэры, а я думаў адна. Але ён мне казаў пра тое, што тут жыве. І дзе б ён што не казаў, я ведаю яго меркаванне пра Мінск: гэта самае зручнае месца для дзяцей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што нямала дзяржаўных служачых з Расіі купляюць у нас жыллё.
Даведка
У якасці Вёскі спартсменаў падчас правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года будзе выкарыстоўвацца комплекс «Студэнцкая вёска», які складаецца з 9 інтэрнатаў умяшчальнасцю 9843 месцы. У Вёсцы спартсменаў будуць пражываць афіцыйныя спартыўныя дэлегацыі (3896 спартсменаў і 2039 іншых членаў).
З улікам прапаноў нацыянальных алімпійскіх камітэтаў вызначаны папавярхова і попакойна месцы размяшчэння для кожнай з 50 каманд. Падрыхтавана 6827 месцаў. У распараджэнні кожнай дэлегацыі будзе блок кіраўніка дэлегацыі, офіс, а таксама неабходная колькасць жылых пакояў, медыцынскіх блокаў і памяшканняў пад склады. Пікавая нагрузка в Весцы будзе 25 чэрвеня — 5796 чалавек.
У цяперашні час вырашаны ўсе пытанні падрыхтоўкі Вёскі спартсменаў, звязаныя з забеспячэннем прыбыцця, рассялення, пражывання, харчавання, бяспекі, транспартнага і медыцынскага забеспячэння, сувязі, правядзення ўрачыстых і забаўляльных мерапрыемстваў.
У Вёсцы спартсменаў завершана будаўніцтва і ўведзены ў эксплуатацыю інтэрнат № 2 і інтэрнат БНТУ, пабудаваны за кошт сродкаў КНР; завяршаецца добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі інтэрната № 2; ў цэлым завершаны бягучы рамонт інтэрнатаў комплексу «Студэнцкая вёска»; завяршаецца рэканструкцыя фізкультурна-спартыўных аб’ектаў па месцы пражывання ўдзельнікаў Гульняў; завяршаецца будаўніцтва сеткі Wi-Fi на аб’ектах і тэрыторыі.
Для ўдзельнікаў Гульняў, якія пражываюць у Вёсцы спартсменаў, пабудаваная сталовая на 2 тысячы месцаў. Да працы ў Вёсцы будуць прыцягнутыя 700 валанцёраў (350 для суправаджэння дэлегацый і 350 для працы на аб’ектах Вёскі).
Адкрыццё Вёскі спартсменаў і пачатак засялення афіцыйных дэлегацый — 15 чэрвеня, закрыццё Вёскі — 3 ліпеня.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/euragulni-2019
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka