Ужо ў гэту нядзелю ў Тэль-Авіве пройдзе ўрачыстая цырымонія адкрыцця 64-га міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне». А ў наступны аўторак, 14 мая, прадстаўніца нашай Беларусі, — самая юная сярод сёлетніх канкурсантаў, 16-гадовая спявачка ЗЕНА, — выступіць у першым паўфінале вялізнага шоу пад нумарам 8. Таксама ў гэты дзень за выхад у фінал будуць спаборнічаць артысты з Кіпра, Чарнагорыі, Фінляндыі, Польшчы, Славеніі, Чэхіі, Венгрыі, Сербіі, Бельгіі, Грузіі, Аўстраліі, Ісландыі, Эстоніі, Партугаліі, Грэцыі і Сан-Марына.
Беларуская ўдзельніца ўжо правяла дзве індывідуальныя рэпетыцыі на вялікай сцэне. І калі падчас першай рабіць фота альбо відэа было строга забаронена, то пасля ўнясення рэжысёрскіх карэктыў конкурсныя пастаноўкі і касцюмы ўдзельнікаў перасталі быць сакрэтам для прыхільнікаў конкурсу. Так, ЗЕНА рэпеціравала ў тынэйджарскім стылі — кароткі топ і легінсы, быццам бы размаляваныя яркімі графіці, а таксама ў высокіх белых батфортах, якія складаюцца з некалькіх частак і ўпрыгожаныя імем артысткі. Нумар Беларусі, які суправаджаецца энергічнымі танцамі, арганізатары ахарактарызавалі як «бадзёры і напружаны». Аднак ці дапаможа гэта энергетыка трапіць у дзясятку і працягнуць барацьбу за галоўны прыз «Еўрабачання-2019», даведаемся толькі ў наступны аўторак.
Прамую трансляцыю абодвух паўфіналаў і фіналу 14, 16 і 18 мая ўжо традыцыйна будуць весці тэлеканал «Беларусь 1» і міжнародны спадарожнікавы канал «Беларусь 24», а сёлета яшчэ і «РТР-Беларусь». Агляд канцэртаў, каляконкурсных падзей і самых цікавых удзельнікаў сёлетняга шоу шукайце таксама на сайце «Звязды».
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/eurabachanne-2019-0