У Міністэрстве інфармацыі краіны прайшла рабочая сустрэча кіраўніка ведамства Аляксандра Карлюкевіча з дэлегацыяй Агенцтва інфармацыі і масавых камунікацый Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Выконваючы абавязкі дырэктара Агенцтва Каміл Аламжонаў падрабязна распавёў пра зацікаўленні ўзбекскага боку ў медыйным супрацоўніцтве з Беларуссю. Ішла размова пра стварэнне розных інфармацыйных прадуктаў, якія б дапамаглі пашырыць уяўленні беларусаў пра сённяшняю рэчаіснасць Узбекістана, пра тыя рэформы, якія там ажыццяўляюцца ў апошні час. Дасягнута дамоўленасць пра арганізацыю прэс-тура беларускіх журналістаў ва Узбекістан, пра абмен матэрыяламі друку паміж вядучымі газетамі краін. Супрацоўнікаў Агенцтва цікавілі і пытанні кнігавыдавецкай, паліграфічнай дзейнасці.
Удзел у рабочай сустрэчы ў міністэрстве інфармацыі прыняў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Насірджан Юсупаў. Ён адзначыў і важныя крокі, якія ўжо здзейснены ў галіне супрацоўніцтва з міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Выйшаў “узбекскі нумар” часопіса “Беларусь” на трох мовах – беларускай, англійскай і кітайскай. У кнігарні “Дружба” разгорнута паліца кніг, якія выдадзены ва Узбекістане. Рыхтуецца да выдання кніга вершаў славутага узбекскага паэта Эркіна Вахідава ў перакладзе на беларускую мову.
Сяргей Шычко
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-karlyukevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-infarmacyi
[6] https://zviazda.by/be/tags/infarmacyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/smi
[8] https://zviazda.by/be/tags/uzbekistan-0