Гадавы абарот кітайскага аператара нерухомасці Shіmao Group складае каля 9 мільярдаў долараў, а старшыня савета яе дырэктараў Сю Жунмаа займае 22 месца ў кітайскім спісе Forbes і 160 радок у сусветным рэйтынгу самых багатых людзей па версіі часопіса. Менавіта гэты чалавек, які да таго ж з'яўляецца кіраўніком Канфедэрацыі кітайскіх прадпрымальнікаў-рээмігрантаў, членам пастаяннага камітэта Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая і дарадцам Усекітайскай федэрацыі эмігрантаў, а таксама дзесяць іншых буйных бізнесменаў КНР сустрэліся са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаілам Мясніковічам у рамках двухдзённага візіту ў Беларусь.
Старшыня Савета Рэспублікі заўважыў, што нядаўні саміт у Пекіне адкрывае новую старонку як шматбаковага, так і двухбаковага супрацоўніцтва. «Каштоўнасць нашай сустрэчы для мяне заключаецца яшчэ і ў тым, што я разам з калегамі па парламенцкай дзейнасці сустракаюся ўпершыню з такімі кіраўнікамі сучаснага Кітая, — дадаў спікер верхняй палаты беларускага парламента. — Я шмат чуў і чытаў добрага пра Усекітайскі камітэт Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая і пра Канфедэрацыю кітайскіх прадпрымальнікаў-рээмігрантаў, але пачуць пра іх з першых вуснаў, канешне, дарагога варта».
Міхаіл Мясніковіч выказаў меркаванне, што ў Беларусі з Кітаем добрая перспектыва супрацоўніцтва і прапанаваў сумесна абмеркаваць яго канкрэтныя механізмы.
У сваю чаргу Старшыня савета дырэктараў Shіmao Group спадар Сю Жунмаа паведаміў, што за два дні візіту інтарэс кітайскіх бізнесменаў да Беларусі як партнёрскага рэгіёна ўзмацніўся. «Мы ўбачылі, што ў нашым супрацоўніцтве маецца вельмі вялікая ўзаемадапаўняльнасць. Беларусь вылучае выгаднае геаграфічнае становішча, гэта буйны і важны транспартны вузел у Еўраазіяцкім рэгіёне, мы маглі б выкарыстаць гэтую перавагу, каб здабыць максімальную карысць у гандлёвым, эканамічным і гуманітарным супрацоўніцтве», — сказаў ён.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/parlament
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika
[4] https://zviazda.by/be/gandal
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus-i-kitay
[6] https://zviazda.by/be/tags/mihail-myasnikovich-2
[7] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki