Днямі ў адной з ключавых дзяржаў свету — Японіі — адбылася падзея гістарычнага маштабу. У Краіне ўзыходзячага сонца настала новая эра: на змену Хэсэй прыйшла Рэйва. У апошні дзень красавіка імператар Акіхіта адрокся ад трона. 1 мая манархам стаў яго старэйшы сын — Нарухіта. Сёння ён упершыню з'явіцца на публіцы ў новым статусе — людзі пабачаць, як ён махае з балкона імператарскага палаца. Гэта рэдкая падзея — кожны раз паглядзець на манаршую асобу збіраецца вялізны натоўп. Чаму ў Японіі адбыліся «тэктанічныя» геапалітычныя зрухі?
Японская манархічная дынастыя — найстарэйшая з кіруючых і дагэтуль найбольш набліжаная да містычных рытуалаў. Згодна з сінтаісцкім легендарыумам, яе заснавальнік — прапраўнук багіні сонца Аматэрасу і першы імператар Японіі Дзіму — нарадзіўся ў 711 годзе да нашай эры. У Японіі і па сёння дзейнічаюць дзве сістэмы летазлічэння — звычайная міжнародная і па гадах знаходжання манархаў на троне. Гэта нагадвае падвойны падлік тэмператур (па Цэльсію і Фарэнгейце) і адлегласцяў (у кіламетрах і мілях), які захоўваецца ў англамоўных краінах.
Зараз японскі манарх не мае палітычных паўнамоцтваў. Ён выконвае цырыманіяльныя функцыі, з'яўляючыся сімвалам дзяржавы і адзінства народа. Аднак так было не заўсёды. Імператары трымалі ўладу ў сваіх руках да XІІІ стагоддзя, калі яе перахапілі сёгуны — палкаводцы, прадстаўнікі ўплывовых родаў. Манархі здолелі вярнуць сабе паўнамоцтвы ў 1868 годзе падчас Рэстаўрацыі Мэйдзі — тады было адноўлена прамое імператарскае праўленне з практычна бязмежнымі правамі.
Увесь гэты час народ лічыў манарха ўвасабленнем боства: да выступлення імператара Сёва (Хірахіта) пасля паражэння Японіі ў Другой сусветнай вайне. Тады ён вымушаны быў публічна адрачыся ад чароўнай прыроды. Пасля прыняцця канстытуцыі 1947 года імператар канчаткова ператварыўся ў жывы сімвал, па сутнасці, страціўшы права ўмешвацца ў дзяржаўныя справы.
Акіхіта — 125-ы імператар Японіі. Ён заняў Хрызантэмавы трон у 1989-м пасля смерці бацькі. Акіхіта — старэйшы сын імператара Сёва і імператрыцы Кодзюн. Ён нарадзіўся 23 снежня 1933 года і рос пад наглядам амерыканскай выхавальніцы, дзякуючы якой вывучыў англійскую мову і пазнаёміўся з заходняй культурай. Вучыўся будучы імператар у школе для дзяцей знаці пры ўніверсітэце Гакусюін, у якім пазней і пачынаў атрымліваць вышэйшую адукацыю. Спадчыннікам трона ён быў абвешчаны ў 1952 годзе. Акіхіта аказаўся першым японскім прынцам, які пабраўся шлюбам з дзяўчынай не імператарскіх крывей. У 1957-м ён на тэнісным корце пазнаёміўся з Міціка Сёдай — дачкой бізнесмена-мукамола. Праз год іх заручыны афіцыйна ўхвалілі. Вяселле ў выніку згулялі ў красавіку 1959-га. У пары нарадзілася трое дзяцей: сыны Нарухіта і Фуміхіта, а таксама дачка Саяка. Насуперак традыцыям бацькі выхоўвалі іх самі, не аддаючы гувернёрам.
У Акіхіта не было права ўмешвацца ў дзяржаўныя справы, аднак гэта не перашкодзіла яму неаднаразова заяўляць пра раскаянне за дзеянні Японіі ў часы Другой сусветнай вайны. Ён, у прыватнасці, прасіў прабачэння перад суседнімі краінамі, у тым ліку за японскую акупацыю. Імператар за час свайго кіравання таксама досыць актыўна спрабаваў зблізіць манаршую сям'ю і японскі народ. Ён пабываў ва ўсіх прэфектурах краіны, неаднаразова выязджаў і за мяжу. З юнацтва імператар захапляецца іхтыялогіяй, марской біялогіяй. Ён з'яўляецца экспертам па рыбе-бычку, адну з якіх нават назвалі ў яго гонар — Экзірыяс Акіхіта.
Імператар Акіхіта заявіў пра намер пайсці на спачынак летам 2016 года: ён адзначыў, што ўзрост і здароўе перашкаджаюць яму выконваць свае абавязкі. Раней кіраўнік перанёс аперацыю на сэрцы і лячыўся ад рака прастаты. Паводле канстытуцыі, манарх павінен выконваць свае функцыі пажыццёва. Аднак пажаданне Акіхіта выклікала хвалю спагады. Улетку 2017 года парламент прыняў адмысловы закон, які дазваляе яму адрачыся ад трона. Падобнага прэцэдэнту ў Японіі не было на працягу больш чым двух стагоддзяў: з 1817-га, калі ад трона адмовіўся імператар Кокаку — ён таксама вырашыў перадаць свае паўнамоцтвы сыну і адысці ад палітыкі. Летась Акіхіта споўнілася 85 гадоў. Пасля адрачэння ён атрымаў тытул ганаровага імператара, а пасля смерці стане вядомы як імператар Хэйсэй — па назве эры яго кіравання.
Імператар Акіхіта стаў першым, чый статус з самага пачатку кіравання вызначаны ў канстытуцыі краіны як «сімвал нацыі». І, мяркуючы па апытаннях грамадскай думкі, ён з гэтай роляй выдатна справіўся — так лічаць каля 80 працэнтаў японцаў. «Ён сапраўды сімвал, імператару ўдалося згуртаваць усіх японцаў, якога б сацыяльнага паходжання, дастатку або ўзросту яны ні былі. Калі б імператара не было, мы б адразу адчулі расслаенне і нераўнапраўе. Перад імператарам ўсе роўныя — у гэтым, напэўна, адзін з галоўных сэнсаў існавання сістэмы», — заўважыў РІА «Навіны» Макота Іноўэ — член рэдакцыйнага савета дзелавой газеты «Нікэй», які 14 гадоў быў у клубе акрэдытаваных пры імператарскім двары журналістаў, а затым стаў адным з заўважных экспертаў па пытаннях імператарскай сям'і.
Імя эпохі задае тон будучым дзесяцігоддзям. У сучаснай гісторыі Японіі было толькі чатыры эры. Час кіравання Акіхіта называўся Хэйсэй, што ў перакладзе значыць «дасягненне міру». З 1926-га да 1989 года працягвалася эра Сёва («асвечаная гармонія») яго бацькі Хірахіта. Ёй папярэднічала 14-гадовая эра Тайсё (1912—1926 гг.) — «вялікая праведнасць». З 1868-га да 1912 года падчас праўлення імператара Муцухіта Японія прайшла праз эру «Мэйдзі» — «адукаванае кіраванне». У сувязі з уступленнем на трон Нарухіта ў Японіі пачалася новая імперская эра. Яна атрымала назву Рэйва. Гэтыя два іерогліфы можна перакладаць з варыянтамі, але міністэрства замежных спраў Японіі праінструктавала ўсе свае замежныя пасольствы трактаваць новую эру як beautіful harmony — «цудоўная гармонія».
Адметна, што назву абраў непасрэдна прэм'ер-міністр Японіі Сіндза Абэ. Па паведамленні японскай газеты «Токіа Сімбун», эксперты сышліся на думцы, што новы дэвіз павінен быць звязаны з японскай культурай і традыцыямі (раней іерогліфы выбіралі з кітайскай філасофіі або літаратуры). Гучалі розныя варыянты, але спалучэнне іерогліфаў «Рэйва» («прыгажосць і гармонія») з японскай анталогіі «Збор мірыяд лістоў», або «Ман'ёсю», прэм'еру спадабалася больш за ўсё. «Няхай будзе Рэйва», — працытаваў словы прэм'ер-міністра генеральны сакратар японскага ўрада Ёсіхідэ Суга.
Імператар Акіхіта з 12 сакавіка здзейсніў серыю з 11 містычных цырымоній, звязаных з яго адрачэннем. Большасць з іх прадстаўляюць сабой сімвалічныя справаздачы чароўным продкам аб гэтай падзеі. Афіцыйная цырымонія адрачэння ад трона прайшла ў палацавым комплексе ў цэнтры Токіа. На ёй Акіхіта сказаў развітальную прамову ў прысутнасці кіраўнікоў трох галін улады — урада, парламента і Вярхоўнага суда. 59-гадоваму Нарухіта ўручылі святыя рэгаліі — копіі мяча і каштоўнай яшмы, якія перадаюцца японскімі імператарамі з пакалення ў пакаленне і з'яўляюцца сімваламі імперскай улады. Ёсць яшчэ адзін артэфакт — металічнае люстэрка, якое лічыцца самым каштоўным і захоўваецца, як мяркуюць, у храме Ісэ ў цэнтры вострава Хонсю, які разглядаюць як месца містычнага пасялення багіні сонца Аматэрасу, прамаці японскіх імператараў. Цырымоніі з нагоды ўступлення на трон новага імператара будуць працягвацца да восені.
126-ы імператар Японіі Нарухіта — першы манарх, які нарадзіўся пасля Другой сусветнай вайны (з'явіўся на свет 23 лютага 1960 года). Нарухіта, як і яго бацька, вучыўся ў школе пры ўніверсітэце Гакусюін, затым паступіў у гэтую ВНУ. Пазней ён вучыўся ў Мертан-каледжы Оксфарда. «Нарухіта цікавіўся вельмі спецыфічнай сферай — воднымі камунікацыямі і пытаннямі грузапатокаў у гістарычным кантэксце. Гэтая цікавасць пазней перарасла ў асэнсаванне ролі водных рэсурсаў у жыцці чалавека — ён нават з'яўляецца адным з кіраўнікоў кансультатыўнага савета пры генсеку ААН, прысвечанага вадзе і санітарыі», — расказаў іz.ru загадчык кафедры ўсходазнаўства МДІМА япаніст Дзмітрый Стральцоў.
Разам з новым імператарам у Японіі з'явілася і новая імператрыца — жонка Нарухіта Масака. Яна — дачка дыпламата, ведае мноства моў. Жанчына сама пачынала будаваць дыпламатычную кар'еру. Тагачасны кронпрынц тры разы рабіў ёй прапанову, аднак яна адмаўляла, паколькі не хацела кідаць прафесійны занятак. Імператрыца Масака пазней расказала журналістам, што пагадзілася стаць жонкай Нарухіта пасля таго, як ён сказаў: «Цябе могуць адольваць страхі і турботы з нагоды далучэння да імператарскага дому. Але я буду абараняць цябе ўсё сваё жыццё». У Нарухіта і Масакі адзінае дзіця — дачка Айка, якая нарадзілася ў 2001 годзе.
Ад новага японскага імператара чакаюць яшчэ большага збліжэння манаршавай сям'і з народам: падчас навучання ў Еўропе Нарухіта адзначаў адкрытасць каралеўскіх асоб, што відавочна паўплывала на яго погляды. Эксперты лічаць, што таксама ён можа засяродзіцца на глабальных праблемах, уключаючы прадухіленне стыхійных бедстваў і захаванне водных рэсурсаў. Пры гэтым яго жонка Масака, як колішні дыпламат, зможа аказаць яму выдатную падтрымку ў замежных паездках, калі дазволіць яе здароўе. Сам Нарухіта напярэдадні перадачы яму ўлады заявіў, што гатовы ўзяць на сябе новую ролю, якая больш падыходзіць цяперашняму часу. Між тым ён мае намер арыентавацца на прыклад бацькі. Да гэтага ж ён адзначаў, што ідэальны імператар — той, хто можа «падзяліць радасці і нягоды людзей».
Ад наступлення эпохі Рэйва кампаніі чакаюць росту продажаў, а кліенты ўжо карыстаюцца зніжкамі. У цэлым аналітыкі чакаюць, што пераход у новую эру прынясе эканоміцы дадаткова амаль 4,5 мільярда долараў. Большасць жыхароў Японіі з аптымізмам ставяцца да надыходу новай эпохі. Аб гэтым сведчаць вынікі агульнанацыянальнага апытання грамадскай думкі, праведзенага газетай Yomіurі. Больш за палову яго ўдзельнікаў лічаць, што ў наступныя гады Японія будзе рухацца ў правільным кірунку, а жыццё японцаў стане лепшым. Найбольшую ўпэўненасць у будучыні адчуваюць маладыя жыхары краіны — станоўчых перамен у эру Рэйва чакаюць каля 80 працэнтаў удзельнікаў апытання ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў. У Краіне ўзыходзячага сонца з нагоды гістарычнай падзеі абвешчаны беспрэцэдэнтныя 10-дзённыя нацыянальныя вакацыі.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty