Першапачаткова вяслярная база на праспекце Пераможцаў будавалася толькі для звычайных спартсменаў. Сёння тут трэніруецца каля 700 дзяўчат і хлопцаў, а акрамя іх чатыры паралімпійца, у тым ліку шматразовая паралімпійская чэмпіёнка Людміла Ваўчок.
Раней, каб выбрацца з распранальні базы да вады і перасесці ў лодку спартсмены з дадатковымі фізічнымі патрэбамі не маглі абыйсціся без дапамогі трэнера. Гэта значыць, у прамым сэнсе, на сабе яму прыходзілася выносіць не толькі лодкі, але і саміх спартсменаў. З з'яўленнем пандусаў каля галоўнага ўваходу Дома веславання і непасрэдна каля спуску да вады, такая патрэба адпала.
- Доўгі час мы не маглі зрабіць гэтыя пандусы, таму што на гэта не вылучалася грошай, - расказвае дырэктар СДЮШАР па водных відах спорту Віктар Латушка. - Ды і будавалася гэтая школа для звычайных дзяцей, таму пандусы тут прадугледжаныя не былі. А цяпер з'явіліся фінансавыя магчымасці палегчыць трэніроўкі паралімпійцам, мы імі скарысталіся, не купілі пару лодак, а ўклалі гэтыя грошы ў пандус.
- Для нас гэта вельмі важна, - адзначае Людміла Ваўчок. - Колькі гадоў мы скакалі па гэтых прыступках. Лішні раз не хочацца напружваць трэнера, каб нават проста прыйсці пераапрануцца, нармальна па-чалавечы прыняць душ. Дзякуй вялікі, што для нас гэта зрабілі, убачылі, пачулі. Доўгі час казалі, што гэты цэнтр не меркаваўся для паралімпійцаў, але я ж таксама не думала, што будучы лёгкаатлеткай, сяду ў каляску. Акрамя таго, гэты цэнтр павінен быць даступным не толькі для нас, але і для маці з каляскамі. Да таго ж з пандусамі лягчэй прывезці нейкі інвентар, скрынкі, трэнажоры.
Дар'я Лабажэвіч
Фота Ганны Занкавіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[2] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[3] https://zviazda.by/be/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/pandus
[5] https://zviazda.by/be/tags/veslavanne