У ліпені 1944 года газета «Бальшавіцкая трыбуна», якую выдаваў Барысаўскі гаркам і райкам КП(б)Б, расказала сваім чытачам пра незвычайную пасылку. 18 ліпеня гараджане знайшлі скінутае з самалёта доўгае палатно з надпісам «Перадаць гаркаму ВКП(б). Баявое прывітанне грамадзянам Барысава ад лётчыкаў-барысаўцаў! М. Долін».
Побач у скрутку з гэтым ці то ручніком, ці то вымпелам быў знойдзены суправаджальны ліст: «Сёння, 18 ліпеня 1944 года, над вашым горадам пралятае авіяцыйная часць, якой за ўдзел у вызваленні горада Барысава прысвоена найменне «Барысаўскай». Мы ляцім далей на захад бамбіць ворага на яго тэрыторыі. Заклікаем вас, дарагія таварышы, хутчэй аднаўляйце свой горад!»
А ў наступным нумары газета змясціла калектыўныя лісты ў адказ лётчыкам. Рабочыя чыгункі расказвалі пра свае поспехі ў аднаўленні чыгуначных зносін, а працоўныя калектывы ўсіх прадпрыемстваў горада дзякавалі вызваліцелям і бралі на сябе павышаныя абавязацельствы, каб хутчэй наладзіць мірнае жыццё ў Барысаве.
«Сокалы нашы баявыя! Ваша сардэчнае пісьмо, якое вы скінулі з самалёта, пралятаючы над нашым свабодным горадам, прачыталі тысячы працоўных Барысава. Яно ўспрынята як сцяг вызвалення, як баявы заклік да канчатковай перамогі над подлымі гітлераўскімі занявольнікамі, да хутчэйшай адбудовы разбуранага гітлераўцамі горада. Карыстаючыся шчаслівым выпадкам, мы пішам вам адказ, пішам ад усяго сэрца, ад усёй душы. ...Натхнёныя вялікімі перамогамі слаўнай Чырвонай Арміі і вашым сардэчным прывітаннем і заклікамі, мы ўзяліся за адбудову нашага горада ўсімі сіламі, дружна і рашуча. У горадзе працуюць ужо ўсе дзяржаўныя і гаспадарчыя ўстановы. Адбудавана ў кароткі тэрмін і пушчана ў ход электрастанцыя лесакамбіната «Камінтэрн», працуюць ужо жасцяны цэх завода «Металіст», швейная, абутковая і ганчарная майстэрні, завод газіраваных водаў. Кіпіць адбудоўчая работа на ўсіх прадпрыемствах горада...» Гэты допіс даставілі адрасатам, падраздзяленню Доліна палявой поштай 49759.
Усяго дзве невялікія старонкі газетнага тэксту, а за імі — не толькі частка маштабнай наступальнай аперацыі «Баграціён», але і гісторыя жаночага авіяцыйнага палка і лётнай школы «раскоўцаў». Пра падрабязнасці гэтых падзей і пра тое, кім былі Долін (насамрэч Доліна) і Раскова, барысаўчане даведаліся значна пазней, калі адшукалі адважных лётчыц палка пікіруючых бамбардзіроўшчыкаў.
Лётчыца-штурман Марына Раскова — адна з першых жанчын, якая атрымала званне Героя Савецкага Саюза і дабілася ў вярхоўнага камандавання дазволу на фарміраванне жаночых баявых часцей — трох авіяпалкоў, у тым ліку знакамітых «начных ведзьмаў». Раскова першай з жанчын-лётчыц здзейсніла бесперасадачны авіяпералёт Масква—Далёкі Усход. Загінула ў студзені 1943 года.
Марыя Доліна — гвардыі капітан, намеснік камандзіра эскадрыллі, адна з самых пазнаваемых гераінь Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза, уладальніца мноства баявых узнагарод, лётчыца, якая на пікіруючым бамбардзіроўшчыку Пе-2 здзейсніла 72 баявыя вылеты, скінула 45 тон бомбаў і ў шасці паветраных баях збіла тры нямецкія знішчальнікі. Гэта яна ў чэрвені 1944-га ўзарвала эшалон з боепрыпасамі на станцыі Орша, нанесла шэраг удараў па войску праціўніка ў вёсцы Зембін, падтрымлівала з паветра фарсіраванне Бярэзіны савецкімі войскамі, якія вызвалялі Барысаў. Нарэшце, гэта якраз яе подпіс стаіць на «паветраным пісьме» барысаўчанам. Хоць за тую самавольную пасылку, дзеля якой лётчыца знізілася да рызыкоўнай вышыні, Доліна потым атрымала вымову ад начальства...
У 1974 годзе, напярэдадні 30-годдзя вызвалення Барысава і Мінска, у мясцовай сярэдняй школе № 17 вырашылі стварыць музей баявой славы 125-га гвардзейскага Барысаўскага бамбардзіровачнага авіяпалка. Збіраючы інфармацыю, першы дырэктар школы Іван Ермаловіч і кіраўнік гарадскога краязнаўчага музея Жанна Гірэвіч звярнуліся ў Маскоўскі савет ветэранаў з просьбай дапамагчы знайсці ўдзельнікаў вызвалення Барысава. Уявіце сабе — знайшлі, завязалі перапіску, а потым і сустрэліся асабіста і пасябравалі.
На адкрыццё школьнага музея прыехала 10 аўтобусаў з гасцямі — прадстаўнікамі ўсіх воінскіх злучэнняў, якія прымалі ўдзел у вызваленні Барысава. Лётчыц, даведаўшыся, што з усіх кветак ім найбольш даспадобы рамонкі, сустракалі літаральна рамонкавым полем букетаў, уся вуліца была поўная кветак, а ўсе мясцовыя жыхары высыпалі з хат і запрашалі герояў да сябе ў госці.
З таго часу, дарэчы, з'явілася традыцыя — кожныя 5, 10 гадоў сустракацца ў святочныя дні на барысаўскай зямлі (хоць, канешне, з прычыны ўзросту і стану здароўя з кожным разам удзельнікаў гэтых сустрэч усё меней — у 2009 годзе змаглі прыехаць толькі двое).
У 1998 годзе музей рэканструявалі, а экспазіцыю перааформілі наноў уласнымі сіламі, не патраціўшы ні капейкі бюджэтных грошай. Нават цэнтральныя вітрыны настаўнікі змайстравалі самі са школьных шыбаў.
— Сёння ў нас больш як 990 экспанатаў у асноўным фондзе і больш як 160 у дапаможным — гэта асабістыя рэчы, фотаздымкі, карты і схемы, дакументы, копіі газетных публікацый і перапіска лётчыц з роднымі, невялікія відэаролікі, — праводзіць міні-экскурсію кіраўнік і захавальніца музея Тамара Холіна. — Вось, глядзіце, парадны касцюм і асабістая лётная кніжка былога пілота авіяпалка Антаніны Рыгораўны Бондаравай, у дзявоцтве Спіцынай, сукенка лётчыцы — камандзіра экіпажа Алены Міронаўны Малюцінай (Кульковай), планшэт-сумка Аляксандры Сямёнаўны Воцінцавай. З 1956 года, акрамя Дня Перамогі, былыя аднапалчанкі сустракаліся штогод 2 мая ў Маскве каля Вялікага тэатра. Мы трапілі на такую сустрэчу ўпершыню ў 1999 годзе. А ў 2017-м пабывалі яшчэ на адным вельмі цікавым мерапрыемстве: у расійскай сталіцы ўпершыню праходзіла міжнародная канферэнцыя з нашчадкамі лётчыц усіх трох жаночых авіяцыйных палкоў, а таксама з кіраўнікамі прысвечаных лётчыцам школьных музеяў Масквы, ленінградскага Пушкіна, Саратава, аднекуль з Паўночнага Каўказа. Якраз бачыліся тады са штурманам Галінай Брок-Бяльцовай, якой зараз 93 гады, — на сёння яна апошняя, хто застаўся жывы з жанчын-пілотаў бамбардзіроўшчыкаў. Спадзяюся, яна ў добрым здароўі, і сёлета атрымаецца зноў сустрэцца.
Тамара Аляксандраўна прызнаецца: нягледзячы на тое, што па спецыяльнасці яна настаўнік біялогіі, за шмат гадоў даследчай працы, сустрэч і размоў з ветэранамі настолькі паглыбілася ў тэму Вялікай Айчыннай вайны, што часам замяняе калег — выкладчыкаў гісторыі. «З кожнай сустрэчы, пасля кожнай размовы мы прывозілі нейкія новыя дэталі і ўражанні, якія дапаўняюць карціну баявога шляху палка, і мы можам расказаць шмат цікавага ўжо цяперашнім дзецям. А іх, паверце, «чапляе» гэта тэма і яны прыходзяць на экскурсію не для галачкі: дзеці задаюць мноства самых розных пытанняў, пішуць потым даследчыцкія работы, — запэўнівае кіраўнік музея.
Яе вопыт паказвае: самыя ўражальныя экспанаты — зусім не асколкі снарадаў ці фрагменты зброі, не лётнае абмундзіраванне, не схемы авіяўдараў, а звычайныя, асабістыя рэчы. Вось, напрыклад, ліст, перададзены сяброўкамі лётчыцы Любы Губінай, — яго напісаў напярэдадні вызвалення Севастопаля іспанскі лётчык, з якім дзяўчына пазнаёмілася падчас работы ў Батайскім лётным вучылішчы. Лётчык загінуў, яшчэ не ведаючы, што каханая таксама не ўбачыць яго апошняе прывітанне — ліст прыйшоў у полк пасля смерці Любы, але словы — простыя і адначасова пранізлівыя: «нават мёртвым я буду працягваць жыць і кахаць... калі народзіцца сын, назаві яго маім імем», — кранаюць дагэтуль. Падчас школьных экскурсій захавальніца музея дае прачытаць гэты ліст услых каму-небудзь з хлопцаў, і старшакласнікі не могуць стрымаць слёз.
Сціскае горла і ў тых, хто даведваецца пра гібель самой Любы ўвосень 1943-га: пры падлёце да Оршы ў самалёта быў пашкоджаны матор, бамбардзіроўшчык застаўся без прыкрыцця знішчальнікаў і стаў лёгкай здабычай для ворага, а таму Люба як камандзір звяна загадала экіпажу пакінуць самалёт. Стралок-радыст выскачыў з парашутам, а штурман Каця Батухціна зачапілася лямкай за турэль кулямёта. Камандзір вярнулася, ірванула — і сяброўку сарвала паветранай плынню, а вось Любе для скачка ўжо не хапіла вышыні, яна разбілася. Кацярына Батухціна прайшла да канца вайны, служыла ў літоўскім Панявежысе, а потым перавялася за мужам у Слуцк і нарэшце ў Віцебск. Сын лётчыцы, які жыве ў Мінску, прызнаўся, што ўпершыню пачуў гэту гісторыю толькі тры гады таму ад супрацоўнікаў музея: «Атрымліваецца, мы нарадзіліся і жывём толькі дзякуючы подзвігу мамінага камандзіра...»
— Ведаеце, з першай сустрэчы з лётчыцамі (а ім тады было, як зараз мне, гадоў па 60) уразіла іхняя шчырасць і сціпласць, адсутнасць гэткага гераічнага пафасу, — расказвае захавальніца музея. — Пытаемся: няўжо не страшна было? Канешне, адказваюць, баяліся, яшчэ як. Але калі ты на баявым заданні і адчуваеш адказнасць за жыцці іншых савецкіх людзей, страх адыходзіць... Мабыць, з-за гэтай неверагоднай адказнасці Лена Малюціна, якую ў бітве за Дзвінск раніла ў жывот, чатыры разы страчвала прытомнасць, але не пакінула самалёт і паспяхова пасадзіла яго. Пры гэтым свой учынак яна не разглядала як гераічны, ізноў рвалася на фронт. Яна памерла, не дажыўшы ўсяго два гады да 100-гадовага юбілею, але да апошніх дзён захоўвала ясны розум і моцны дух і яшчэ паспела злятаць у ЗША на сустрэчу з амерыканскімі жанчынамі-пілотамі, удзельніцамі міжнароднага саюза «Авіятрыса». Адчуваючы іх неверагоднае жыццялюбства, унутраную чалавечнасць, я сама перагледзела многія рэчы ў жыцці. Ну, скажыце, як можна скардзіцца на ўзрост ці здароўе, калі 90-гадовая лётчыца, як маладзенькая, лезе на драбінкі, каб дастаць нейкія цікавыя фотаздымкі, і толькі адмахваецца: «Ды не трэба мне дапамогі, я сама з усім спраўляюся!»
...Ліпень 1944-га. Усяго дзве маленькія старонкі газетнага тэксту. Бачыце, як многа змясцілася між радкоў?
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Барысаў — Мінск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/barysau
[5] https://zviazda.by/be/tags/prachytau-peraday-drugomu
[6] https://zviazda.by/be/tags/vav