Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на значнае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з Сербіяй у бліжэйшыя гады. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Пекіне [3] на сустрэчы з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам, перадае [4] БЕЛТА.
«Наша эканоміка пачынае падцягвацца бліжэй да палітыкі (размова пра добрыя двухбаковыя адносіны на палітычным узроўні. — Заўвага БЕЛТА). Думаю, што ў бліжэйшыя 2-3 гады мы зможам значна паскорыць супрацоўніцтва ў напрамку збліжэння па ўсіх пытаннях, якія нас цікавяць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ў прыватнасці анансаваў свой візіт у Сербію. Цяпер вядзецца работа па яго напаўненні. «Думаю, што ў час нашай сустрэчы і майго візіту да вас у Сербію мы вельмі сур’ёзна абмяркуем напрамкі нашага супрацоўніцтва, каб нам было што сказаць людзям і ў Сербіі, і ў Беларусі», — адзначыў беларускі лідар.
«Хоць далёка ад радзімы, Сербіі і Беларусі, але нам удалося сустрэцца і абмяняцца меркаваннямі па некаторых пытаннях. Што датычыцца палітычных пытанняў, праблем у нас практычна ніякіх няма. Мы прытрымліваемся аднолькавых поглядаў на міжнародны парадак дня. Што датычыцца гандлёва-эканамічнага складніка нашых адносін, у мінулым годзе ў нас пэўны спад тавараабароту, але ўжо ў гэтым па першым квартале прырост. Але ўсё роўна гэта не тыя аб’ёмы тавараабароту, якія павінны быць паміж дружалюбнымі краінамі і краінамі, якія валодаюць такім патэнцыялам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, у ходзе яго маючага адбыцца візіту ў Сербію будуць узнімацца інвестыцыйныя пытанні, стварэнне і развіццё сумесных прадпрыемстваў. «У нас працэс ідзе. Мы развіваем сумесную вытворчасць у вас на базе МАЗа і трактарнага завода. У нас ёсць магчымасці па рабоце ў сельгасмашынабудаванні, таксама па стварэнні сумесных вытворчасцей і многіх іншых напрамках», — упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэму ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, падкрэсліўшы, што ў гэтым плане няма ніякіх закрытых або забароненых тэм: «Мы гатовы з блізкай і роднай Сербіяй супрацоўнічаць настолькі, наколькі гэта патрэбна Сербіі і наколькі мы можам аказаць падтрымку ў развіцці сербскага ВПК і пастаўках адпаведнай ваеннай тэхнікі. Мы гэта не ўтойваем. Забароненых тэм тут няма».
«Словам, па ўсіх напрамках мы намацваем пытанні, якія нададуць дадатковы імпульс нашаму супрацоўніцтву. Я вельмі хачу, каб наша чарговая сустрэча была значнай і вывела наша супрацоўніцтва на больш высокі ўзровень. Упэўнены, што мы з вам гэтага даб’ёмся», — рэзюмаваў беларускі лідар.
У сваю чаргу Аляксандр Вучыч згадзіўся, што паміж краінамі сапраўды добрыя палітычныя адносіны, але трэба дадаткова папрацаваць над павелічэннем аб’ёму тавараабароту, чаму ў тым ліку садзейнічае стварэнне сумесных прадпрыемстваў. «Мы абсалютна адкрытыя ў гэтым плане, чакаем вас у Бялградзе», — сказаў ён.
«Усё, што вы сказалі наконт ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, — гэта вельмі важна для нас. Вялікі дзякуй за ўсё, што вы ўжо зрабілі», — дадаў Прэзідэнт Сербіі.
Ён таксама падкрэсліў, што ў Сербіі заўсёды рады супрацоўніцтву з дружалюбнай Беларуссю і гатовы рабіць у гэтым напрамку практычныя захады.
Паміж Беларуссю і Сербіяй падтрымліваецца дыялог на вышэйшым і высокім узроўнях. Прэзідэнт Беларусі наведваў Сербію чатыры разы (у 1998, 1999, 2009, 2014 гадах). Адбыліся таксама чатыры візіты лідараў Сербіі ў Беларусь (у 1996, 2013, 2015, 2017 гадах). Цяпер паміж краінамі дзейнічае больш за 40 двухбаковых пагадненняў. У 2009 годзе падпісана міжурадавае пагадненне аб свабодным гандлі. У 2018 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Сербіяй склаў $148 млн.
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] http://zviazda.by/be/news/20190424/1556122519-prezident-zdzeysnic-rabochy-vizit-u-kitay
[4] https://www.belta.by/president/view/lukashenko-rasschityvaet-na-znachitelnoe-razvitie-sotrudnichestva-belarusi-s-serbiej-v-blizhajshie-gody-345535-2019/
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/serbiya