Конкурс пад аднайменнай назвай упершыню пройдзе на Беларускай чыгунцы. За галоўны тытул будуць змагацца шэсць пар. Прыгожыя, энергічныя, дапытлівыя хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце да 31 года прадэманструюць свой талент, творчыя здольнасці і інтэлектуальны патэнцыял.
Гэта прадстаўнікі самых розных чыгуначных прафесій, якія змаглі зарэкамендаваць сябе з найлепшага боку на сваім рабочым месцы, паведамілі ў прэс-цэнтры магістралі. Будзе прадстаўлена па адной пары ўдзельнікаў, якая перамагла ў адборачным туры, ад кожнага аддзялення.
Конкурс будзе праводзіцца ў пяць этапаў. Пачнецца ён з дэфіле ўдзельнікаў «Мой адрас не дом і не вуліца, мой адрас — стальная магістраль». Затым канкурсанты выканаюць канцэртны нумар з калектывам аматарскай мастацкай творчасці (этап «У творчай садружнасці»). Удзельнікам таксама трэба будзе вызначыць, які вядомы куток краіны ці помнік архітэктуры будзе паказаны на экране і расказаць пра яго (этап «Па мясцінах Беларусі»). Падчас правядзення этапу «Карнавал збірае сяброў» адбудзецца дэфіле ў карнавальных касцюмах і іх абарона. Завершыцца конкурс фотасесіяй удзельнікаў у вячэрніх уборах.
Пераможцы конкурсу стануць уладальнікамі ганаровых званняў «Міс Беларускай чыгункі» і «Лідар Беларускай чыгункі», таксама ім будуць уручаны дыпломы і памятныя прызы.
Штогадовая традыцыя выбіраць Міс і Лідара нарадзілася ў Мінскім аддзяленні БЧ сем гадоў таму. Улічваючы асаблівую папулярнасць гэтага конкурсу, сёлета было прынята рашэнне правесці яго сярод работнікаў усёй Беларускай чыгункі.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-chygunka