Вынікі абследавання арганізацый гандлю і сэрвісу за першы квартал 2019 года, праведзенага Нацбанкам у рэгіёнах, выявілі недахоп як манет, так і банкнот беларускіх рублёў. У лісце, які на мінулым тыдні рэгулятар накіраваў камерцыйным банкам, гаворыцца, што "найбольш дэфіцытнымі для размену з'яўляюцца манеты наміналам 1 і 2 капейкі". "Каля 30% арганізацый гандлю (сэрвісу) адчуваюць недахоп у манетах наміналам 5 капеек", - паведамляе finance.tut.by [1] са спасылкай на Нацбанк.
Рэгулятар таксама звяртае ўвагу, што каля 88% арганізацый гандлю і сэрвісу атрымліваюць манеты для размену з уласнай выручкі альбо шляхам размену ў іншых арганізацый, і толькі 12% "здзяйсняюць размен з удзелам банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый".
"Назіралася значнае павелічэнне патрэбнасці ў манетах ўсіх наміналаў, асабліва ў арганізацый гандлю (сэрвісу), размешчаных у Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцях. Пры гэтым у Гомельскай вобласці адбыўся найбольшы рост патрэбнасці ў манетах для размену", - канстатуе Нацбанк.
У мэтах падтрымання правільнага намінальнага стану грашовай наяўнасці ў звароце і прадухілення негатыўных сітуацый Нацбанк прапанаваў банкам "актывізаваць працу з кліентамі па дастаўцы арганізацыям гандлю (сэрвісу) грашовай наяўнасці".
Рэгулятар таксама просіць камерцыйныя банкі "забяспечыць арганізацыям гандлю (сэрвісу) размен банкнот (манет) у касах банкаў, разлікова-касавых цэнтрах, абменных пунктах, якія знаходзяцца ў месцах размяшчэння".
Нацбанк звяртае ўвагу банкаў, што на пастаяннай аснове аналізуецца стан зношанасці банкнот беларускіх рублёў.
"Па выніках такога аналізу выяўлены факты выдачы з кас і банкаматаў банкаў старых банкнот, што сведчыць аб парушэнні банкамі патрабаванняў нарматыўных прававых актаў Нацыянальнага банка па арганізацыі касавай працы, за якую кіраўнікі банкаў нясуць персанальную адказнасць", - падкрэсліваецца ў лісце Нацбанка.
Спасылкі
[1] https://finance.tut.by/news634922.html?crnd=80158
[2] https://zviazda.by/be/tags/nacbank
[3] https://zviazda.by/be/tags/manety
[4] https://zviazda.by/be/tags/kupyury
[5] https://zviazda.by/be/tags/banknoty
[6] https://zviazda.by/be/tags/deficyt