Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Уладзіміра Зяленскага з выбраннем на пасаду Прэзідэнта Украіны, перадае БЕЛТА [4] са спасылкай на прэс-службу беларускага лідара.
«З задавальненнем адзначаю, што падмуркам адносін паміж нашымі краінамі традыцыйна з'яўляюцца загартаваныя сумеснай гісторыяй брацкія сувязі беларусаў і ўкраінцаў. Пацвярджаю, Беларусь заўсёды была і застанецца для Украіны прадказальным партнёрам, надзейным суседам і добрым сябрам», - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананне, што сумесныя намаганні дазволяць захаваць на доўгі час і паглыбіць пазітыўную дынаміку двухбаковага супрацоўніцтва, а дзейнасць Уладзіміра Зяленскага ў якасці кіраўніка дзяржавы будзе садзейнічаць росквіту Украіны, устанаўленню міру і грамадзянскай згоды.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Уладзіміру Зяленскаму моцнага здароўя і здзяйснення ўсіх планаў на карысць дружалюбнага ўкраінскага народа.
Падчас рэспубліканскага суботніка [5] Прэзідэнт Беларусі выказаў меркаванне аб тым, як вынікі выбараў у суседняй краіне паўплываюць на беларуска-ўкраінскія адносіны.
«Абсалютна перакананы, каго б украінскі народ не абраў прэзідэнтам, у нас застануцца самыя добрыя і самыя цёплыя адносіны з гэтай краінай. Калі гэта будзе Пётр Парашэнка, нам нічога не трэба выбудоўваць. Мы нашы адносіны выбудавалі — бывала добра, бывала горш, але мы заўсёды знаходзілі вырашэннi пытанняў, — падкрэсліў беларускі лідар. — Валодзя Зяленскі — чалавек новы, якога можна навучыць — я заўважыў гэта ўчора па яго выступленні. Так, малады, так, яшчэ нявопытны. Але слухайце, я таксама калісьці быў яшчэ больш малады і нявопытны. Таму ці мне сёння ацэньваць Зяленскага?»
Ён зноў падкрэсліў: калі Украіна абярэ прэзідэнтам Уладзіміра Зяленскага, Беларусь выбудуе такія ж добрыя адносіны. Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што ўсё залежыць ад народа, а не кіраўніка.
«Мы побач, мы асуджаныя госпадам богам жыць разам. І калі нейкі палітык ва Украіне ці Беларусі не разумее гэтых божых ісцін якраз напярэдадні святога дня Вялікадня, калі гэта ён не разумее, то ён асуджаны на няўдачу. Таму каго б не абралі ва Украіне, мы з імі знойдзем агульную мову, мы выбудуем добрыя адносіны, мы заўсёды будзем супрацоўнічаць у інтарэсах двух народаў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы ў суботу.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://www.belta.by/president/view/lukashenko-pozdravil-zelenskogo-s-izbraniem-na-post-prezidenta-ukrainy-344944-2019/
[5] http://zviazda.by/be/news/20190420/1555748970-prezident-vysadzhvae-drevy-u-minskim-rayone
[6] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-zyalenski
[7] https://zviazda.by/be/tags/pyotr-parashenka
[8] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka