За мiнулы год 26 усыноўленых дзяцей паўторна сталi сiротамi. Аднойчы яны ўжо засталiся без самых блiзкiх на зямлi — сваiх родных бацькоў. Але раптам з'явiлася надзея. Iх знайшлi iншыя людзi, якiя прынялi рашэнне: дапамагчы маленькiм чалавечкам перажыць iх вялiкую трагедыю. Яны прытулiлi малых да сябе i паабяцалi быць iх новымi бацькамi. I вось зноў — падман, зноў нiкому не патрэбныя...
Чаму так адбываецца i як уплывае на жыццё дзяцей такая здрада, расказваюць спецыялiсты Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення.
— Ёсць некалькi прычын, чаму здараюцца адмены ўсынаўлення, — тлумачыць Вольга ГЛIНСКАЯ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення. — Гэта смерць усынавiцеляў, развод — калi раптам дзiця ўжо непатрэбнае, нейкiя ўнутрысямейныя канфлiкты, напрыклад, у бацькоў, дзе побач з усыноўленымi выхоўваюцца бiялагiчныя дзецi. Ёсць i выпадкi, калi людзi ўвогуле аказалiся не гатовы да бацькоўства.
Дарэчы, адмена ўсынаўлення адбылася ў дачыненнi да дзяцей, якiх усынавiлi ў 2011—2015 гадах, — на гэты перыяд прыйшоўся пiк усынаўлення ў краiне. Падчас тых кампанiй па ўладкаваннi дзяцей у сем'i ў год усынаўлялi амаль па 580 дзяцей.
У чым небяспека
Страта бацькоў лiчыцца адной з самых цяжкiх траўмаў. Дзецi, у якiх псiхiка больш-менш моцная i здароўе дазваляе, пры ўмелым падыходзе прыёмных бацькоў могуць перажыць першую траўму. Але аднаўленне псiхiкi праходзiць значна больш цяжка, калi траўму страты дзiця атрымлiвае паўторна.
— Уявiце сабе, што вы зламалi руку, — гаворыць Надзея ЧЫРКОВА, педагог-псiхолаг Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення. — Працэс аднаўлення магчымы. Прайшоў час, рука зажыла, вы прайшлi курс рэабiлiтацыi. I тут раз — на тым жа месцы рука зноў зламалася. Вынiк — зажыўленне будзе праходзiць цяжка, i на гэта спатрэбiцца больш часу. З псiхiкай працэсы «зажыўлення» яшчэ больш складаныя.
Аднаўленне даверу да людзей, жыцця i свету ў дзяцей праходзiць паступова i даволi павольна пасля атрымання першай траўмы. Калi ж здраднiцтва паўтараецца — наступствы могуць быць вельмi трагiчныя. Пры такiм развiццi падзей першая i галоўная небяспека — гэта павышэнне схiльнасцi да суiцыду.
— Самай складанай лiчыцца сiтуацыя, калi бацькi вырашаюцца на адмову падчас уваходжання дзiцяцi ў падлеткавы ўзрост, — расказвае Надзея Чыркова. — Гэты перыяд цяжка пераадольваюць маладыя людзi нават з паспяховых сем'яў, дзе ўважлiвыя i клапатлiвыя бацькi. Падчас пераходнага ўзросту адбываецца гарманальная, фiзiчная i псiхалагiчная перабудова, калi маладыя сумняваюцца ва ўсiм. А тут да гэтага дадаецца здрада блiзкiх, якiя некалькi гадоў запар даказвалi, што iм можна давяраць, што свет — не варожы... У такой сiтуацыi не кожны здаровы зможа выстаяць, не тое, што траўмаванае дзiця.
Яшчэ адна небяспека такiх падзей у жыццi сiрот — з'яўленне ў iх дэвiянтных паводзiн. А гэта азначае схiльнасць да рознага роду залежнасцяў, напрыклад, алкагольнай цi наркатычнай, да бадзяжнiцтва, да здзяйснення розных злачынстваў.
— Але самае крыўднае, што дзiця сыходзiць у соцыум без веры ў сям'ю, без яе падтрымкi, — дадае спецыялiст. — У такiх людзей быццам бы няма ўнутранай асновы, фундамента... Яны часта становяцца ахвярамi педафiлаў i злачынцаў, якiя знiшчаюць цi падаўляюць iх унутраную асобу.
Пра давер i недавер
Каб зразумець, што адбываецца з дзецьмi, якiя засталiся без апекi бацькоў, трэба ведаць сутнасць тэорыi прыхiльнасцi. Прыхiльнасць — гэта такая нябачная нiтка, якая звязвае мацi i дзiця.
— Сувязь памiж мацi i дзiцем вельмi моцная, — тлумачыць Наталля ГЕНЦАЛЕВА, педагог-псiхолаг Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення. — Малое цалкам залежыць ад мацi, якая ў iдэале задавальняе фiзiчныя, псiхалагiчныя i эмацыянальныя патрэбы дзiцяцi. Прыхiльнасць з'яўляецца з пачаткам фармiравання плода. I першы крызiс узнiкае ў нованароджанага, калi ён пакiдае звыклае асяроддзе, у якiм знаходзiўся. Немаўля пачынае самастойна дыхаць кiслародам, яму трэба па-iншаму харчавацца, яно можа адчуваць холад, голад, дыскамфорт. Усё не так, як ва ўлоннi мацi. I гэта стрэс. Пачуццё бяспекi вельмi важнае для чалавека, i яно адыгрывае вырашальную ролю ў фармiраваннi даверу да жыцця. Давер фармiруецца ў мацi на руках. Калi бяспека iснуе ў адносiнах памiж мамай i дзiцем, то яна фармiруе базавы давер да дарослых. Адразу — гэта бацькi, потым — блiзкае асяроддзе.
— Гэта незвычайнае развiццё даверу да свету можна ўбачыць i збоку, — гаворыць спецыялiст. — Спачатку немаўля жыве быццам бы на руках у мацi, потым на каленях, потым — гуляе поруч, i толькi пасля ўсё больш смялее i тады аддаляецца ад мацi. Давер пачынаецца з матчыных рук i развiваецца павольна, раўнамернымi i невялiкiмi крокамi. Калi дзiця пачынае наведваць садок, межы яго даверу ўсё больш пашыраюцца, як i ў школе. Калi ўсё адбываецца так, як трэба, чалавек адчувае сябе ўпэўненым i ўмее дасягаць сваiх мэт. Чым больш даверу — тым вышэй мэты. Такая асоба не баiцца жыць, адчувае ўнутраную апору, якую дала яшчэ тая дзiцячая прыхiльнасць.
У дзiцяцi з неўладкаванай сям'i дэфармацыя прыхiльнасцi адбываецца ўжо на пачатковых этапах. Мацi несвоечасова задавальняе патрэбы немаўляцi. Давер да свету парушаны, дзiця не адчувае сябе ў бяспецы.
— Мы забiраем маленькага чалавека ўжо з парушанай прыхiльнасцю i змяшчаем у iншую сям'ю, — расказвае Наталля Генцалева. — Новыя бацькi паступова даказваюць малому, што свет не такi дрэнны i ў iм можна iснаваць, што дарослым можна давяраць, а ён, хоць i малы, але вельмi важны чалавечак на гэтым свеце. Але...
Калi мацi-ўсынавiцель ускладае на сябе гэту ролю, яна вельмi стамляецца. Быць усынавiцелем — гэта вельмi затратная эмацыянальная роля. Адаптацыя дзiцяцi ў новай сям'i i новая прыхiльнасць фармiруецца на працягу з года да пяцi гадоў. За гэты час, калi ўсынавiцелi не будуць клапацiцца аб сабе i аб сваiм эмацыянальным стане, то проста выгараць. Ужо i дзiця, здаецца, пачынае давяраць сваiм дарослым, а мацi ўжо нiчога не можа i не хоча, бо перагарэла.
У такiм стане яна падае заяву на адмену ўсынаўлення. У вынiку старая траўма малога абвастраецца, дзiця ўпэўнiваецца, што дарослым давяраць нельга. Увесь свет для яго становiцца варожы. I не важна, у якiм узросце малое атрымала паўторную траўму — усе яе былыя сiмптомы ўспыхнуць з новай, больш разбуральнай сiлай.
— Калi прыхiльнасць парушана, то новую сфармiраваць вельмi складана, — тлумачыць спецыялiст. — Але! Асоба чалавека шматгранная, мозг — вельмi разумны, i ён часта дапамагае ў такiх сiтуацыях. Напрыклад, уключае механiзм выцяснення, калi ўспамiны занадта траўматычныя. Ёсць дзецi, якiя перажывалi i па чатыры здрады з боку дарослых, але iм усё роўна ўдалося адаптавацца, атрымаць годную адукацыю i стварыць сям'ю.
Цi можна гэта прадухiлiць?
Жанчына марыла аб дзiцяцi. Яна нарадзiлася ў шматдзетнай сям'i i таму для яе было натуральным i важным рэалiзаваць сябе як мацi. Ужо будучы замужам, яна даведалася, што не можа мець дзяцей. З мужам прайшлi ўсё: i складанае лячэнне, i няўдалыя спробы ЭКА. Вырашылi ўдачарыць дзяўчынку. I вось, калi, здаецца, мара здзейснiлася, нешта пайшло не так. Усё, што да гэтага ўяўляла сабе жанчына: жыццё з дзiцем, блiзкiя адносiны з мужам, — аказалася iлюзiяй. Даглядаць малое было вельмi складана, муж не дапамагаў, часта з'язджаў у працяглыя камандзiроўкi. Жанчына адчувала сябе прывязанай да гэтай дзяўчынкi. Родныя не разумелi яе пакут i стомленасцi.
У вынiку, калi муж вяртаўся дадому, яна зрывалася. У хуткiм часе муж сышоў. Жанчына стала патроху выпiваць. Яна не мела зносiн з iншымi ўсынавiцелямi, якiя маглi б яе падтрымаць, i не звярнулася да спецыялiстаў па дапамогу. Калi ж даведалася, што яе былы муж ажанiўся i ў яго нарадзiлася дзiця, то больш не стрымлiвала сябе. На адмену ўсынаўлення падалi дакументы органы апекi. Жанчыну пазбавiлi бацькоўскiх правоў.
— Канешне, мы праводзiм падрыхтоўчую работу з будучымi бацькамi, — гаворыць Аляксандр МАЛАШУК, педагог-псiхолаг Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення. — Тэсцiруем усынавiцеляў i можам убачыць iх рэсурсы, праблемы цi крызiсы, якiя ёсць у сям'i, але толькi на момант тэсцiравання. Мы можам ацанiць iх кампетэнцыi, здольнасць кантраляваць сябе i разумець свае патрэбы. Аднак гэта нiколi не дасць гарантыi, што адмена ўсынаўлення не здарыцца. Мы кансультуем будучых бацькоў, расказваем, дзе ў iх ёсць рызыка, зыходзячы з асаблiвасцяў iх тэмпераменту. Нават можам парэкамендаваць узрост дзiцяцi. Працуем на апярэджанне: расказваем, якiя iх могуць чакаць складанасцi, як выглядаюць першыя прыкметы выгарання, вучым iх быць больш адкрытымi, каб яны не баялiся звяртацца па дапамогу. Аднак часта для ўсынавiцеляў звярнуцца да спецыялiстаў — значыць прызнаць, што яны не справiлiся. Хоць многiя праблемы маглi б даволi хутка вырашыцца. Часцей за ўсё iнфармацыя да нас прыходзiць ужо позна, калi адмена ўсынаўлення адбылася.
Каб зменшыць колькасць адмен, НЦУ стварае сёння сiстэму суправаджэння бацькоў-усынавiцеляў. Так, напрыклад, адкрыты клуб для бацькоў-усынавiцеляў, для ўсыноўленых дзяцей, дзе з дзецьмi працуюць псiхолагi. Пачалi наладжваць работу з дзiцячымi дамамi сямейнага тыпу i прыёмнымi сем'ямi, каб прадухiлiць выгаранне прыёмных бацькоў i даць магчымасць выхавацелям высокага ўзроўню дапамагчы маладым усынавiцелям. У сацыяльных сетках стварылi групу для ўсынавiцеляў i прыёмных бацькоў, дзе людзi могуць падтрымаць адно аднаго, задаць пытанне спецыялiстам i атрымаць кампетэнтны адказ.
— Усе гэтыя групы толькi пачалi сваю работу, — гаворыць дырэктар Вольга Глінская. — Але ўжо прайшлi першыя сустрэчы. Удзельнiкi былi вельмi задаволены, бо ўжо на пачатку свайго бацькоўства адчуваюць, што не застануцца сам-насам са сваiмi праблемамi. Ёсць людзi, якiя прыйдуць iм на дапамогу. Магчыма, такая форма суправаджэння дазволiць скарацiць колькасць дзяцей з паўторнай траўмай страты.
Наталля ТАЛIВIНСКАЯ
Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/backi
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzeci-siroty