З 2007 года праводзіцца Сусветны турнір па дзюдо сярод паліцыі і арміі. Ён прысвечаны памяці супрацоўнікаў, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку. Для паліцэйскіх, ваеннаслужачых і ратавальнікаў з многіх краін ён з'яўляецца адным з асноўных спартыўных мерапрыемстваў. Трынаццаты па ліку турнір застаўся за камандай МУС Беларусі.
— Гэтая перамога вельмі каштоўная яшчэ і таму, што наша каманда ўпершыню дамаглася чэмпіёнства, — расказаў начальнік аддзела службовай падрыхтоўкі ўпраўлення прафесійнай падрыхтоўкі галоўнага ўпраўлення кадраў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі палкоўнік міліцыі Віктар Янчуковіч. — Да таго адзінаццаць разоў турнір выйгравалі расіяне і аднойчы вікторыю здабылі японцы. Але з мінулых спаборніцтваў нашы дзюдаісты прывозілі бронзавыя медалі, а летась узняліся на другую прыступку п'едэстала гонару.
Сёлета на базу палаца спорту «Дынама» ў Маскве з'ехаліся 14 камандаў з Беларусі, Расіі, Аўстрыі, Грэцыі, Японіі, Чэхіі і Літвы. На шляху да фіналу беларусы перайгралі зборныя паліцыі Літвы, Грэцыі і Японіі. У вырашальным паядынку ім супрацьстаяла інтэрнацыянальная зборная паліцэйскай асацыяцыі Расіі.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzyudo