«Опера звычайна канчаецца смерцю, а тут канец увесь у любові». У Вялікім тэатры оперы і балета рыхтуецца прэм'ера знакамітай аўстрыйскай аперэты Іагана Штрауса «Лятучая мыш». Вялікі звярнуўся да жанра аперэты — «не самую высокую гару тэатральнага мастацтва, на якую тым не менш вельмі складана ўзабрацца» — упершыню з 1960-х гадоў. У прыватнасці «Лятучая мыш», над якой тады працавалі рэжысёр Вячаслаў Броўкін і дырыжор Таццяна Каламійцава, была першы і апошні раз пастаўлена ў 1961 годзе. Гэтым разам пастаноўку робіць міжнародная каманда на чале з венгерскім рэжысёрам-пастаноўшчыкам Міклашам Габарам Керэньі і дырыжорам з Італіі Джанлука Марчана.
Прэм'ера «Лятучая мыш», спачатку не вельмі паспяховая, адбылася ў 1874 годзе ў венскім тэатры «Ан дэр Він», які існуе і сёння. Іаган Штраус быў адным з тых, хто распрацоўваў французскі жанр на аўстрыйскім матэрыяле — ён напісаў шаснаццаць аперэт, але няшмат з іх увайшлі ў кола безумоўных музычных каштоўнасцяў. Камедыйная «Лятучая мыш», хоць па першым часе і не сустрэла асаблівага энтузіязму, з паўторнымі пастаноўкамі прагучала даволі гучна і ў выніку разышлася па ўсім свеце.
У сюжэце задзейнічаны сужэнцы Разалінда і Айзенштайн, іх пакаёўка Адэль, закаханы ў Разалінду Альфрэд, дырэктар турмы Франк, гаспадар балю князь Арлоўскі і нарэшце доктар Фальк, які хоча адпомсціць за мінулагодняе прыніжэнне. Лятучая мыш — гэта маскарадны касцюм, у якім п'янага Фалька пакінулі на лаўцы цэнтральнай плошчы і ў якім раніцай ён вымушаны быў смяшыць людзей.
З помсты ён выстаўляе гасцей балю тымі, кім яны не з'яўляюцца, але кім яны з розных прычын гатовы прыкідвацца, каб крыўдзіцель у выніку апынуўся ў такім жа смешным становішчы, у якім некалі Фальк.
Аперэту ў Вялікім ставіць міжнародная каманда — рэжысёра Керэньі суправаджаюць мастак-пастаноўшчык па сцэнаграфіі Тамаш Ракаі, мастак-пастаноўшчык па касцюмах Агнеш Ева Дзермаці і мастак па святле Петэр Шомфаі таксама з Венгрыі. Дырыжор-пастаноўшчык Джанлука Марчана, як ужо было згадана, прыехаў з Італіі, а хормайстрам-пастаноўшчыкам стала народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч.
«Наша каманда шмат працуе ў розных пунктах свету, і паўсюль для нас вельмі важна, каб там, дзе мы зараз знаходзімся, глядзельная зала атрымала тое, у што яна па-сапраўднаму закахаецца, — сказаў Міклаш Габар Керэньі. — Нешта, што глядач убачыць і наступнай раніцай, калі паглядзіцца ў люстэрка, успомніць у сувязі з тым, як добра яму было мінулым вечарам. У дачыненні да чаго ён скажа: «А я ж сябе ў гэтым спектаклі пазнаў!» Мяне заўсёды хвалюе, каб разам з забавай глядач мог таксама падумаць у тэатры, каб пастаноўку можна было ўспрымаць на розных узроўнях, каб у глядзельнай зале аднолькава атрымлівалі задавальненне прафесар медыцыны, прадавец у прадуктовай краме і трынаццацігадовае дзіця».
Рэжысёр таксама адзначыў свой дуэт з Джанлука Марчана, з якім яны «аднолькава глядзяць на крайнасці і прыгажосць сваёй справы і абодва не любяць красавацца». Галоўныя партыі ў «Лятучай мышы» выканаюць вядучыя салісты Вялікага. Тэатр асабліва адзначыў і свайго роду «фішку» пастаноўкі: у ролі турэмнага вартаўніка Фроша выступіць заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Радзівілаў.
Аперэта — для мінскай пастаноўкі, дарэчы, створана адмысловае лібрэта, у чым паўдзельнічаў і рэжысёр, — будзе гучаць на рускай мове. Яе прэм'ера адбудзецца ў Вялікім ужо 16 красавіка.
Сафія ПАЛЯНСКАЯ
Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/safiya-palyanskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[5] https://zviazda.by/be/tags/teatr