Літаратурны парад казачных герояў, знаёмствы з сучаснымі пісьменнікамі, музыка з кінафільмаў, знятых па кнігах, і інтэрактыўныя падарожжы па старонках. Усё гэта і шмат чаго іншага чакае ў суботу 13 красавіка гасцей Міжрэгіянальнага фестывалю «PROдвижение кнігі. Бібліятэчныя прыступкі», які адбудзецца ў пасёлку Карэлічы, што на Гродзеншчыне.
— Мэта фестывалю — падтрымка цікаўнасці да кнігі і прапаганда чытання як культурнага працэсу, — кажа Лілія АРЦЮХ, дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі. — Мы хочам пазнаёміць чытача з беларускімі пісьменнікамі і выдавецтвамі. А для нас як бібліятэкараў гэта яшчэ і абмен вопытам.
На фестываль з'едуцца, як мяркуецца, прадстаўнікі бібліятэк Гродзенскай вобласці з Дзятлава, Навагрудка, Воранава, Ваўкавыска, а таксама са Стоўбцаў і Баранавіч.
Свае творы на фестывалі прэзентуюць сучасныя беларускія літаратурныя мастакі. Пісьменніца Валерыя Фамінова з выдавецтва «Рэгістр» абяцала праспяваць для прысутных, а Міхась Лучыцкі, аўтар ваенна-прыгодніцкіх раманаў, мяркуе далучыць чытачоў да квэст-гульні. Малады аўтар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Гушынец раскажа пра сваю кнігу «Дзяўчынка і кракадзіл», а Віктар Шніп, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура», распавядзе пра кніжныя навінкі.
— Нават у век інфармацыйных тэхналогій кніга займае, як і раней, лідзіруючае становішча сярод іншых носьбітаў інфармацыі, — упэўнена дырэктар карэліцкай бібліятэкі.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/litaratura