У Беларусі перадавыя тэхналогіі будуць выкарыстаны пры выбарчым працэсе. Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў нашай краіны — сябра Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў са штаб-кватэрай у Паўднёвай Карэі. Што да валодання інфармацыйнымі тэхналогіямі, супрацоўнікі ЦВК напоўніцу адпавядаюць патрабаванням сучаснасці, падкрэсліла старшыня камісіі Лідзія ЯРМОШЫНА ў размове з журналістамі.
Ужо няма неабходнасці прыцягваць супрацоўнікаў ЦВК для кантролю выбарчага працэсу — гэтую функцыю ўзялі на сябе сайты, у выніку невялікі калектыў у сталіцы сочыць за ўсёй тэрыторыяй краіны і пры неабходнасці неадкладна ўмешваецца. Як паведаміла Лідзія Ярмошына, у наступных выбарчых кампаніях удасканаліцца працэс інфармавання выбаршчыкаў. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі за ўласны кошт распрацоўваюць мабільную праграму, указаўшы ў якой свой адрас, грамадзянін зможа вызначыць не толькі нумар выбарчага ўчастка і месца яго знаходжання, але і спіс кандыдатаў.
На сайце Цэнтрвыбаркама плануецца размяшчэнне дакладных электронных картаў выбарчых акруг, што дазволіць пазбегнуць памылак пры зборы подпісаў.
Размова журналістаў са старшынёй ЦВК адбылася ў Палаце прадстаўнікоў пасля пасяджэння круглага стала «Роля кіраўніка ў сістэме дзяржаўнага кіравання. Гісторыя. Практыка» да 105-годдзя з дня нараджэння Кірылы Мазурава. Удзельнікі гутаркі згадзіліся, што поспех любой дзяржавы залежыць ад кадравай палітыкі. А дзейнасць першага сакратара ЦК КПБ Кірылы Мазурава і сёння можа заставацца ўзорам для маладых пакаленняў кіраўнікоў. Пытанне толькі, як іх выхаваць.
«У краіне вызначыліся тэндэнцыі прыцягнення моладзі да рашэння пытанняў палітычнага жыцця — напрыклад, з дапамогай маладзёжных парламентаў. Гэтыя ўтварэнні, а можа, нават і нефармалізаваныя групы могуць удзельнічаць у вырашэнні самых важных дзяржаўных пытанняў — па меншай меры, пытанняў адукацыі, навучання, фарміравання асобы кіраўніка», — падкрэсліла Лідзія Ярмошына.
Яна прапанавала Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы прадумаць сістэму круглых сталоў рознай тэматыкі, каб менавіта моладзь магла сказаць, чаго не хапае ў адукацыі: «Парламент, як орган, які прадстаўляе ўсё насельніцтва, павінен узяць на сябе ролю арганізатара грамадскіх дыскусій».
Варвара МАРОЗАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-marozava
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/vybarshchyk
[4] https://zviazda.by/be/tags/mabilnae-prykladanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/vybary