Цяжка цяпер «адарваць» дзяцей ад мабільных тэлефонаў, цяжка захапіць іх нечым іншым — прыгажосцю роднага слова, спортам альбо — мінуўшчынай... Але ж рабіць гэта неяк трэба.
Цягам многіх гадоў мы з вучнямі ды іх бацькамі збіралі розныя рэчы і вырабы, стваралі этнаграфічны куток «Скарбніца». Сёння ў ім больш за сто экспанатаў, наскрозь прасякнутых беларускім духам. Вучні-экскурсаводы з ахвотай апавядаюць, як да нас трапіла тая ці іншая рэч, як яе выкарыстоўвалі ў «мінулым» жыцці. Дзевяцікласнік Арцём Марцулевіч, напрыклад, любіць расказваць пра печ, якую зрабіў творчы калектыў паважаных мною бацькоў і дзяцей 9 «А» класа і якая некалі была (а ў многіх хатах і застаецца) цэнтрам жыцця. У печы нашы бабулі варылі ежу, пяклі хлеб, духмяныя пірагі ды іншую смакату. На ёй жа добра было пагрэцца, асабліва ў сцюжу. А побач з печчу — традыцыйныя прылады працы: маслабойка, начоўкі, качалка, пранік. Нашы вучні добра ведаюць (і іншым расказваюць), што для чаго і як чым карыстацца.
Важнае месца ў нашай калекцыі адведзена ткацтву: тут самапрадка, кудзеля, калаўрот, матавіла, сукала, чаўнакі, верацёны...
Сапраўднае захапленне выклікаюць і лямпы-газніцы! Што ўжо казаць пра шыкоўную мэблю канца XІX стагоддзя: камоду, куфар, трумо, фатэль... Усё гэта змайстраваў і падарыў нам бацька аднаго з нашых вучняў разьбяр па дрэве Віталь Іванавіч Тугай.
Кідаюцца ў вочы і старая швейная машынка, жаночыя сумачкі 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя, цэлая экспазіцыя разнастайных хустак. Нашы прабабулі таксама сачылі за модай. Моладзь з замілаваннем разглядае даматканыя дываны, ручнікі, вышыванкі, сурвэткі-абрусы. Яны прайшлі выпрабаванні і шчасцем, і бядою, але не стаміліся радаваць людзей. Аб гэтым гасцям нашай «Скарбніцы» з імпэтам расказвае дзевяцікласніца Таццяна Чапрасава і прапануе на ўспамін зрабіць здымкі ў адмысловай фотазоне.
...Трэба сказаць, што экскурсіі ў сваёй «Скарбніцы» мы праводзім не толькі для нашых школьнікаў, але і запрашаем дзяцей з іншых навучальных устаноў, кіраўнікоў прадметных метадычных аб'яднанняў, жыхароў раёна. Адным словам, у гэтым музейным кутку — наша гісторыя, наша спадчына, наша мілая Беларусь. І нельга яе не любіць.
Валянціна Яткоўская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 22 г. Гродна
Красавік заўсёды радуе мяне першымі птушкамі, кветкамі, яркімі фарбамі — зялёнай, жоўтай, чырвонай і... шчодрай прымессю чорнай. Асабліва — 11 красавіка, у Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх лагераў смерці. На слыху найбуйнейшыя — Бухенвальд, Дахау, Асвенцім, Трасцянец... А колькі было іншых, амаль невядомых...
Калі пачалася вайна, мы праводзілі тату ў райцэнтр, на фронт. Мяне, пяцігадовую, амаль усю дарогу ён нёс на руках, а мама, цяжарная, ішла побач.
У памяці і кашмары ад прыходу немцаў. Паліцаі (сярод нашых вяскоўцаў іх было чамусьці шмат) прыйшлі да нас на падворак і апісалі вазок ламачча, якое сусед прывёз на дровы: усё, маўляў, было ваша — стала нямецкае.
Яшчэ адзін іхні паслугач праз усю вёску (хата была ў самым канцы) вёў захопнікаў, каб менавіта ў нас, сям'і франтавіка, забраць цялушку. А стараста, дзелячы калгасныя пасевы жыта, не даў нам ніводнага метра. Маме сказаў: «Хай цябе Сталін корміць, калі твой гаспадар за яго ваюе».
А тата і сапраўды ваяваў. Казаў, што ў яго ды іншых салдат былі вінтоўкі і гарматы, — не было патронаў і снарадаў. Не дзіва, што пры абароне Кіева — разам з сотнямі тысяч іншых салдат — ён трапіў у палон, у лагер, які размяшчаўся на тэрыторыі цукровага завода ў горадзе Канатопе і ў якім умовы былі проста невыносныя...
Тату выручыў дзядуля-ўкраінец: выдаў яго за сына і выкупіў у немцаў-ахоўнікаў за бутэльку гарэлкі і кавалак сала. Гэткім жа чынам той дзед Грыгарэнка вызваліў яшчэ некалькі палонных.
Тата, дабраўшыся дахаты, заняўся кавальскай справай, дапамагаў акружэнцам. Нехта данёс на яго немцам, і мы ўсёй сям'ёй апынуліся ў партызанаў, потым —
удзвюх з мамай — у нейкай далёкай вёсцы, а калі тую спалілі, жыць сталі на астравах сярод балот. Я там моцна захварэла, і жыхар вёскі Камаровічы Андрэй Ярмалінскі пашкадаваў: прытуліў нас у сваім курэні (гэта — нешта сярэдняе паміж зямлянкай і буданом). Праўда, прытуліў ненадоўга.
Помню, як аднойчы (гэта быў красавік 44-га) дзядзька закрычаў: «Немцы!» Мы з мамай ледзь паспелі выбрацца... І гэта, як аказалася, добра, што спалі ў тым, у чым хадзілі, бо ўсіх (мужчын асобна і першымі, а потым астатніх) пагналі ў найбліжэйшую вёску. Наша, другая калона з жанчын і дзяцей — хто ў світках, хто ў лапцях, хто без — крочыла па ледзяной вадзе. Немцы — у дыхтоўных ботах амаль да паясніцы — ішлі з сабакамі па ўзбочынах дарогі.
Толькі надвячоркам нас прыгналі ў вёску Клясаў нашага ж Петрыкаўскага раёна, за высокі калючы дрот, дзе стаялі хіба дзве хаціны без вакон і дзвярэй. Там нас пазнала жанчына з вёскі Беразнякі. Ад яе мы даведаліся, што цяпер, адступаючы, немцы ўсіх, каго дзе зловяць, прымаюць за партызанаў і страшэнна лютуюць. Ва ўсякім разе, нас у тым загоне ніхто нічым не карміў. Адзінае — каля плота была старая мелкая студня без зруба. Матулі станавіліся перад ёй на калені, кацялком даставалі ваду — падавалі дзецям, каб пілі малымі глыткамі і тым самым заглушалі голад.
Некалькі пажылых жанчын (дужэйшых і маладзейшых штодзень некуды вывозілі, і назад яны не вярталіся) сталі прасіць, каб ахоўнікі выпусцілі іх пахадзіць па вёсках, пажабраваць: выпрасіць хоць трохі ежы. Толькі праз тры дні тром жанчынам, дзеці якіх заставаліся за дротам, гэта дазволілі.
Што можна было выпрасіць у красавіку 1944-га? Ды, можна сказаць, што нічога: давалі хто некалькі бульбін, хто кавалак качана кіслай капусты.
Як было размеркаваць гэта на дзясяткі галодных дзяцей? Але ж матулі неяк дзялілі і, галоўнае, спадзяваліся, што пойдуць па хатах заўтра і зноў мо нешта прынясуць.
Так не выйшла: на наступны дзень з самай раніцы пад'ехала некалькі грузавікоў, накрытых брызентам. Немцы — а іх было шмат — зайшлі на тэрыторыю нашага загона. Адзін па-руску загадаў пастроіць усіх дзяцей, іншыя — хадзілі паміж радамі, пальцамі ў скураных пальчатках некага тыцкалі ў грудзі і ставілі асобна.
Я, знясіленая голадам, сядзела на парозе хаты. Калі немцы падышлі да яе, мама з цёткай Параскай сказалі, што я і тыя дзеці, што ў хаце, — тыфозныя. Гэта спрацавала, бо я была нагала пастрыжанай пасля хваробы, з болькамі вакол рота, якія лопаліся і крывавілі. Такія дзеці немцаў не цікавілі.
...Доўгае жыццё ў лесе без ежы, без вопраткі, лазні зрабіла маю маму непазнавальна жорсткай. Яна казала, каб я не плакала і нічога не прасіла, а то яна пакіне мяне ў лесе адну. Гэты жах забіваў усе жаданні. Я стала маўчаць нават тады, калі нясцерпна балеў жывот: дарослыя прасілі нас не есці жалуды ці хоць не налягаць. А як было ўтрымацца, калі ад голаду цямнела ў вачах...
Тых здаравейшых дзяцей немцы пагрузілі ў крытыя грузавікі і павезлі. Іх матуль, што кідаліся ўслед, жорстка білі прыкладамі.
...У суботу напярэдадні Вялікадня цётка Параска ўсё ж дапрасілася пайсці пажабраваць. Мама засталася з дзецьмі. Яна спрабавала дастаць са студні вады, але не было вяроўчыны, каб зачапіць кацялок — ёю падперазалася цётка.
З вёскі яна прынесла некалькі бульбін, палову качана капусты і трошкі тоўчанай бульбы з ільняным семем. Нічога смачнейшага я ніколі не ела!
Ноччу савецкія самалёты бамбілі вёску. Загінула некалькі коней. Немцы дазволілі жыхарам забраць мяса. Каб зварыць яго, нажабраванага, мама з цёткай Параскай разламалі вароты хлява, расклалі вогнішча... Елі дзе сырое, дзе падгарэлае. А потым...
Вартаўнікоў вакол загона стала менш, і цётка Параска падбіла маму ўцякаць, пакуль немцы, адступаючы, не расстралялі, не «знішчылі сляды».
У дажджлівую ноч, калі паліцаі-вартаўнікі пахаваліся ў будках, некалькі жанчын падгрэбліся пад калючым дротам за хлявом і рушылі ў лес. Па ім мы блукалі амаль два месяцы. Елі кісліцу, снітку, маладыя хваёвыя пупышкі, ад якіх усё цела пахла смалой. Што-нішто давалі вяскоўцы, якія таксама ратаваліся ў лесе.
Толькі ў ліпені нашу вёску Брынёў вызвалілі ад немцаў, і мы змаглі вярнуцца дамоў, але былі настолькі знясілены, што нас не пазнавалі не толькі чужыя, але і родная бабуля, маміна мама! Яна і сказала, што нас ужо не чакалі, бо лічылі, што мы загінулі ў спаленым Падозбіне...
Пазней я спрабавала адшукаць сляды людзей, што былі разам з намі ў Клясаве. Даведалася, што жанчын немцы бралі капаць траншэі, а потым вывезлі ў Асвенцім. Сляды дзяцей згубіліся ў Мінску.
Я туды потым ездзіла — у музей гісторыі вайны, убачыла скрынку з галоўкамі суставаў спаленых дзяцей і не вытрымала — выйшла на вуліцу.
Што яшчэ расказаць пра сябе? Расла адна. У першы клас пайшла толькі ў дзевяць гадоў. Раней не пускалі хваробы. Сястрычку маю мама нарадзіла дачасна, і яна хутка памерла. Тата таксама цяжка хварэў — астма, ногі. Ён нават пасведчанне ветэрана не паспеў атрымаць. Такі вось лёс у дзяцей вайны, якія выжылі.
Ніна Кандрашонак, г. Петрыкаў
Наш славуты Нарачанскі край я палюбіла з першай сустрэчы. Добра помню, як уразіла тады, чвэрць стагоддзя назад, унікальнасць гэтых мясцін, іх прыродная прыгажосць: возера, лес, гаючае паветра, мноства красак і птушак, а ўжо людзі...
З тых часоў, каб падтрымаць здароўе, я штогод старалася з'ездзіць на Нарач і такім чынам рабілася жывой сведкай развіцця санаторыя «Прыазёрны». У кожны прыезд бачыла нешта новае: лазневы комплекс з басейнам, гасцініцы-катэджы, адрамантаваныя карпусы, танцавальную залу... Да ўсяго там заўсёды панавалі чысціня і ўтульнасць, прыцягвала бібліятэка, па-нашаму шчодры «шведскі стол»...
А таму зусім не дзіўна, што ў санаторыі можна сустрэць не толькі жыхароў Беларусі ды краін былога Саюза, але і далёкага замежжа: Ізраіля, Швейцарыі, Германіі, ЗША... Летась, напрыклад, мне пашчасціла пазнаёміцца з сужэнцамі, якія аднойчы прыехалі ў санаторый паасобку і пасля гэтага ўжо 11 гадоў прыязджаюць разам. Самыя добрыя водгукі давялося пачуць ад гасцей з Расіі, Украіны, Літвы, Азербайджана... А найбольш, помню, уразілі словы сужэнцаў з Масквы, якія сказалі, што сюды іх цягне прыкладна гэтак жа, як... дамоў.
З тымі ж пачуццямі еду на Нарач я і заўсёды ганаруся: нам сапраўды ёсць што паказаць і сабе, і замежнікам, ёсць чым ганарыцца.
Cоф'я Жыбулеўская, г. Мінск
«Бо яна — як адданы сябар»
...Падчас адпачынку два тыдні маркоціўся без любімай «Звязды»: не было яе ў бібліятэках санаторыя і аграгарадка Парэчча, не было і ў продажы. Адкуль...
Раней лічыў я, што газета —
З паперы зроблены прадмет.
Ды памыляўся ўсё ж пры гэтым,
Бо ўбачыў шмат жывых прыкмет:
Газета мае дзень народзін
(я ж супраць праўды не грашу),
Імя, характар, стыль паводзін,
Свой розум, голас і душу...
А таму, відаць, і для мяне, і для многіх «Звязда» не проста крыніца інфармацыі, але ў пэўным сэнсе і сапраўдны, адданы сябар, якога не хапае, без якога сумуеш у тыя дні, калі пустуе паштовая скрынка ці калі сам з нейкіх прычын адлучаешся з дому. І тады ўжо чакаеш сустрэчы — з пэўнымі журналістамі, з роднай мовай.
«Звязда» цікава расказвае пра розныя куточкі Беларусі, пра хараство нашай прыроды, адметных людзей. Маю ўвагу заўсёды прыцягваюць артыкулы на ваенную, гістарычную і прававую тэматыку, канкрэтныя жыццёвыя парады, з задавальненнем і заўжды чытаю рубрыкі «Неасабісты суб'ектыў», «Простая мова», «Так ці не?»...
Адметнай асаблівасцю газеты з'яўляецца і тое, што яна заўсёды ў шчырым дыялогу са сваімі падпісчыкамі, якія, у сваю чаргу, дзеляцца на тых, хто проста чытае, і тых, хто яшчэ і піша. На мой погляд, іншыя выданні могуць толькі пазайздросціць, бо няма ў іх такіх аўтараў, як спадарыні Валянціна Гудачкова, Соф'я Кусянкова, Ніна Бурко, Любоў Чыгрынава, спадары Валерый Гаўрыш, Мікалай Старых, сужэнцы Астроўскія і многія, многія іншыя. Гэта ж цэлы згуртаваны калектыў, клопатам якога трымаюцца любімыя рубрыкі «Хто каго?», «...Народ на провадзе!», «Што людзі пішуць»...
Дык няхай жа не змяншаецца колькасць прыхільнікаў любімай «Звязды», хай шчасціць усім — і рупліўцам-стваральнікам газеты, і яе аўтарам, і ўсім чытачам!
А яшчэ хочацца пажадаць нам, каб жыла наша мова, каб у жыцці і, адпаведна, на старонках газеты, было меней дрэнных навін і паболей добрых!
Аляксандр Матошка,
в. Янкавічы, Расонскі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/chytachy
[3] https://zviazda.by/be/tags/poshta
[4] https://zviazda.by/be/tags/z-redakcyynay-poshty