...Дзевяць гадоў таму — у 2010 годзе — кіраўнік дзяржавы пралятаў на верталёце над тэрыторыяй палескага рэгіёна. Ён звярнуў увагу на поймавую частку Палесся. Прыпяцкія паплавы зарасталі хмызняком. Карцінку дапаўняла інфармацыя пра тое, што насельніцтва ў раёнах убывае. Усё гэта сведчыла пра заняпад рэгіёна, таму трэба было прыняць рашэнне.
І яно было прынята: 29 сакавіка 2010 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 161, згодна з якім у Беларусі была зацверджана Дзяржаўная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010—2015 гады.
Дарэчы, а што ж такое Прыпяцкае Палессе? Гэта тры раёны Брэсцкай вобласці — Пінскі, Столінскі і Лунінецкі — і чатыры Гомельскай — Жыткавіцкі, Петрыкаўскі, Мазырскі і Нараўлянскі.
Мэта праграмы — у вышэйназваных раёнах забяспечыць устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё на аснове комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў, павелічэнне экспарту, прыцягненне інвестыцый, захаванне ўмоў узнаўлення прыродна-рэсурснага патэнцыялу і стварэнне спрыяльных умоў для пражывання насельніцтва.
Прадугледжаныя мерапрыемствы былі накіраваны на цэлы россып мэт: развіццё сацыяльнай сферы, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання меліяраваных зямель, прадухіленне дэградацыі зямель і аграландшафтаў, развіццё сельскай і рыбнай гаспадаркі, рацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў і захаванне іх ад спусташэння і забруджвання.
Вядома, былі прадугледжаны працэдуры па ахове лясных рэсурсаў і рэсурсаў расліннага і жывёльнага свету, выкарыстанні рэсурсаў паляўнічай фаўны, мінімізацыі наступстваў надзвычайных сітуацый і тэхнагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Таксама ў праграме закраналася развіццё турызму, прыдарожнага і рачнога сэрвісу, стварэнне адпаведнай інфраструктуры для пашырэння турыстычных паслуг.
Дарэчы, для арганізацый, якія ажыццяўлялі дзейнасць на тэрыторыі Прыпяцкага Палесся, быў усталяваны шэраг ільгот.
Якія вынікі дала праграма? Іх коратка і ясна абазначыў сённяшні памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы, які доўгі час быў віцэ-прэм'ерам, у інтэрв'ю «Сельскай газеце» праз шэсць гадоў дзеяння праграмы ў верасні 2016 года:
«На тэрыторыі 11 рэгіёнаў Гомельшчыны і Брэстчыны пабудавана 66 і столькі ж рэканструявана малочнатаварных фермаў, 19 зернесушыльных комплексаў, 3 даільныя блокі, 3 агароднінасховішчы, 6 бульбасховішчаў, рэканструявана 3 свінакомплексы, 4 бульбасховішчы, набыта тэхніка для сельскагаспадарчых арганізацый. Рэалізаваны найбольш буйныя праекты па развіцці прамысловага патэнцыялу палескага рэгіёна. Гэта і будаўніцтва пятай тэхналагічнай лініі па вытворчасці шчэбню на РУВП «Граніт», Тураўскага малочнага камбіната, малой ГЭС на гідравузле «Стахава», і тэхнічнае перааснашчэнне і рэканструкцыя Жыткавіцкага кансервавага завода і цэха па перапрацоўцы насення рапсу на ПВУП «ГЖК «Прыпяць», Нараўлянскай цэнтральнай раённай бальніцы і іншыя. У сферы турызму зроблена нямала: з'явілася 27 аб'ектаў інфраструктуры, створана 10 турыстычных маршрутаў».
Палессе на шляху развіцця не спыняецца.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Усе публікацыі рубрыкі "Чвэрць стагоддзя" [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://zviazda.by/be/tags/chverc-stagoddzya
[4] https://zviazda.by/be/tags/chverc-stagoddzya