На рэспубліканскі творчы радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі», зладжаны Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё ўжо восьмы раз, паступіла 410 заявак. Арганізатары адзначаюць, што колькасць удзельнікаў сёлета рэкордная.
— Як заўсёды, самая шматлікая намінацыя — эстрадны вакал, — удакладняе аўтар і кіраўнік праекта Таццяна ЯКУШАВА, — аднак цешыць тое, што ў гэтым годзе ўсяго на 20 заявак менш і ў інструментальнай намінацыі. Гэта добрая тэндэнцыя, якая сведчыць пра запатрабаванасць нашага конкурсу сярод прадстаўнікоў акадэмічных жанраў, пра тое, што нам давяраюць.
Творчая планка конкурсу застаецца стабільна высокай. Так, у свой час лаўрэатамі і прызёрамі «Маладых талентаў Беларусі» станавіліся Алена Ланская, Юрый Дземідовіч, Лідзія Заблоцкая, Аляксандр Мінёнак, Хелена Мерааі, Кірыл Ермакоў, Зінаіда Купрыяновіч і многія іншыя маладыя выканаўцы, чые імёны сёння ўжо на слыху ў шырокай аўдыторыі. А па выніках леташняга спаборніцтва, у якім удзельнічала больш за 330 таленавітых дзяцей, падлеткаў і маладых людзей з усіх рэгіёнаў краіны, 20 лаўрэатаў атрымалі стыпендыі і прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.
Калі адлюстроўваць ход конкурсу стрыманай мовай лічбаў, то сёлета ў намінацыі «Эстрадны вакал» арганізатары атрымалі заяўкі ад 157 салістаў і 37 ансамбляў, «Інструментальная музыка» сабрала заяўкі 139 салістаў і 30 калектываў, у намінацыі «Спадчына» возьмуць удзел 27 сольных артыстаў і 10 творчых суполак. У найбліжэйшы час усе дасланыя запісы праслухае прафесійнае журы на чале з народным артыстам Беларусі кампазітарам Леанідам Захлеўным. З 16 красавіка да канца месяца адбудуцца другі і трэці туры творчага спаборніцтва — жывыя праслухоўванні ўдзельнікаў у сталічным Доме радыё. Пераможцаў 8-га рэспубліканскага конкурсу «Маладыя таленты Беларусі» абвесцяць і ўзнагародзяць 2 мая падчас міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «СМІ ў Беларусі».
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[5] https://zviazda.by/be/tags/radyyo