Фінальны этап рэспубліканскага конкурсу “Школа бяспекі” сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі пройдзе з 27 па 29 сакавіка ў Мінску ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС.
Удзельнікі - лепшыя знаўцы асноў бяспекі жыццядзейнасці, якія занялі першыя месцы ў раённых (гарадскіх), а затым і ў абласных этапах конкурсу. Яны дзеляцца на тры ўзроставыя групы: 1-4 класы, 5-8 класы і 9-11 класы.
Выпрабаванні стартуюць заўтра. Яны ўключаюць у сябе “Тэсціраванне”, якое складаецца са 100 пытанняў на розныя тэмы, конкурс “Я раскажу вам ...”, дзе кожны ўдзельнік выступае на працягу адной хвіліны ў рамках зададзенай ратавальнікамі тэматыкі, “Фінал”, у якім пяць удзельнікаў будуць змагацца за балы, і камандны “Брэйн-рынг”.
На працягу ўсіх спаборніцтваў хлопцаў і дзяўчат будуць ацэньваць члены прафесійнага журы, якія затым падвядуць вынікі і ўзнагародзяць лепшых знаўцаў АБЖ.
Арганізатарамі рэспубліканскага конкурсу, акрамя МНС і іх юных памочнікаў, сталі Міністэрства адукацыі, Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства і БРСМ.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/brsm