Унікальны тайм-бот [4] для сацыяльнай сеткі «УКантакце» распрацавалі чацвёртакурснікі Інстытута бізнесу БДУ. Ідэя належыць Раману Шабановічу, а тэхнічная рэалізацыя — Андрэю Таўкіню.
Інфармацыя на тайм-бот паступае з сервера сайта Інстытута бізнесу БДУ. З дапамогай рэсурсу студэнты і выкладчыкі цяпер могуць аператыўна даведацца пра час заняткаў у любы дзень тыдня. Для гэтага ім дастаткова выбраць каманду «Расклад», увесці нумар групы, і тайм-бот паведаміць ім пра час, месца правядзення заняткаў, а таксама імя лектара. Акрамя таго, рэсурс змяшчае каманду «Выкладчык»: анлайн-памочнік можа паказаць графік любога выкладчыка па заяўленым прозвішчы. Таксама ў карыстальнікаў ёсць магчымасць падпісацца на рассылку абвестак.
Па дапамогу да рэсурсу штодня звяртаецца каля 500 студэнтаў Інстытута бізнесу БДУ. Паслугі віртуальнага памочніка абсалютна бясплатныя, неабходна толькі зарэгістравацца ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». У перспектыве распрацоўшчыкі дапоўняць рэсурс новымі магчымасцямі. Таксама яны гатовы ўкараніць тайм-бот для студэнтаў іншых факультэтаў і вышэйшых навучальных устаноў.
У найбліжэйшы час плануецца наладзіць узаемадзеянне метадыстаў са студэнтамі напрамую. Гэта дазволіць аператыўна атрымліваць інфармацыю аб непрадбачаных зменах у раскладзе, а таксама падзеях і мерапрыемствах у БДУ.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://vk.com/timebot_sb
[5] https://zviazda.by/be/tags/raspracouka
[6] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[7] https://zviazda.by/be/tags/studenty
[8] https://zviazda.by/be/tags/ukantakce