У Камітэце дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці падвялі вынікі маніторынгу над тым, як рэагуюць на крытыку ў СМІ. Летась зафіксавана дзесяць парушэнняў патрабаванняў Указа Прэзідэнта № 630 «Аб рэагаванні службовых асоб на крытычныя выступленні ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі».
— Дзеля ўмацавання выканальніцкай дысцыпліны, павышэння ролі дзяржаўных СМІ ў грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці грамадства ўказам устаноўлены патрабаванні па абавязковым рэагаванні суб'ектаў гаспадарання ўсіх формаў уласнасці на крытычныя матэрыялы аб іх дзейнасці. Дакумент прадугледжвае канкрэтны тэрмін рэагавання: на працягу месяца з дня публікацыі або трансляцыі ў эфіры крытыкі, — нагадалі «Звяздзе» ў ведамстве.
І прывялі некалькі, можна так сказаць, узорных прыкладаў па тэме. Напрыклад, у Аршанскім раёне ў гаспадарцы «Роскі Сялец» не палічылі неабходным накіраваць адказ на крытычны погляд наконт знішчэння баршчэўніку. Пры гэтым у «Аршанскай газеце» такія артыкулы, дарэчы, друкаваліся двойчы.
Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Аршанскага райвыканкама на дваццаць дзён пазней накіравалі «справаздачу» наконт разгляду крытыкі па інклюзіўнай тэме. І ў ТАА «Гандлёвы дом «Орыс» у Оршы са спазненнем адрэагавалі на той жа рэпартаж «Недаступная даступнасць, або Горад вачыма вазочніка».
Пакрыўдзілі і раённую газету «Наша Талачыншчына». З перавышэннем на 21 дзень адправілі звесткі аб выніках разгляду заўваг наконт якасці вады, якой забяспечваецца насельніцтва.
У Шумілінскім раёне адказныя асобы ў «спаборніцтве бюракратаў» адсталі ад талачынскіх калег. Там толькі на дзевяць дзён пазней праінфармавалі СМІ. «Адзначыліся няпамятлівасцю» ў раённым спажывецкім таварыстве. Газета «Герой працы» пісала пра неабходнасць навядзення парадку на зямлі.
Ёсць аналагічныя прыклады і ў дачыненні да абласной газеты, заснавальнікам якой з'яўляецца аблвыканкам. У прыватнасці, «Віцебскія весці» надрукавалі матэрыял пра грамадскую прыбіральню, якую трэба рамантаваць. У прадпрыемстве «Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка» адказ прыслалі, але толькі праз тры тыдні пасля месячнага тэрміну, адведзенага для рэагавання.
А ў віцебскім ААТ «Сцяг індустрыялізацыі» наогул забылі як адрэагаваць у адказ на праблемную публікацыю наконт парушэння правілаў бяспечнасці пражывання ў інтэрнаце прадпрыемства.
Па прапанове Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці за гэтыя парушэнні да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты шэсць адказных асоб. Дарэчы, у адпаведнасці з пунктам 4 Указа № 630 на кіраўнікоў ускладзена персанальная адказнасць за выкананне яго патрабаванняў. Невыкананне ў ліку іншага цягне за сабой ужыванне да службовых асоб мер дысцыплінарнай адказнасці, нават да вызвалення іх ад займаемых пасад.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/krytyka
[5] https://zviazda.by/be/tags/medyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/vicebskaya-voblasc