Сёння, 20 сакавіка, у Нацыянальнай бібліятэцы будзе прэзентаваны праект Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі. Дакумент з прапановамі па паляпшэнні дзелавога клімату ў краіне штогод выпрацоўвае ўся бізнес-супольнасць Беларусі. Акрамя праекта, стануць вядомыя вынікі апытання Індэкса дзелавога аптымізму — гэтае аналітычнае даследаванне дэманструе, як уладальнікі бізнесу ацэньваюць створаныя дзяржавай умовы для развіцця прадпрымальніцтва.
Такія прэзентацыі запланаваны для ўдзельнікаў рэспубліканскага дзелавога форуму «Развіццё прадпрымальніцтва Беларусі: стратэгія і тактыка» ў рамках ІV Тыдня беларускага прадпрымальніцтва. Заўтра, 21 сакавіка, арганізатары запрашаюць на выстаўку франшыз. Для прадпрымальнікаў, што пачынаюць дзейнасць, запланаваны бізнес-інтэнсіў.
Увогуле ў праграме Тыдня, які стартаваў у гэты панядзелак, запланавана больш за сто мерапрыемстваў, разлічаных на шырокую аўдыторыю ад школьнікаў да прадстаўнікоў буйных кампаній. Сярод іх — сустрэчы дзелавых колаў і чыноўнікаў, акцыі «Прадпрымальнікі пра прадпрымальніцтва», «Дэманструем свой бізнес», «Падары кнігу бібліятэцы». Дапаўняюць праграму Тыдня беларускага прадпрымальніцтва культурна-асветныя мерапрыемствы.
Традыцыйны Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва праводзіць саюз юрыдычных асоб «Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва» сумесна з Міністэрствам эканомікі, Дэпартаментам па прадпрымальніцтве, Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва і рэгіянальнымі бізнес-асацыяцыямі.
Варвара МАРОЗАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-marozava
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/pradprymalnictva
[4] https://zviazda.by/be/tags/tydzen-belaruskaga-pradprymalnictva
[5] https://zviazda.by/be/tags/pradprymalnik