Пераможцы конкурсу “Жанчына года”, які БСЖ зладзіў сёлета ўжо ў адзінаццаты раз, атрымалі ў падарунак не толькі класічныя граматы, кветкі і падарункі, але і васільковую жар-птушку — сімвал саюза, які ўяўляе сабой багаты ўнутраны свет і прыгажосць жанчын. Яе аўтар — Жанна Марозава — член саюза мастакоў Беларусі і БСЖ.
Яшчэ адно новаўвядзенне гэтага года — магчымасць змагацца за пачэснае званне далі абсалютна ўсім беларускам, а не толькі жанчынам з саюзу. На права звацца найлепшай прэтэндавалі, дарэчы, больш як 200 канкурсантак з усёй Беларусі.
Дзве-тры змены штодзень
Птушка Саюза жанчын не скарае калярова-стракатым апярэннем. Яна адметная сваім ўнутраным светам, чароўнасцю, цеплынёй і здольнасцю здзіўляць, бо сабрала ў сабе крыштальную чысціню крыніцы і сіняву васілька. А цуд, які ўвасабляе сабой жар-птушка, — праяўляецца ў прыгажосці беларускага краю і яго людзей, і ў прыватнасці жанчын, які сваёй працай і талентам дасягнулі вяршынь грамадскага прызнання. Так паэтычна прадставілі новы сімвал БСЖ напачатку ўзнагароджання.
— Мінулы год абагаціў саюз, бо ў яго з’явіліся новыя акцыі, да яго далучыліся новыя члены. У прыватнасці, прадстаўніцы генеральнай пракуратуры, аб’яднаныя арганізацыі МНС, Белаграпрамбанка і Беларусбанка і іншыя, — заўважыла Мар’яна ШЧОТКІНА, кіраўнік Беларускага саюза жанчын, намеснік старшыні Савета рэспублікі. — Тут казалі, што пяро жар-птушкі дае магчымасць загадаць жаданне, вядзе да шчасця… А шчасце ў нашых руках, і наша жар-птушка ў нас, у Беларусі.
Пераможцы намінацыі “За лідарства і паспяховае кіраўніцтва” не толькі паспяховыя ў бізнесе і на кіруючых пасадах, але сваім патэнцыялам заахвочваюць да працы іншых. За актыўную і эфектыўную работу і аб’яднанне найлепшай паловы чалавецтва — жанчын — у такую моцную арганізацыю падзякаваў БСЖ намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар ПЕТРЫШЭНКА:
— Мы ўсе на вас раўняемся, бо тое, як вы любіце жыццё, дзяцей, краіну, — прыклад для ўсіх нас. У жанчыны заўжды дзве-тры змены: на рабоце эфектыўна працаваць, дома навесці утульнасць, дзяцей у школу сабраць, ды і мужоў без увагі не пакінуць.
Адзначаныя сёлета жанчыны-лідэры — людзі самых розных накірункаў. Таццяна БУЛЧЫНСКАЯ, напрыклад, узначальвае ўпраўленне “Дарсервіс” ААТ “Дарожна-будаўнічы трэст № 3” г.Магілёва. Пад яе началам у галіне працуюць бадай што адны мужчыны, якіх жанчыны-калегі любяць і берагуць:
— Мужчыны дапамагаюць нам у рабоце, слухаюцца мяне як дырэктара. Я ў сваю чаргу таксама заўжды ласкай, словам, аўтарытэтам іх падтрымліваю. Я думаю, жанчына ў нас можа рэалізавацца ў любой сферы. Трэба толькі прыкласці працу, жаночую прыгажосць і абаянне, і ўсяго даб’ешся.
Натхняльніцы мужчын і выхавацелі зорак
“Актыўную жыццёвую пазіцыю” найбольш яскрава, на думку саюза, сёлета праявілі сямёра беларусак. Адна з іх, Ірына КАЧАН, старэйшы інспектар цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Гродзенскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі, лічыць, што званне мала атрымаць, яго яшчэ трэба пацвердзіць. А ў рабоце і адносінах трэба быць шчырай:
— За такой ацэнкай стаіць далейшая работа. Наша кіраўніцтва натхняе нас на новыя праекты, дзе б мы маглі дапамагаць дзецям і людзям, якія побач з імі. Мы не можам быць убаку ад людзей. Мы з імі штодня не толькі тады, калі тлумачым правіла бяспекі, але і калі падтрымліваем кожнага маленечкага чалавечка, які да нас прыходзіць. Гэта ўзаемаабменны працэс. Ты разумееш, што не толькі сама можаш навучыць, але і навучыцца ад тых, хто трапляе ў складаныя жыццёвыя сітуацыі.
— Я так шмат слоў хацеў сказаць, а калі сталі пералічваць заслугі жанчын, то я на іх фоне адчуў сябе неактыўным, — пажартаваў, віншуючы жанчын намеснік главы Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір ЖАЎНЯК. — Увогуле ніколі нельга казаць, што жанчына не актыўная, яна і яе жыццёвая пазіцыя ашаламляльныя, і нашы пераможцы ўвасабляюць у сваіх асобах актыўнасць усіх беларускіх жанчын. Толькі дзякуючы вашым дзеянням мужчыны гатовыя на легкадумныя ўчынкі і на подзвігі.
Кажуць, калі нараджаецца дзіця, на небе з’яўляецца новая зорка. Так гэта ці не, ніхто не ведае, але дакладна адно: менавіта жанчыны-маці гадуюць з немаўлят-крыкуноў сапраўдных грамадзян Беларусі. За іх любоў, пяшчоту, самаадданасць і дабрыню яны заслугоўваюць нізкага паклону і захаплення, лічыць Алег РУМО, дырэктар РНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, які павіншаваў пераможцаў намінацыі “Мацярынская слава”:
— Калі ўрачу дзякуючы яго прафесіяналізму ўдаецца выратаваць безнадзейна хворага пацыента, ён лічыць, што гэта сапраўдны цуд і на нейкі момант становіцца небажыхаром. Сёння я зразумеў, што ўсе цуды свету цьмянеюць перад штодзённым подзвігам жанчын.
Усе намінанткі і гледачы атрымлівалі музычны падарунак ад Аляксандра Саладухі, Тэа, Настассі Ціхановіч, Аляксандры Гайдук… Але, здаецца, самы пяшчотны выступ дастаўся якраз жанчынам-матулям. Для іх спявалі і танчылі самыя шчырыя артысты — дзеткі з праекта “Шакаладная фабрыка”.
Самыя сапраўдныя
Кожны захоўвае памяць пра месца, дзе робіць першыя крокі і атрымлівае крылы. Душа заўжды імкнецца вярнуцца туды. Такімі прыгожымі словамі абвяшчалі катэгорыю “Гаспадыня сяла”, пераможцы якой, на думку Ірыны КАСЦЕВІЧ, міністра працы і сацыяльнай абароны, — самыя сапраўдныя:
— У вёсцы так добра: свежае паветра, рэчка, малако… а дзяўчаты тут нейкія асаблівыя, — падзялілася міністр словамі-успамінамі свайго сына, віншуючы пераможцаў-аграрыяў. — Вы сапраўды асаблівыя, дзяўчаты. І асаблівасць ваша ў тым, што вы сапраўдныя ва ўсім. Сапраўдныя гаспадыні, маці, кіраўнікі, прафесіяналы. 24 гадзіны ў суткі, 365 дзён у год жанчыны здзяйсняюць подзвіг, і робяць гэта дзеля мужчын.
Працавітасць, талерантнасць, міралюбнасць, любоў да Айчыны і іншыя каштоўнасці, якімі ганарацца сучаснікі і, пэўна, будуць ганарыцца і нашчадкі, — рысы нацыянальнага характару беларусаў, якія перадаюцца праз “Духоўнасць і культуру”, адзначылі падчас прадстаўлення чарговай намінацыі. Адной з пераможцаў тут стала народная артыстка Беларусі Ядвіга ПАПЛАЎСКАЯ, якая ў якасці музычнага падарунка выканала для ўсіх прысутных кранальную песню разам з дачкой Анастасіяй Ціхановіч.
Валерый МАЛАШКА, міністр аховы здароўя Беларусі, віншуючы пераможцаў, заўважыў, што менавіта жанчыны з’яўляюцца носьбітамі культуры і духоўнасці:
— Без духоўнасці і культуры было б немагчыма развіццё нашай дзяржавы. Дзякую вам за вернасць, якую вы несяце ў сабе. Вернасць людзям, сям’і, нацыянальнай культуры.
Другі год запар па-за межамі намінацый саюз уручае асаблівую ўзнагароду “За адданасць Беларускаму саюзу жанчын”. Сёлета гэты гонар выпаў Ірыне АРАБЕЙ, намесніку старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі БСЖ.
Жаночы твар перамогі
Так называецца новы праект Беларускага саюза жанчын, які стартаваў прама на мерапрыемстве ўзнагароджання жанчын года. У гонар 75-годдзя з дня перамогі над нямецкімі захопнікамі БСЖ хоча паказаць жаночыя твары змагароў пад дэвізам “Беларусь памятае”.
Тамара Аляксееўна ЗАЎГАРОДНЯЯ-ЮРАСАВА, старэйшы лейтэнант, яе закідвалі ў тыл ворага, яна была паранена, кантужана, пасля вайны 40 гадоў дапрацавала ў МУС. Валянціна Паўлаўна ЧУДАЕВА, пайшла на фронт у 17 гадоў дабравольцам, цяжка паранена, сустрэла перамогу ў Польшчы. Лідзія Кандрацьеўна ВОЛКАВА правяла вайну на розных франтах як медсястра ў званні старшыня медслужбы. Гэтыя жанчыны і сёння ў актыўным страю і паказваюць маладым стойкасць духу.
— Яны сёння прадстаўляюць пакаленне жанчын тых гадоў і даюць адмашку нашай акцыі. Будзем працаваць і паказваць ролю жанчыны ў перамозе і подзвіг народа, — заклікала старшыня БСЖ.
Ірына СІДАРОК
Фота Андрэя САЗОНАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/author/andrey-sazonau
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/bszh
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhanchyna-goda-1