Вышыты крыжыкам мядзведзік у рамцы 10x15 — больш за 20 гадоў таму з яго пачалася мара аб сваёй справе Веранікі ШЧУРОЎСКАЙ. Сёння сярод вырабаў прадпрымальніцы ручнікі, этнасумкі, хрысцільныя наборы і нават паліто. Прадукцыя майстрыхі карыстаецца попытам не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Ажыццявіць мару аб сваім бізнесе Вераніка і яшчэ восем прадпрымальнікаў са Смаргонскага раёна змаглі дзякуючы праекту «Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь». Ініцыятыву рэалізуюць грамадскія аб'яднанні «Экапартнёрства» і «Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю».
Перспектывы рэгіёна
Каб абмеркаваць вынікі рэалізацыі праекта на Смаргоншчыне, арганізатары сумесна з Саветам па развіцці прадпрымальніцтва мясцовага райвыканкама правялі круглы стол. «Прадпрымальніцкая ініцыятыва павінна стаць асновай для далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі», — упэўнена намеснік старшыні Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта Таццяна ШЧАБЯРАКА.
У раёне сёння працуюць больш за 1500 прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу. Рознічным гандлем займаюцца амаль 35 % прадпрымальнікаў, сфера паслуг валодае 24 %, грузаперавозкі — 15 %, вытворчасць — 14 %.
Па словах Таццяны Шчабяракі, існуюць шэсць крытэрыяў, якія характарызуюць узровень малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (МСП) у рэгіёне. Першы і асноўны — колькасць суб'ектаў МСП на 1000 занятых у эканоміцы. На Смаргоншчыне за апошнія тры гады сітуацыя стабільная — гэты паказчык 21,8 суб'екта. У малым і сярэднім прадпрымальніцтве працуе 5460 чалавек (25 % ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы).
Партнёрства дзеля развіцця
Суарганізатар круглага стала — аб'яднанне «Экапартнёрства». Асноўны вектар яго дзейнасці — экалагічныя праблемы краіны, адзін з кірункаў працы — устойлівае развіццё, таму «Экапартнёрства» сумесна з арганізацыяй «Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю» сталі рэалізоўваць праект «Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь: павышэнне ролі сельскага прадпрымальніцтва шляхам стварэння і запуска ў Камарове сельскага бізнес-інкубатара».
Праект распрацаваны дзеля развіцця сельскай мясцовасці шляхам падтрымкі прыватных ініцыятыў.
«Наш праект працуе ўжо прыблізна два гады. Мэтавымі групамі з'яўляюцца малыя і сярэднія прадпрыемствы ў зоне рэалізацыі праекта, эксперты, асобы, якія прымаюць рашэнне, грамадскія аб'яднанні, бізнес-арганізацыі. Мы працуем у чатырох раёнах — гэта паўночна-заходняя частка Рэспублікі Беларусь», — расказвае выканаўчы дырэктар «Экапартнёрства» Аліна БУШМОВІЧ.
Удзельнікамі праекта сталі Мядзельскі, Смаргонскі, Пастаўскі і Астравецкі раёны. Яны з'яўляюцца ўнікальнай сельскай тэрыторыяй, што знаходзіцца побач з мяжой Еўрапейскага саюза і аддалена ад буйных прамысловых цэнтраў. Менавіта развіццё малога і сярэдняга прыватнага бізнесу можа стаць крыніцай стварэння новых рабочых месцаў.
Праект складаецца з трох этапаў, якія ўжо практычна рэалізаваны. Першы — запуск бізнес-інкубатара ў вёсцы Камарова Мядзельскага раёна, другі — стварэнне школы сельскага бізнесу, і апошні — падтрымка мясцовых ініцыятыў, якія былі адабраныя для фінансавання.
Круглы стол праводзіўся таксама ў рамках падрыхтоўкі «белых кніг».
— Гэта такія даследчыя справаздачы, якія робяцца для апісання вопыту, што атрымалі прадпрымальнікі-пачаткоўцы ў рамках праекта. Яны неабходныя, каб расказаць іншым у нашай краіне і, магчыма, за яе межамі, якія ёсць у нас станоўчыя моманты і перашкоды, — паведаміла Аліна Бушмовіч. — А таксама там будуць рэкамендацыі па развіцці сельскага прадпрымальніцтва.
Ручнікі і лічынкі як бізнес-ідэі
У рамках праекта адбылося пяць цыклаў школы сельскага бізнесу. Ахвотныя адкрыць сваю справу вучыліся і распрацоўвалі бізнес-планы. Камісія экспертаў падчас мерапрыемства «Стартап Уікэнд» шукала ідэі для фінансавання. Усяго было адабрана 24 ініцыятывы, 9 з іх рэалізуюцца зараз на Смаргоншчыне. На якім этапе знаходзяцца бізнес-ідэі, удзельнікі круглага стала пачулі першымі.
Гісторыі многіх новых прадпрымальнікаў пачыналіся з таго, што хтосьці вярнуўся на малую радзіму з горада або змяніў жыццё ў сталіцы на вясковую цішыню.
Сярод прадпрымальніцкіх ідэй і сельскагаспадарчыя (вырошчванне клубніц, вытворчасць біягумусу), і прамысловыя (стварэнне драўляных вокнаў). Напрыклад, Аляксей СВІРСКІ за грантавыя грошы закупляе абсталяванне і аднаўляе памяшканне для рамонту машын, а Іван МАЦЮК з сям'ёй уладкоўвае на аграсядзібе «Паланэз» музей-трапезную для правядзення свят і прыёму экскурсійных груп. Увогуле, многія з удзельнікаў праектаў падзяляюць думку, што бізнес павінен быць сямейным.
Пра тое, як справу для душы ператварыць у бізнес, расказала Вераніка Шчуроўская: «Сутнасць маёй ідэі — вырабы па індывідуальным заказе. Рабіла акцэнт на слове «індывідуальныя». Я сёння не гатова пускаць сваю працу на паток — не магу я рабіць 20 аднолькавых сумак ці ручнікоў».
Спачатку майстрыха планавала рабіць толькі хрысцільныя наборы. Успамінае, што перад тым, як стала хроснай маці, не змагла знайсці жаданы выраб. Зараз Вераніка плануе наборы для царкоўнага абраду дэклараваць, каб была магчымасць прадаваць іх у магазіне.
«Людзі гатовыя плаціць за эксклюзіў», — сцвярджае жанчына і прыводзіць прыклад, як кліент з Калінінграда аплаціў ёй дарогу, каб яна прывезла выраб.
Дрэнны той салдат, што не марыць стаць генералам. А бізнесмен дрэнны той, які не жадае абысці сваіх канкурэнтаў. Як гэта зрабіць, Ілья АГАРКАЎ ужо ведае. Яго ініцыятыва — перапрацоўка адходаў птушкафабрык у жывыя лічынкі мух, высушаныя і заагумус — будзе ў суткі даваць да 500 літраў сыравіны. У канкурэнтаў аб'ёмы сціплейшыя — 460 літраў.
«Біямаса можа прадавацца рыбакам у жывым выглядзе, можа сушыцца і быць кормам для сельскагаспадарчых жывёл, рыбы», — расказвае аб рынках збыту прадукцыі прадпрымальнік.
Падтрымка ініцыятывы экспертная
Рэалізаваць свае ідэі ў канкрэтныя прадпрыемствы многія з удзельнікаў школы бізнесу змаглі дзякуючы вучэбна-практычнай установе «БіКамарова». Цэнтр пастаянна аказвае кансультацыйную падтрымку ініцыятывам з чатырох раёнаў, якія ўдзельнічаюць у праекце.
«Праблема развіцця прадпрымальніцтва ў нашай краіне — гэта не столькі заканадаўчая база, не столькі адсутнасць фінансавых сродкаў, а адсутнасць разумення, як гэта рабіць, — канстатуе Эдуард ВАЙЦЯХОВІЧ, дырэктар «БіКамарова». — Быў час, калі ўсе хацелі быць юрыстамі, эканамістамі, зараз усе айцішнікамі жадаюць быць. Як выйсці з гэтай сітуацыі, каб не «задушыць» сельскую мясцовасць? Мы тады прыдумалі дыверсіфікацыю сельскай эканомікі, што, акрамя сельскай гаспадаркі, існуюць разнастайныя віды — перапрацоўка, прамысловасць, фінансы, турызм і іншыя віды бізнесу».
Па словах Эдуарда Вайцяховіча, асноўны рэсурс Беларусі — чалавечы. «Эканоміка трымаецца на актыўных, працаздольных людзях, якія хочуць і могуць працаваць. Ім трэба дапамагаць», — падкрэслівае дырэктар бізнес-інкубатара.
Створаны ў Смаргоні свой цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва «БізнесАрыенцір», які аказвае разнастайныя (арганізацыйныя, інфармацыйныя, бухгалтарскія) меры падтрымкі невялікіх прадпрыемстваў.
...і дзяржаўная
Па-першае, асаблівыя ўмовы для бізнесу ў вёсцы існуюць у падатковай сферы. Мерамі Указа № 345 на Смаргоншчыне на пачатак года скарысталіся 16 суб'ектаў прадпрымальніцтва. Пра прэферэнцыі пры аказанні рознічнага гандлю і паслуг на вёсцы расказаў намеснік начальніка ўпраўлення кантрольнай работы інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Смаргонскім раёне Аляксей ВАЛОХІН. Для індывідуальных прадпрымальнікаў гэта выплата адзінага падатку ў памеры базавай велічыні ў месяц. Для ІП, якія выкарыстоўваюць агульную сістэму падаткаабкладання, устаноўлена паніжаная стаўка падаходнага падатку ў 6 %.
«Што датычыцца арганізацый, ім устаноўлены льготы па падатку на дабаўленую вартасць. Гэта значыць, што арганізацыі, якія ажыццяўляюць дзейнасць на вёсцы, не з'яўляюцца плацельшчыкамі падатку на дабаўленую вартасць у частцы аказання гэтых паслуг», — сказаў Аляксей Валохін. Таксама выкарыстоўваецца паніжаная стаўка па падатку на прыбытак.
«Арганізацыя прадпрымальніцкай дзейнасці стала добрай альтэрнатывай традыцыйным формам занятасці насельніцтва, асабліва ў сельскай мясцовасці і малых гарадах», — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Тамара РАМАНОВІЧ.
Спецыяліст расказала ўдзельнікам круглага стала, як можна атрымаць бязвыплатную субсідыю для адкрыцця бізнесу. «Субсідыя даецца на аснове заявы і тэхніка-эканамічнага, у тым ліку фінансавага абгрунтавання, бізнес-плана, эфектыўнасці арганізаванай прадпрымальніцкай дзейнасці. Перавагу беспрацоўныя найбольш часта аддаюць дзейнасці ў сферы паслуг: пашыў і рамонт адзення, рамонт бытавых вырабаў, аўтамабіляў, вытворчасць і рамонт мэблі», — прывяла прыклад Тамара Рамановіч.
Каб выдалі субсідыю, трэба знайсці і свабодную нішу, справа павінна быць запатрабавана ў рэгіёне. Субсідыя складае 11-кратную велічыню бюджэту пражытковага мінімуму (з 1.02.2019 года — 2386 беларускіх рублёў). Калі сваю справу вырашае адкрыць беспрацоўны, зарэгістраваны ў малым горадзе ці раёне з высокай напружанасцю на рынку працы або ў вёсцы, то сума павялічваецца да 3254 беларускіх рублёў.
Сумесны круглы стол раённых органаў улады і грамадскага аб'яднання «Экапартнёрства» стаў пляцоўкай, дзе прадпрымальнікі змаглі не толькі пракансультавацца са спецыялістамі, але і атрымаць адказы на свае пытанні да ўлады. І ў бізнесе, і ў дзяржаўным будаўніцтве можна рухацца наперад толькі слухаючы, дапамагаючы і стараючыся зразумець адно аднаго.
Праект «Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь: павышэнне ролі сельскага прадпрымальніцтва шляхам стварэння і запуска ў Камарове сельскага бізнес-інкубатара» фінансуецца Еўрапейскім саюзам і пасольствам ЗША ў Мінску.
Марыя ДАДАЛКА
г. Смаргонь
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/pryvatny-biznes
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva
[5] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne