Напярэдадні святкавання Дня Канстытуцыі ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі адкрылі выставу «Шлях да Канстытуцыі». На вернісажы можна пабачыць канстытуцыйныя акты, якія дзейнічалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў розныя гістарычныя эпохі цягам паўтысячагоддзя.
Прымеркавана экспазіцыя да 490-годдзя выдання Першага Статута Вялікага Княства Літоўскага, 100-годдзя першай Канстытуцыі Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусіі, а таксама 25-годдзя прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Сярод экспанатаў унікальныя рукапісныя і пячатныя помнікі права сярэднявечча, эпохі новага часу і пачатку дваццатага стагодзя.
Адкрываючы выставу, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман МАТУЛЬСКІ адзначыў, што беларусы маюць векавую прававую гісторыю, якой могуць ганарыцца:
– Мы прымеркавалі гэтую выставу найперш для таго, каб не склалася ўражанне, што беларускай Канстытуцыі і беларускай дзяржаўнасці ўсяго 25 гадоў. Наша гісторыя, традыцыі і культура, у тым ліку прававая, налічваюць стагоддзі, і мы прадставілі тут тыя помнікі прававой культуры, якія дайшлі да сёння.
Асноўны дакумент – гэта статут Вялікага Княства Літоўскага. Ён быў прыняты 490 гадоў таму і склаў аснову заканадаўства не толькі Беларусі, але і даў падставу для развіцця прававой базы Еўропы. Таксама на выставе прадстаўлена першая еўрапейская канстытуцыя, якая дала пачатак традыцыі стварэння канстытуцый у іншых еўрапейскіх дзяржавах.
Наведаць выставу і пазнаёміцца з гісторыяй развіцця заканадаўства на беларускіх землях можна да 14 красавіка.
Андрэй САЗОНАЎ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/andrey-sazonau
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/kanstytucyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/statut-vyalikaga-knyastva-litouskaga
[6] https://zviazda.by/be/tags/statuty