Урачыстая цырымонія адбылася напярэдадні Дня незалежнасці Грэцыі, які святкуецца 25 сакавіка.
Кабінет створаны пры падтрымцы Ганаровага консульства Грэцыі ў Мінску. Навучацца ў ім будуць студэнты спецыяльнасці “Класічная філалогія” па наступных дысцыплінах: “Старажытнагрэчаская мова”, “Гісторыя старажытнагрэчаскай мовы”, “Новагрэчаская мова”, “Старажытнагрэчаская мова і аўтары”, “Лацінская мова”, “Гісторыя замежнай літаратуры (антычная літаратура) " і іншых.
Шматфункцыянальная аўдыторыя абсталявана сучаснымі мультымедыйнымі прыладамі, на якіх студэнты змогуць праглядаць тэматычныя фільмы і прэзентацыі. Акрамя таго, дзякуючы выкарыстанню ў інтэр'еры модульнай мэблі, тут можна будзе праводзіць не толькі традыцыйныя заняткі, але і арганізоўваць працу ў групах — мэбля лёгка трансфармуецца.
Кабінет напоўнены грэчаскай атрыбутыкай: тут ёсць карта Грэцыі, калаж са славутасцямі краіны, вучэбная літаратура, мініяцюра персанажа гамераўскай Адысеі - Траянскі конь. Стэндавыя панэлі з грэчаскім алфавітам і спражэннем дзеясловаў стануць для студэнтаў добрай падказкай у навучанні. Пры новай аўдыторыі будзе працаваць пакой для самападрыхтоўкі, дзе студэнты змогуць выконваць заданні да маючых адбыцца заняткаў на сваіх планшэтах або ноўтбуках.
БДУ з'яўляецца адзінай ВНУ ў Беларусі, дзе вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў па старажытнагрэчаскай і новагрэчаскай мовах. Спецыяльнасць “Класічная філалогія” была адкрыта на філалагічным факультэце ў 1994 годзе. За гэты перыяд адбылося шэсць выпускаў спецыялістаў — гэта больш за 90 філолагаў-класікаў.
Сёння навучанне па спецыяльнасці праходзяць 10 чалавек. Выпускнікі працуюць на гуманітарных факультэтах вядучых навучальных устаноў краіны, у медыцынскіх універсітэтах, каледжах, аддзелах рэдкіх кніг Нацыянальнай бібліятэкі і Навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, а таксама ў Нацыянальным архіве. Выпускнікі супрацоўнічаюць з турфірмамі і з'яўляюцца гідамі у Грэцыі, ажыццяўляюць пераклады для Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, іншых устаноў і прыватных асоб.
У рамках урачыстай цырымоніі адкрыцця кабінета яе ўдзельнікі пачулі пачатак “Іліяды” легендарнага Гамера на беларускай, новагрэчаскай, грэчаскай і старажытнагрэчкаскай мовах. У перспектыве плануецца адкрыццё на базе кабінета вячэрніх курсаў па вывучэнні новагрэчаскай мовы для ўсіх ахвотных.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdu