Зімой мы пакутуем як ад адсутнасці ў вялікай колькасці свежай агародніны і садавіны, так і ад недахопу сонца. Але ці сапраўды ад гэтага пад пагрозай наша здароўе? Якія мультывітаміны трэба прымаць для падтрымання імунітэту (і ці варта ўвогуле гэта рабіць?), мы распыталі загадчыка аддзялення прафілактыкі 31-й гарадской паліклінікі г. Мінска Таццяну ПЛІСЮК.
— Таццяна Аркадзеўна, ці трэба прымаць вітаміны зімой і вясной?
— Наконт вітамінаў меркаванні разыходзяцца. Я прытрымліваюся той пазіцыі, што, як і іншыя фармакалагічныя прэпараты, іх трэба прымаць толькі па паказаннях. І для прызначэння вітамінаў іх няшмат. Найперш, гіпавітаміноз, але ў наш час гэта крайне рэдкі стан. Таксама вітаміны прызначаюцца падчас цяжарнасці, пасля працяглага лячэння антыбіётыкамі і анкалагічным хворым, але ў гэтым выпадку патрэбны вельмі індывідуальны і асцярожны падыход. Усім астатнім прымаць вітаміны пры добрым самаадчуванні не трэба. Гэта можа парушыць нашы цыркадныя рытмы — цыклічныя ваганні інтэнсіўнасці розных біялагічных працэсаў. Звычайна летам і восенню колькасць вітамінаў, якія трапляюць у арганізм, павышаецца, а зімой і вясной, адпаведна, зніжаецца, так прадугледжана прыродай. І ўмешвацца ў гэтыя працэсы не варта. Толькі калі чалавек хварэў, працягла лячыўся антыбіётыкамі, арганізму трэба дапамагчы, прызначыць кароткі курс вітамінаў.
Сёння ў інтэрнэт-крыніцах сустракаюцца рэкамендацыі прымаць вітаміны два-тры разы на год. Але трэба разумець, што, калі вы пачынаеце прымаць вітаміны, у арганізме павялічваецца ўзровень ферментаў, якія іх перапрацоўваюць. Чым больш паступае вітамінаў звонку — тым больш ферментаў трэба арганізму. Калі ж вы спыняеце прыём вітамінаў, ферментаў таксама становіцца менш, і гэта можа прывесці нават да гіпавітамінозу. Таму прымаць іх лепш усё ж па паказаннях.
— Калі, напрыклад, зімой трэскаюцца вусны, мы вырашаем, што не хапае вітаміну А. Атрымліваецца, у такіх выпадках яго таксама не трэба прымаць?
— Патрэсканыя вусны — толькі адзін з сімптомаў, які зусім не азначае дэфіцыт гэтага вітаміну. Лепш дадаць у свой рацыён моркву, малако, печань, курагу, гарбуз — тое, што змяшчае вітамін А. Ёсць і вонкавыя сродкі — можна наносіць гігіенічную памаду, асабліва перад выхадам на вуліцу, той жа вітамін А можна наносіць на вусны. Калі яшчэ дадаецца ломкасць пазногцяў, выпадзенне валасоў, то можна прымаць гэты вітамін кароткім курсам.
— Дарэчы, калі выпадаюць валасы, пра недахоп якіх вітамінаў гэта сведчыць?
— Вітамінаў А і Е. Ёсць антыаксідантныя комплексы для жанчын, якія змяшчаюць мікраэлементы, напрыклад цынк. Але лепш наладзіць правільнае харчаванне: з ежы мы атрымаем больш вітамінаў, якія лягчэй засвойваюцца, чым фармакалагічныя прэпараты.
— Зімой, калі не хапае вітаміну D, як кампенсаваць яго недахоп?
— У нашым клімаце, у адрозненне ад паўднёвых краін, сонца нам сапраўды не хапае, і дзецям у тым ліку. Ім для прафілактыкі рахіту прызначаюць вітамін D. Апраўдана гэта і ў дарослых, але зноў-такі, калі чалавек хварэе ці ёсць нейкія прыкметы: стомленасць, дэпрэсіўны стан. У такім выпадку можна прымаць той жа рыбін тлушч. Але няхай гэта будзе адзін кароткі курс зімой. Увогуле, каб вызначыць недахоп вітаміну D, трэба рабіць спецыфічны аналіз, ён выконваецца ў платных лабараторыях. Калі паказчыкі ў норме, няма сэнсу прымаць, бо гіпервітаміноз вітаміну D па сваіх наступствах нашмат горшы, чым гіпавітаміноз.
— Многія з нас працуюць за камп'ютарам. Ці патрэбны нейкія вітаміны, каб засцерагчы вочы?
— Ёсць комплексы накшталт «Чарніцы-мікс», наша фармацыя выпускае і іншыя прэпараты. Але лепш капаць вітаміны ў выглядзе кропляў, якія вонкава ўздзейнічаюць на сасуды. Калі прымаеце сінтэтычныя вітаміны, яны не цалкам засвойваюцца, можна і не дасягнуць чаканага выніку. Да таго ж сустракаюцца і алергічныя рэакцыі, асабліва на шыпучыя растваральныя вітаміны. Калі іх прымаюць цяжарныя, у дзіцяці потым можа быць алергія. Гэта горш, чым калі арганізму не хапіла ў нейкі момант вітаміну.
Лепш харчавацца паўнавартасна, налягаць зімой на капусту, прычым нават калі зварыць капусту, гэта будзе вельмі карысная страва. Бо даказана, што там вітамін С не разбураецца, яго наадварот, становіцца больш. Ад прадуманага штодзённага рацыёну карысці значна больш, чым ад сінтэтычных вітамінаў.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya