Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС сумесна з калегамі з Гродзенскай, Брэсцкай, а таксама Мінскай абласцей пры сілавой падтрымцы байцоў спецпадраздзялення “Алмаз” з доказамі злачынства пасля здзяйснення крадзяжу з кватэры ў Салігорску затрымалі двух удзельнікаў міжнароднай злачыннай групы. Пра гэта паведамляе сайт МУС.
Канфіскаваныя прылады злачынства, скрадзенае, прызнанні затрыманых, а таксама іншыя фактары даюць падставы сцвярджаць, што названыя асобы датычныя да здзяйснення каля 50 кватэрных крадзяжоў шляхам адціскання вокнаў ПВХ.
Злачынствы здзяйсняліся з чэрвеня 2018 года. Як правіла, зламыснікі выбіралі кватэры на першых паверхах дамоў, а таксама катэджы. У асноўным выкрадаліся грошы і ювелірныя ўпрыгажэнні. Пры першых вылазках злодзеі не грэбавалі біжутэрыяй, прадуктамі харчавання, касметыкай, адзеннем і абуткам.
Арэал крымінальнай дзейнасці распаўсюджваўся на населеныя пункты літаральна ўсіх абласцей краіны. Больш за ўсё “пацярпелі” Салігорск, Кобрын, Магілёў і Гродна. Характар злачынстваў, іх цыклічнасць дазвалялі мліцыянерам разглядаць версію, што гэта справа рук так званых гастралёраў.
Раскрыццё серыі дадзеных злачынстваў знаходзілася на асабістым кантролі кіраўніцтва міліцэйскага ведамства. Была створана спецыяльная група, у склад якой увайшлі супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС і тэрытарыяльных падраздзяленняў крымінальнага вышуку краіны. Быў праведзены вялікі аб'ём аператыўна-вышуковай, аналітычная работы з мэтай ўстанаўлення датычных асобаў.
Першыя “зачэпкі” атрымалі супрацоўнікі міліцыі Гродзеншчыны. Паводле аператыўнай інфармацыі, крадзяжы здзяйсняліся грамадзянінам Украіны, раней судзімым за аналагічныя злачынствы на радзіме, а таксама грамадзянінам Расіі. Перыядычна сабе ў памочнікі яны прыцягвалі кагосьці з шасцярых грамадзян Украіны (усе з 1983 па 1990 гады нараджэння).
Зламыснікі выконвалі строгія меры канспірацыі. Прыбывалі ў Беларусь з тэрыторыі Украіны ці Расіі розным транспартам, у тым ліку грамадскім або ўзятым напракат, а таксама пешшу. Сродкамі сувязі не карысталіся, для маскіроўкі пераапраналіся.
Следчымі органамі па дадзеных фактах распачаты крымінальныя справы па арт. 205 КК Рэспублікі Беларусь (крадзеж).
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh