Беларусь не займаецца тайнай дыпламатыяй, і такой задачы не ставіцца ні перад работнікамі пасольстваў, ні перад ваеннымі аташэ. Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сёння, адказваючы [1] на пытанне прадстаўнікоў асабовага складу Ваеннай акадэміі, перадае БЕЛТА [2].
Прэзідэнт падкрэсліў, што цяпер не той час, і трэба працаваць іншымі метадамі. А беларускія дыпламаты за мяжой і ваенныя аташэ ў першую чаргу арыентаваны на развіццё гандлёва-эканамічных адносін.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў: у Беларусі няма раздзялення паміж палітычнай і эканамічнай дыпламатыяй, і МЗС курыруе абодва гэтыя напрамкі. "Ёсць у нас і ваенныя аташэ, але не шмат і не ў кожнай краіне, - ваенныя дыпламаты, якія ажыццяўляюць кантакты ў ваеннай сферы", - адзначыў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, зразумела, неабходна, наколькі гэта магчыма, бачыць, ведаць, што адбываецца ў той ці іншай краіне. І дыпламаты шэрага дзяржаў, ваенныя аташэ сапраўды займаюцца і разведкай, і шпіянажам, аднак такія задачы ў мірны час перад беларускімі дыпламатамі не ставяцца, запэўніў Аляксандр Лукашэнка. "Калі будзе абвастрэнне, на гэты выпадак у нас дыпламатыя ўзмоцніцца. Можа, і тайная дыпламатыя", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/be/news/20190222/1550825819-lukashenka-belarus-ne-adstupic-ad-realizacyi-mirnay-zneshnyay-palityki
[2] http://blr.belta.by
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/dyplamatyya