Не вам казаць: з некім лёс зводзіць, з некім разводзіць, а потым, здараецца, зводзіць зноў...
У 1970-х гадах мінулага стагоддзя мы са спадарыняй Людмілай разам працавалі на Жлобіншчыне ў камсамоле, які, дарэчы, яе «малітвамі» існуе і цяпер. Больш за тое, ён нават дзейнічае, бо пра сваіх (і не толькі) у гэтай арганізацыі па-ранейшаму помняць: гуртуюць на добрыя справы, дапамагаюць чалавеку, калі той патрапіў у бяду... Вось і мяне знайшлі па газеце — зноў «залічылі ў рады», час ад часу цяпер тэлефануюць, і размаўляем мы тады, вядома ж, не пра сходы і суботнікі, не пра ўзносы ды рэйды. Цяпер можна пагутарыць пра сваё, пра «дзявочае» — шмат што расказаць, а ўжо пачуць...
Мне, напрыклад, цікава было даведацца, што спадарыня Людміла з праваслаўнага шляхецкага роду Зарэцкіх. Раней яна пра гэта ніколі не згадвала. Ды яно і зразумела: дзецям прывіваліся іншыя погляды, і ў маленстве, напрыклад, Люда апантана верыла ў камунізм. Расказвала, што ў дзень выбараў (калі можна іх так называць?) прачыналася а чацвёртай раніцы і тут жа пачынала грукаць — будзіць бацькоў ды суседзяў гучным заклікам: «Усе на выбары!», «Усе на выбары!..»
Потым ёй за гэта, вядома ж, перападала, але малая не здавалася: яе не гнулі ніякія дамашнія «рэпрэсіі»! Яе нават у камсамол прынялі раней за іншых: дамаглася — зрабілі выключэнне.
Карацей, яна шмат што расказвае. Бывае, нават з сумнага насмяешся.
Ну дык вось. Да нейкага і зусім нядаўняга часу ніякіх таблетак яна не піла — увогуле. А тут — скуль ні вазьміся — сэрца прыхапіла, падазрэнне на інфаркт. «Хуткая» прыляцела, яе на насілкі «грузяць», у машыну нясуць. Доктар, на хаду распытвае пра папярэднія сімптомы ды меры, якія прымаліся:
— Што пілі? — удакладняе, маючы на ўвазе лекі.
А хворая ж па-свойму разумее. Кажа:
— «Амарулу».
Доктар слова падобнае чуў: «Амарэта»? Лікёр? Ім, як быццам, не пахне? Таму зноў пытае:
— Калі?
— Даўнавата... На жаль.
— А якімі дозамі?
— Прычым тут дозы, — пачынае злавацца хворая. — У нас бутэлька была. Мы сабраліся з дзяўчатамі — свята адзначыць...
— Яны што — таксама «Амарэтай» лячыліся?
— Мы не лячыліся, а святкавалі, — Людміла кажа, бо яна ж чалавек прынцыповы. — І не «Амарэтай», а «Амарулай». Гэта расліна такая — паўднёваафрыканская. З яе лікёр там робяць. Сын прывёз.
— Ах вось яно што! — засмяяўся доктар.
І Людміла з палёгкай, што ўсё ж растлумачыла, справу зрабіла, «адплыла» — страціла прытомнасць.
...Як вядома, добра ўсё, што добра канчаецца. Жанчына, дзякаваць богу і дактарам, выкараскалася, далей жыве. І ведае цяпер, што піць можна не толькі чай ды — пакрысе — «Амарэту» з «Амарулай», а яшчэ і таблеткі.
Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён
...Бабулі ноччу
дрэнна спіцца,
Бо многа спраў
на заўтра ёсць:
Прыедзе ўнучка
са сталіцы —
Найдаражэйшы
ў хаце госць!
Здаецца,
«учора» калыхала,
Любіла кніжкі з ёй чытаць,
Спявала,
нешта майстравала,
У парк вадзіла пагуляць...
А сёння
ўжо чакай сустрэчы,
Пячы аладкі — частаваць...
І пацяплее зімні вечар,
Калі былое ўспамінаць.
Унучка здымкі ёй пакажа
З чужых паездак і сваіх,
Пра свет далёкі
штось раскажа,
Які бабуля помніць з кніг...
Адкрыта госця гаварыла,
І дзе была, і што піла...
(А роднай мовы —
не забыла,
Хоць доўга
між чужых жыла!)
Бабуля слухае і чуе:
Пра светлы Рым
і Ватыкан...
Ды ціха нешта маракуе —
На ноч складае
ўласны план.
Унучка спаць,
яна за іголку,
Бо новы клопат захапіў:
Тканіны моцнай
кроіць полку,
Што на спадніцу
дзед купіў...
Да джынсаў
латкі прымярала —
Падбіць калені трэба ёй:
І дзеўка, бачыш,
а парвала...
Хадзіць нядобра
так зімой...
Старанна, спрытна
бабця шыла,
Бо звычка гэтая здаўна:
Хадзіць
у лапленым вучыла
Яе праклятая вайна.
Гадамі новага не знала:
Ў сям'і малодшаю была,
Ёй маці
штось перашывала,
Пакуль на хлеб свой
не пайшла...
Закончыла
ў поўнач працу —
Паклала госці на вачах:
Прачнецца ранкам —
тут жа ўбачыць,
І скажа: «Ой!..»,
ці, можа, «Ах!»
Сама ўстала... Пазірае...
А там — не радасць,
ледзь не плач!..
Майстрыху
ўнучка абдымае:
— Бабулька,
дзякуй і... прабач.
Леанарда Аляшкевіч, г. Смаргонь
Некалі ў гады перабудовы накіравалі мяне на практыку ў РАПА — раённае аграпрамысловае аб'яднанне. Там, на месцы, сталі паціху знаёміць са справамі і людзьмі, а нешта я і сам ужо прыкмячаў...
Помню, што адразу і вельмі здзівіла — дзверы ў кабінет намесніка дырэктара заўсёды былі насцеж. Ён і сам іх ніколі не зачыняў, і іншым не даваў. «Вось гэта, думаю, адкрытасць! Вось гэта галоснасць... Усё навідавоку...»
З часам мой новы калега расказаў, чаму.
Многія раённыя начальнікі па калгасных палях ды лугах «рассякалі» тады на «Масквічах-пікапах». Іх называлі яшчэ то «каблучкамі», то «піражкамі», то «бабавозкамі»... Вельмі зручны быў транспарт. Па-першае, на ім можна было нікога не падбіраць, не падвозіць, бо ў кабіне адно толькі месца для пасажыра, а па-другое, фургон вялікі, у ім што заўгодна можна схаваць.
Дык вось як выйшла. Ездзіў той намеснік дырэктара па нейкіх справах і па дарозе сустрэў свайго прыяцеля, трохі падвёз яго, пагаварылі — захацелі выпіць. Збочылі недзе ў краму, купілі, што трэба, і на прыроду, у лес...
Ад'ехалі ад чужых вачэй, аднак пасядзець там не выпала: нейкі вецер узняўся, дождж зацерушыў...
У кабіне «Масквіча» — удвух ды з пляшкай-закускай — таксама не спадручна было. Таму прыяцелі перайшлі ў кузаў, знайшлі там на што сесці, з чаго зрабіць столік і... Выпілі па першай, па другой, па трэцяй, закусілі, вядуць гамонку.
А тым часам міма іх калгасны статак гоняць, пастух за ім следам ідзе, пугай кветкі збівае. Бачыць, што ў машыне пуста — нікога няма, а гутарка аднекуль даносіцца. Чалавеку цікава стала. Ён, што называецца, нос у будку:
— Добры дзень! — людзям кажа.
А начальніку здалося, што гэта ж ён у сваім кабінеце сядзіць... І да яго высокасці хтосьці без стуку без груку...
— Дзверы з тога боку зачыні! — гаркнуў ён.
Ну а пастух нічога такога, відаць, не чакаў і дзвярыма сапраўды як ляснуў...
Прычым ляснуў і тут жа сышоў — свой статак даганяць. А ручка ў дзверцах была толькі знадворку. Так што запёр ён двух прыяцеляў. І запёр надзейна...
Што яны там рабілі, колькі гадзін у «засценках» правялі і што адчувалі (тэлефонаў мабільных і ў паміне тады не было), гісторыя замоўчвае. Але ж, падобна, што ліха аж па горла хапілі, бо знайшлі іх толькі назаўтра.
Вось таму і не дзіва, што той намеснік дзвярэй не зачыняў. Нават праз гады.
Віталь Жураўскі, г. Жодзіна
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolyya-gistoryi-chytachou