Трагедыя ў Стоўбцах [3] стала адной з рэзанансных спраў, пра расследванне якіх старшыня Следчага камітэта далажыў [4] Прэзідэнту.
“Па гэтай справе праведзены ўжо вялікі аб'ём следчых дзеянняў. Карціна здарэння фактычна нам зразумелая. Для следчых на дадзены момант галоўная задача — высветліць, не як гэта адбылося (гэта і так зразумела), а чаму гэта адбылося, — лічыць Іван Наскевіч. — У пэўнай ступені нейкія адказы ў нас ужо ёсць, зыходзячы з паказанняў самога падазронага. Пасля трох дзён маўчання ён такі пачаў даваць паказанні. Пакуль мы вельмі крытычна адносімся да таго, што ён кажа, паколькі яго паказанні не заўсёды суадносяцца з аб'ектыўнай карцінай здарэння”.
З дапамогай навукава-тэхнічных сродкаў следчыя атрымалі доступ да мабільнага тэлефона і камп'ютара падазронага. Інфармацыя з гэтых устройстваў перад злачынствам была знішчана.
“Мы зараз гэтай інфармацыяй валодаем. У інтарэсах следства я не стану раскрываць, што ў гэтым тэлефоне было. Але скажу, што ў пэўнай ступені, гэта пралье святло на матывіроўку яго дзеянняў”, — паведаміў у размове з журналістамі старшыня Следчага камітэту.
Падрабязнасці і новыя абставіны атрымала справа па забойстве бізнесмена ў Беразіно. Па словах Івана Наскевіча, гэтая крымінальная справа стала не проста рэзананснай, а знакавай для краіны, таму што здзейснена відавочна, прылюдна, з выкарыстаннем вогнестрэльнай зброі, знішчэнненем аўтамабіля.
“У нас ёсць сур'ёзныя зрухі па раскрыцці гэтага злачынства. І я думаю, пасля правядзення невялікай колькасці аператыўных мерапрыемстваў і следчых дзеянняў для замацавання інфармацыі, якая ўжо ёсць, магчыма сумесна з МУС, мы прыдадзім агалосцы і грамадству заявім, што мы па гэтай крымінальнай справе ведаем, якія перадумовы яе здзяйснення, хто і як яе здзейсніў", — анансаваў кіраўнік Следчага камітэту і дадаў, што "падазроны ўжо ёсць”.
Па словах Івана Наскевіча, Прэзідэнт яшчэ раз адзначыў, што ведамства стваралася, як фільтр, каб не прыцягваліся да адказнасці невіноўныя людзі.
“Я мяркую, што з гэтай задачай мы спраўляемся і справіліся, асабліва ў 2018 годзе. У якасці прыкладу прывяду лічбы: судамі ў мінулым годзе апраўданы 44 чалавекі з крымінальных спраў, расследаваных Следчым камітэтам. У той час, як напрыклад у 2017, такіх было 59 чалавек. Гэта не гаворыць пра тое, што суды сталі больш ліберальныя. Гэта сведчыць пра тое, што следчыя ў сваёй рабоце падпарадкоўваюцца толькі закону. Яны прынцыпова адносяцца да выпадкаў, дзе недастаткова доказаў, каб крымінальную справу ў адносінах да канкрэтнай асобы накіраваць у суд”, — сказаў журналістам старшыня Следчага камітэту.
У мінулым годзе Следчы камітэт разгледзіў амаль 150 тысяч заяў і паведамленняў , каля 125 тысяч крымінальных спраў знаходзіліся ў правядзенні. Пры гэтым паказчыкі кожны год зніжаюцца, як і ўзровень злачынстваў у краіне.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[3] http://zviazda.by/be/news/20190211/1549867936-shkolnik-u-stoubcah-napau-z-nazhom-na-nastaunicu-i-dvuh-dzyacey
[4] http://zviazda.by/be/news/20190221/1550746000-prezident-lepsh-zlachynstva-ne-raskryc-chym-pavesic-vinu-na-nevinavataga
[5] https://zviazda.by/be/tags/ivan-naskevich-0