Яго распрацавалі беларусы.
Аб гэтым паведамляюць арабскія СМІ са спасылкай на Dubaі Medіa Offіce і афіцыйны сайт правіцеля Дубая.
У ААЭ прайшоў Сусветны ўрадавы саміт. На ім прадстаўнікі 140 краін і міжнародных арганізацый абмеркавалі інавацыі ў галіне навукі, тэхналогій і глабальнага кіравання. У рамках саміту Міністэрства транспарту Дубая правяло прэзентацыю новага праекта Dubaі Sky Pods. Гэта транспартная сістэма эстакаднага тыпу, вядомая як струнны транспарт SkyWay (СкайВэй). Яе распрацавала беларуская кампанія «Струнныя тэхналогіі».
З сістэмай азнаёміўся эмір Дубая Мухамед бен Рашыд аль-Мактум, які адначасова з'яўляецца прэм'ер-міністрам і віцэ-прэзідэнтам Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Яму паказалі дзве мадэлі струннага транспарту — двухмесны юнібайк і шасцімесны юнікар, якія могуць рухацца з хуткасцю да 150 кіламетраў за гадзіну. Новы від транспарту беспілотны — модулямі кіруе бартавы камп'ютар і аўтаматызаваны цэнтр кіравання.
У арабскіх медыя адзначаюць: гэтая сістэма займае значна меншую плошчу, чым звычайныя транспартныя сістэмы той жа прадукцыйнасці. Яна таксама характарызуецца больш высокай энергаэфектыўнасцю, бо спажывае ў пяць (!) разоў менш энергіі, чым электрамабілі.
Зараз беларускія распрацоўшчыкі праводзяць тэсціраванне рухомага саставу, адаптаванага да блізкаўсходняга клімату, паведамляе інфармацыйная служба ЗАТ «Струнныя тэхналогіі».
Уладзімір Хількевіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzimir-hilkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/transpart
[4] https://zviazda.by/be/tags/dubay