Беларускія кнігавыдаўцы паспяхова завяршылі 2018 год: у конкурсе «Мастацтва кнігі» разглядалася 158 выданняў ад 40 арганізацый. Пасля адбору мастацка-экспертнай камісіі засталося крыху менш за палову кніг, якія ацэньвала журы пад старшынствам Міхаіла Баразны.
Падвядзенне вынікаў нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», што адбываецца ў межах Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, сёлета праходзіла ў Палацы мастацтваў, дзе экспануецца выстаўка беларускіх графікаў (пра якую мы распавядзём у наступным нумары). Пераможцы былі вызначаны ў чатырнаццаці намінацыях.
Перш чым былі агучаны вынікі, намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі адзначыў, што кніга — найважнейшая каштоўнасць грамадства, якую трэба развіваць і прасоўваць ва ўмовах рэальнага часу, таму што кніга абрастае новымі задачамі. Яна павінна быць цікавая, запатрабаваная, карысная для грамадства, для асобнага чытача і для краіны. Менавіта таму патрабаванні да намінантаў былі вельмі высокія.
Найвышэйшая ўзнагарода ў намінацыі «Трыумф» прысуджана 4-томнаму выданню «Вялiкi гiстарычны атлас Беларусi» рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белкартаграфія» Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.
У намінацыі «ЛІТ-фармат» ганаровы знак-сімвал «Залаты фаліянт» і дыплом пераможцы прысуджаны выдавецтву «Мастацкая лiтаратура» за кнігу Алеся Разанава «Такая i гэтакi: талакуе з маланкай дождж», а таксама дыплом першай ступені за кнігу «Пялёсткi лотаса i хрызантэмы: Сто паэтаў Кітая XX стагоддзя». Выдавецтва «Беларусь» адзначана дыпломам ІІ ступені за выпуск кнігі Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве».
Кнігі для юных чытачоў прадстаўлены ў намінацыі «Разам з кнігай мы расцём», у якой пераможцам стала «Залатая шарсцінка, срэбная павуцінка» выдавецтва «Медыял». Дыпломы першай ступені прысуджаны выдавецтву Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра Мінска за кнігу «Прыгоды сямейнага ката Гусарыка» Таццяны Дашкевіч і выдавецтву «Альтыора Фортэ» за кнігу Мішэля Рэнэры «Хто ёсць хто». Выдавецтва «Мастацкая літаратура» ўзнагароджана дыпломам другой ступені за кнігу Валянціны Паліканінай «Ні да чаго быць аднаму».
У намінацыю «Эўрыка» ўвайшлі навуковыя і навукова-папулярныя выданні. Найлепшай стала кніга «У рытме гадоў, што ляцяць... Нарысы гісторыі камсамола Беларусі» выдавецкага дома «Звязда». Дыпломы першай ступені атрымалі навукова-папулярнае выданне «Беларусь: шлях у космас» і «Беларусь — Літва: час збліжэння» Уладзіміра Дражына (ТДА «Бяловагруп»).
Падчас віншавання пераможцаў намінацыі «Эўрыка» дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі адзначыў, што конкурс «Мастацтва кнігі» з кожным годам усё больш матывуе ўдзельнікаў на работу з сур’ёзнай літаратурай.
У намінацыі «Духоўнасць» дыплом пераможцы ўручылі выдавецкаму дому «Беларуская навука» за кнігу Вольгі Лабачэўскай «Мастацтва дзеля славы Божай: саламяныя іканастасныя вароты і царкоўна-культавыя прадметы». Але адзначылі выданне «Святло Полацкай зямлі: жыццё прападобнай Ефрасінні вачыма дзяцей» (Спаса-Ефрасіннеўскі стаўрапігіяльны жаночы манастыр Полацка), а таксама кнігі «Мы не можам жыць як усе. Протаіерэй Андрэй Лемяшонак» і «Блізкія Богу і людзям» (СвятаЕлісавецінскі жаночы манастыр Мінска).
У намінацыі «Залатыя скрыжалі» ацэньваліся даведачныя і энцыклапедычныя выданні. «Залаты фаліянт» і дыплом пераможцы ўручылі выдавецтву «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» за падрыхтоўку і выданне трохтомнай энцыклапедыі «Янка Купала». Дыплом першай ступені атрымала кніга-альбом «Музеі Беларусі» таго ж выдавецтва. Дыплом другой ступені прысуджаны выдавецтву «Беларусь» за кнігу Барыса Лазукі «У засені замкаў і палацаў: матэрыяльная культура сацыяльнай эліты Беларусі XII — пачатку XX стагоддзя».
Пераможцамі і ўладальнікамі дыплома I ступені ў намінацыі «АРТ-кніга» сталі выданні Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: «Веліч і слава Магілёўшчыны. Слава Беларусі і Расіі» Ігара Марзалюка і альбом «Шэдэўры карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка». Дыпломам ІІ ступені ўзнагародзілі літаратурна-мастацкае выданне «Удасканальвайся. Дасканаласць» Паўла Семчанкі выдавецтва «Мастацкая літаратура» і альбом «Васіль Шаранговіч» выдавецтва «Беларусь».
— Новай традыцыяй, якую сфарміраваў конкурс «Мастацтва кнігі», з’яўляецца прадстаўленне ўнікальных выданняў, вырабленых у адзінкавых асобніках з сапраўднымі афортамі, гравюрамі, з тэкстам, набраным уручную, — падкрэсліў падчас віншавання пераможцаў намінацыі «АРТ-кніга» старшыня журы Міхаіл Баразна. — Я на гэты працэс гляджу як на сапраўднае мастацтва, якое нельга не заўважаць. Тым больш яно яднае ў сабе як творчую, так і літаратурную частку. Ад гэтага каштоўнасць узрастае.
А ў намінацыі «Фотапогляд» перамогу атрымаў фотаальбом «Беларусь. Пасланне міру» (ТДА «Беловагруп»), дыпломамі адзначаны фотаальбомы «Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Сады і паркі» ў серыі «Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль» выдаўца Аляксандра Аляксеева і «Бачу Беларусь такой. I am seeing Belarus like that» Уладзіміра Цыдзіка (Выдавецкі дом «Звязда»), «Імгненні стагоддзя. 1918—2018» (УП «БелТА»).
Адна са спецыяльных намінацый конкурсу, што падвёў кніжныя вынікі Года малой радзімы, называлася «Сцяжынкамі роднага краю». Пераможцам вызначаны зборнік «Зямля бацькоў, святая...», які выйшаў у серыі «100 вершаў» выдавецтва «Мастацкая літаратура». Уладальнікамі дыпломаў сталі навуковапапулярныя выданні Артура Зельскага «Хатынь. Трагедыя беларускага народа», Наталлі Яцкевіч і Міхаіла Нікіціна «Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы» («Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»), краязнаўчыя выданні «Лошніца» і «Забашавічы» (ТДА «Чатыры чвэрці»).
У персанальнай намінацыі «Майстэрства» адзначаюцца асобы. Найлепшым ілюстратарам кнігі прызнаны Вячаслаў Валынец за «Казкі для гарэз» (ААТ «Харвест»), лепшым фатографам — Міхась Раманюк за ўклад у беларускую нацыянальную мастацкую фотакультуру, лепшым дызайнерам стаў Міхал Анемпадыстаў за ідэю, аўтарскую канцэпцыю, тэкст і мастацка-графічнае выкананне выдання «Колер Беларусі».
Ёсць за кім цягнуцца, ёсць дзеля чаго працаваць далей.
Вікторыя АСКЕРА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-askera
[2] https://zviazda.by/be/tags/knizhny-svet