Споўнілася 30 гадоў з дня вываду з Афганістана Абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў. Амаль дзесяць гадоў вялася бязлітасная вайна ў гэтай далёкай краіне. Вайна, якая апякла лёс цэлага пакалення многіх рэспублік. Афганістан — не толькі наша трагічная і гераічная гісторыя, але і наша незагойная рана, горкі боль, глыбокая павага да тых, хто прайшоў праз выпрабаванні з гонарам сапраўднага воіна-патрыёта.
У вайне ў ДРА ўдзельнічалі каля 30 тысяч грамадзян Беларусі, 771 з якіх загінуў, больш за паўтары тысячы атрымалі раненні, у выніку баявых дзеянняў сотні воінаў-«афганцаў» сталі інвалідамі. Сёння воіны-«афганцы» — захавальнікі памяці аб той кровапралітнай вайне, аб доблесці, подзвігу, славе, аб загінулых баявых сябрах-таварышах.
Афганская вайна легла на неакрэплыя плечы прызыўнікоў — учарашніх савецкіх школьнікаў. Бязвусыя хлапчукі праявілі сябе вельмі годна, паказаўшы мужнымі воінамі, здольнымі адважна змагацца, годна выконваць воінскі абавязак і ваенную прысягу. Сёння можна па-рознаму ацэньваць падзеі 30-гадовай даўніны, але ніхто і ніколі не ўсумніцца ў доблесці і стойкасці нашых ваеннаслужачых.
Вывад нашых войскаў з тэрыторыі Афганістана пачаўся 15 мая 1988 года ў адпаведнасці з заключанымі Жэнеўскімі дамовамі аб палітычным урэгуляванні становішча вакол ДРА. СССР абавязаўся вывесці свой кантынгент у дзевяцімесячны тэрмін. Абпаленыя сонцам Афгана, загартаваныя ў баях з душманамі, савецкія воіны пачалі вяртацца на радзіму. Аперацыяй па вывядзенні войскаў кіраваў камандуючы 40-й агульнавайсковай арміяй генерал-лейтэнант Барыс Громаў. Дарэчы, у 1986—1987 гадах ён у Гродне камандаваў 28-й агульнавайсковай арміяй Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі.
15 лютага 1989-га савецкія войскі былі цалкам выведзены з ДРА. Многія воіны-«афганцы» падчас баявых дзеянняў паказалі ўзоры адданасці Айчыне, мужнасці, гераізму, доблесці і вернасці ваеннай прысязе. У іх ліку — камандзір батальёна 126-га гвардзейскага танкавага палка 3-й гвардзейскай танкавай дывізіі гвардыі маёр Віктар Мацулевіч. Ён нарадзіўся 24 мая 1947 года ў Полацку. У 1961 годзе скончыў сем класаў сярэдняй школы, у 1966-м — сельскагаспадарчы тэхнікум. Гарадоцкім райваенкаматам быў прызваны ў рады Узброеных Сіл СССР. З 1969 года працаваў на прадпрыемствах аблспажыўсаюза ў Віцебску. У 1972-м Віцебскім гарваенкаматам паўторна прызваны ў рады Узброеных Сіл, накіраваны для праходжання службы ў воінскую часць на пасаду камандзіра танкавага ўзвода. У 1973 годзе скончыў экстэрнам Ульянаўскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча, у 1980 годзе — Вышэйшыя афіцэрскія курсы «Выстрал». Службу праходзіў у танкавых падраздзяленнях і часцях Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі». Спецыяліст 1-га класа, ён, як той казаў, нарадзіўся з «ваеннай костачкай», літаральна днём і ноччу знаходзіўся з падначаленымі салдатамі і афіцэрамі ў парку баявых машын, на танкадроме, у навучальных класах, на трэнажорах. Для асабовага складу ён быў сапраўды як бацька родны. На палявых занятках вучыў падначаленых трапна страляць, па-майстэрску вадзіць танк, умела арыентавацца ў складанай тактычнай абстаноўцы. Камбат стаў наватарам спаборніцтва сярод танкавых экіпажаў на прыз выхаванца палка Героя Савецкага Саюза камандзіра танка лейтэнанта Уладзіміра Краева, які праславіўся пры вызваленні Віцебскай вобласці.
7 снежня 1981 года Віктар Мацулевіч быў накіраваны ў ДРА. У незнаёмы і далёкі Афганістан ён ляцеў з супярэчлівымі пачуццямі, з трывогай у душы: што чакае яго там, у чужых гарах, на гэтай невядомай вайне? На вайне, пра якую тады мала што было вядома, хоць баявыя дзеянні ўжо ішлі некалькі гадоў. Свой 3-ці танкавы батальён 24-га гвардзейскага Пражскага танкавага палка Віктар Мацулевіч прыняў у раёне Шынданда правінцыі Герат. Камбат, які ўдыхнуў азіяцкую спёку, спазнаў смагу ў распаленых гарах, неміласэрнае афганскае сонца, з першых жа дзён знаходжання ў Афгане надоўга запомніў выццё снарадаў і спевы куль, скрыгат асколкаў аб скалы і браню, выратавальны рокат верталётаў над галавой.
6 мая 1982 года ў правінцыі Гільменд, каля населенага пункта Гірышк, душманы захапілі электрастанцыю і адключылі ад электрычнасці бавоўнаперапрацоўчую фабрыку. Паступіў загад дапамагчы мясцоваму насельніцтву выбіць ворага з захопленага аб'екта. На выкананне аперацыі паслалі ўзмоцненае падраздзяленне 3-га танкавага батальёна пад камандаваннем гвардыі маёра Мацулевіча. Бой ішоў каля чатырох гадзін. У гэты час падраздзяленне было абстраляна душманамі з гранатамётаў і мінамётаў. Віктар Мацулевіч атрымаў цяжкае раненне і быў адпраўлены ў ваенны шпіталь Кабула. У эфіры салдаты-радысты перадалі адкрытым тэкстам кароткае паведамленне: «Камбат-3 цяжка паранены!» Праз некаторы час вораг быў знішчаны — так воіны адпомсцілі за раненне свайго любімага камандзіра. На жаль, тыя раны аказаліся смяротнымі — ваенныя медыкі былі бяссільныя...
Віктар Мацулевіч памёр ад атрыманага ранення. Пахавалі камбата з воінскімі ўшанаваннямі ў Віцебску, на радзіме адважнага афіцэра-танкіста. За мужнасць і гераізм афіцэр-«афганец» пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа».
Захаваўся ліст камандзіра часці гвардыі падпалкоўніка Фаіка Файзуліна і яго намесніка камандзіра палка гвардыі маёра Георгія Атаманава, накіраванае ў пасёлак Бароўка Лепельскага раёна Віцебскай вобласці Венецыі Рыгораўне Мацулевіч — удаве камбата. У ім, у прыватнасці, гаворыцца: «За час праходжання службы ў часці Віктар Ціханавіч карыстаўся заслужаным аўтарытэтам у камандавання, любоўю і павагай у таварышаў па службе і падначаленых. Камандзір батальёна вызначаўся высокімі маральна-палітычнымі якасцямі: сціпласцю, спагадлівасцю, высокай патрабавальнасцю да сябе і навакольных, прынцыповасцю. Яму былі ўласцівыя мужнасць і адвага, высокае прафесійнае майстэрства афіцэра-танкіста, уменне мабілізаваць падначаленых на выкананне баявой задачы, гарачым словам і асабістым прыкладам павесці за сабой таварышаў па службе.
Віктар Ціханавіч быў бязмежна адданы роднай Беларусі і як воін да апошняга дыхання застаўся верны ваеннай прысязе. Памяць пра мужнага афіцэра-танкіста назаўсёды захаваецца ў сэрцах і ўдзячнай памяці яго баявых сяброў і будзе служыць прыкладам самаахвярнага выканання воінскага і інтэрнацыянальнага абавязку».
У Беларусі свята захоўваюць памяць аб удзельніках афганскай вайны: пры падтрымцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі па ініцыятыве грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», Рэспубліканскай асацыяцыі членаў сем'яў ваеннаслужачых, якія загінулі ў Афганістане, «Памяць і абавязак», камітэта сем'яў ваеннаслужачых, якія загінулі ў Афганістане, у раёне Траецкага прадмесця 3 жніўня 1996 года быў адкрыты Мемарыяльны комплекс, цэнтрам якога стаў помнік «Сынам Айчыны, якія загінулі за яе межамі». У храме-помніку ў гонар Усіх Святых закладзена капсула з зямлёй з Афганістана, па рашэнні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў частка набярэжнай ракі Свіслач ад вострава Мужнасці і Смутку да гасцініцы «Беларусь» атрымала назву «Набярэжная воінаў-інтэрнацыяналістаў». У многіх навучальных установах, прадпрыемствах краіны створаны пакоі і куткі воінаў-інтэрнацыяналістаў, подзвігу воінаў-«афганцаў» прысвечаны песні, вершы, кнігі, хранікальна-дакументальныя фільмы.
Воінам-«афганцам» прысвечана і асобная экспазіцыя ў зале «Нашчадкі Вялікай Перамогі» Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У адной з вітрын — фатаграфіі воінаў-«афганцаў» Герояў Савецкага Саюза — намесніка камандзіра сапёрнага ўзвода гвардыі старшага сяржанта Мікалая Чэпіка, кулямётчыка гвардыі радавога Андрэя Мельнікава, камандзіра верталётнай эскадрыллі маёра Васіля Шчарбакова. Беражліва захоўваюцца баявыя і юбілейныя медалі воінаў-інтэрнацыяналістаў, перададзеныя ў дар музею старшынёй Савета Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць» палкоўнікам у адстаўцы Уладзімірам Шокавым.
У аднапалчан 24-га гвардзейскага Пражскага танкавага палка 5-й мотастралковай дывізіі стала добрай традыцыяй рэгулярна сустракацца напярэдадні Дня танкіста, успамінаць сумесную службу пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане. Адзін з арганізатараў гэтых хвалюючых і незабыўных сустрэч з баявымі пабрацімамі — удзельнік баявых дзеянняў у ДРА з ліпеня
1981-га да мая 1983 года, узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Зоркай ІІІ ступені ДРА, медалём «Ад удзячнага афганскага народа», Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР гвардыі палкоўнік у адстаўцы Георгій Атаманаў. Баявы афіцэр з асаблівым хваляваннем успамінае таварышаў па службе і баявых таварышаў.
Мікалай Шаўчэнка, падпалкоўнік у адстаўцы
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikalay-shauchenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/placdarm-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/placdarm
[6] https://zviazda.by/be/tags/afganskiya-padzei
[7] https://zviazda.by/be/tags/vyvad-voyskau-z-afganistana