Памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Брэсцкай вобласці быў прызначаны Анатоль Маркевіч, які раней займаў пасаду старшыні Навагрудскага райвыканкама.
Памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Мінску стаў Віталь Прыма, які з 2012 года па 13 лістапада 2018 з'яўляўся Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Індыі і па сумяшчальніцтве ў Шры-Ланцы, Бангладэш і Непале.
У сваю чаргу, беларускі лідар узгадніў прызначэнне Сяргея Федчанкі на пасаду старшыні Навагрудскага райвыканкама. Раней ён займаў пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення кантролю за работай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў Камітэта дзяржаўнага кантролю.
Старшынёй Клічаўскага райвыканкама стаў Віктар Рабкавец, раней — першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання гэтага райвыканкама.
"Вам — кіраўнікам раёнаў і памочнікам Прэзідэнта — трэба будзе вырашаць падобныя задачы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Задачы няпростыя, я ўжо казаў, на вашы плечы яны лягуць у тым поўным аб'ёме. Два гады, гады перадвыбарныя, таму трэба паказваць людзям, што мы ўмеем вырашаць праблемы. Мы будзем здаваць экзамен у гэтым і наступным годзе".
Кіраўнік дзяржавы заклікаў не баяцца такіх выпрабаванняў і весці сур'ёзную падрыхтоўку, паказваць людзям сваю магчымасць кіраваць дзяржавай.
Іншы аспект: беларускі лідар звярнуў увагу, што ўсім вышэйназваным прыйдзецца займацца пытаннямі эканомікі. Ён дадаў, што ў гэтым інфармацыйным полі нас палохаюць рознымі пагрозамі, але галоўная, фундаментальная праблема ў любой дзяржаве — эканоміка. "Будзе добра ў эканоміцы — будзе добра ў людзей дома, перш за ўсё — у сем'ях, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Таму пытанне №1 для вас усіх — гэта эканоміка".
Яшчэ адна тэма — сацыяльнае жыццё. На думку кіраўніка дзяржавы, было шмат зроблена для нармальнага жыцця насельніцтва, працу ў гэтым кірунку трэба працягваць паўсюдна — ад аграгарадкоў да сталіцы. Усе задачы агульнавядомыя.
Пра Брэсцкую вобласць
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, прызначаныя кіраўнікі павінны неадкладна прыступіць да выканання абавязкаў.
"Чым больш самастойны памочнік, чым больш ён парадак наводзіць у вобласці і займаецца кадрамі, інфармуе нас пра сітуацыю для прыняцця мер у той ці іншай вобласці, тым больш ён павінен быць падтрыманы мной і вамі (старшынямі райвыканкамаў — “Звязда”). Асабліва пры вылучэнні на больш высокую пасаду. Памочнік — гэта асноўны рэзерв Прэзідэнта пры вылучэнні на ключавыя пасады. Таму пачынайце дзейнічаць неадкладна", — падкрэсліў беларускі лідар.
Ён таксама пацікавіўся, наколькі Анатоль Маркевіч знаёмы з Брэсцкай вобласцю. Той адказаў, што знаёмы, паколькі яго Навагрудскі раён мяжуе з гэтай вобласцю, больш за тое — Маркевіч вучыўся ў ВНУ ў Брэсце. Паводле яго слоў, Брэсцкая вобласць развіваецца дынамічна, па ўсіх галінах эканомікі, акрамя сельскай гаспадаркі, ёсць прыбаўка. Аднак і сельскагаспадарчыя праблемы вырашыць рэальна.
Прэзідэнт назваў Навагрудскі раён амаль злепкам Брэсцкай вобласці, паколькі і там, і там падобныя праблемы — і ўмовы, і па глебах. Аляксандр Лукашэнка заклікаў звярнуць асаблівую ўвагу на прамысловасць у гэтым рэгіёне, а яшчэ на тысячагоддзе Брэста, так што працы будзе дастаткова.
Пра Мінск, Навагрудак і Клічаў
Беларускі лідар звярнуўся да Віталя Прымы і адзначыў, што ў Мінску "праблем вышэй даху". Так, па словах кіраўніка дзяржавы, у спадчыну ад былога старшыні гарвыканкама "ў плюсах менш, чым у мінусах".
"Вы павінны дакладна, непрадузята паглядзець на Мінск, перш за ўсё — на кадры. І ўбачыць тыя праблемы, якія трэба вырашыць. Зноў жа, экзамен. Два найбуйнейшыя міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы — Еўрапейская алімпіяда і матч Амерыка — Еўропа", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Што датычыцца раёнаў, то беларускі лідар указаў на практычна абсалютнае падабенства Навагрудскага і Клічаўскага раёнаў.
Навагрудак ён назваў вельмі важным рэгіёнам Беларусі — і гістарычна, і эканамічна.
"Клічаў — я абавязкова павінен у Клічаве пабываць, даўно не быў там. Паглядзець трэба гэты раён, няпросты, прама скажам. Але сустрэнемся ў гэтым годзе і паглядзім на тое, што вы там зрабілі, што можаце зрабіць, а ў чым, можа быць , трэба і дапамагчы", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
З'явіліся новыя асобы сярод кіраўнікоў дыппрадстаўніцтваў. Акрамя таго, змены адбыліся ў кіраўніцтве дзяржаўных органаў, падпарадкаваных беларускаму лідару, а таксама ў найважнейшай дзяржарганізацыі.
Нязведаная Іспанія, суседская Польшча
Аляксандр Лукашэнка прызначыў Паўла Пуставога на пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Іспаніі і па сумяшчальніцтве Пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў Сусветнай турысцкай арганізацыі. Да гэтага ён з'яўляўся намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення - начальнікам аддзела Лацінскай Амерыкі галоўнага ўпраўлення Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі МЗС.
"Што тычыцца Іспаніі, шчыра кажучы, я неяк, з пункту гледжання працы МЗС, гэтую краіну не заўважаю. Гэта дрэнна, — канстатаваў Прэзідэнт. — Гэта не значыць, што я не ведаю, што такое Іспанія і яе магчымасці. Вельмі добра ведаю, але мы дрэнна працуем на іспанскім кірунку. Таму вам трэба будзе, калі хочаце, закласці трывалы падмурак нашых адносін".
Як адзначыў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, Павел Пуставой — лепшая кандыдатура, падбор быў вельмі грунтоўны. Новы пасол — адзін з вядучых спецыялістаў па іспанамоўным краінам.
Паводле слоў Уладзіміра Макея таваразварот з Іспаніяй ў больш чым 300 млн долараў — гэта не мяжа, апошнія гады ён расце. "Мы перакананыя, што з прызначэннем пасла там мы моцна дададзім", — сказаў міністр замежных спраў.
Ёсць шмат сфер узаемадзеяння, у тым ліку ў прамысловасці.
Уладзімір Чушаў стаў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Польшчы. Раней ён займаў пасаду начальніка ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва і нацыянальнай бяспекі Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.
"Што такое Польшча, няма неабходнасці гаварыць. Наш бліжэйшы сусед, спецыфічная палітыка, але гэта ўнутраная справа Польскай Рэспублікі. Але ў той частцы ўзаемаадносін Беларусі і Польшчы гэта наша справа таксама", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да Уладзіміра Чушава, ён адзначыў, што новы пасол ведае спецыфіку адносін. "Не скажу, што яны без праблем. Праблем хапае, але ўсе яны абсалютна вырашальныя, і для гэтага трэба зрабіць усё, таму што наступныя гады для беларуска-польскіх адносінаў будуць вызначальнымі на вялікую перспектыву", — адзначыў беларускі лідар.
"Вельмі важныя дзве краіны, — зноў падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Іспанія — там трэба вельмі сур'ёзна працаваць. Гэта цікавая краіна, і я думаю, што (праз — “Зв.”) два—тры гады мы паўмільярдны таваразварот павінны мець".
Паводле яго слоў, у Польшчы трэба бачыць свой інтарэс, даводзіць да мясцовага істэблішменту і народа беларускую пазіцыю. "Ніякіх пагроз ад нас яны няхай не чакаюць. Але гэта не значыць, што калі яны будуць бразгаць зброяй, што мы будзем на гэта спакойна глядзець. У тым ліку, улічваючы нашу сумесную беларуска-расійскую групоўку на гэтым напрамку", — сказаў ён.
Прэзідэнт аб рабоце Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта: Жалезная павінна быць дысцыпліна і вынік
Старшыня камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Свірыдаў быў прызначаны на пасаду намесніка Кіраўніка спраў Прэзідэнта.
"Мяне насцярожвае сітуацыя ў Кіраўніцтве справамі", — адзначыў беларускі лідар. Паводле яго слоў, раней намеснікі бачылі сябе ў іншых пасадах, "многія пальцы веерам расставілі".
"Вас чакае разам з Кіраўніком спраў велізарная праца, — падкрэсліў ён. — Жалезная павінна быць дысцыпліна і вынік. Сказана лыжы зрабіць — рабіце, у вас ёсць прадпрыемства. Сказана зямлю капаць — трэба капаць і хлеб апрацоўваць".
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што Кіраўніцтва справамі сёння — гэта шматпрофільная арганізацыя, якая займаецца ўсім — ад малака да турызму. Ён заклікаў закручваць гайкі, як след, і дзейнічаць.
Яшчэ Прэзідэнт узгадніў прызначэнне Аляксандра Мароза на пасаду генеральнага дырэктара ААТ "Мінскі механічны завод імя С.І. Вавілава — кіруючая кампанія холдынгу "БелОМА". Раней ён быў першым намеснікам генеральнага дырэктара на гэтым заводзе. Нагадаем, нядаўна стала вядома, што папярэднi гендырэктар холдынгу "БелОМА" Вячаслаў Бурскі быў затрыманы і знаходзіцца пад вартай.
"Вы ўпэўненыя, што Аляксандр Іванавіч (Мароз — “Звязда”) пры тым узроўні карупцыі, які маецца на Вавілава, абсалютна чысты чалавек?" — спытаў Аляксандр Лукашэнка ў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай, на што атрымаў сцвярджальны адказ.
"Больш за 70 гадоў мужыку (былому гендырэктару Вячаславу Бурскаму — “Зв.”) — жыццё скончыць у турме. Добрая перспектыва? Я вельмі спадзяюся, Аляксандр Іванавіч (Мароз — “Зв.” ), як бы ў вас там не складалася сітуацыя, бачылі вы нешта, не бачылі, вы зробіце пэўныя высновы ў сваім калектыве, і ў канцы гэтага года мы ўбачым ашаламляльныя вынікі вашай дзейнасці", — заявіў Прэзідэнт.
Калі прадпрыемству патрэбна дапамога, дадаў кіраўнік дзяржавы, то трэба пра гэта казаць, звяртацца ў Міністэрства прамысловасці, але вынік павінен быць.
Акрамя таго, у працоўным парадку былі ўзгоднены і іншыя прызначэнні. Алег Швец стаў намеснікам міністра архітэктуры і будаўніцтва (раней — намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага аб'яднання "Мінскбуд"). Першым намеснікам Старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі стала Ірына Асмола (раней — дырэктар навукова—вытворчага РУП "Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі").
Кіраўнік дзяржавы прызначыў Алену Купчыну на пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Славеніі, Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе па сумяшчальніцтве. Раней яна была паслом у Аўстрыі і па сумяшчальніцтве ў Харватыі, а таксама Пастаянным Прадстаўніком Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене.
Аляксандр Панамароў стаў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Харватыі па сумяшчальніцтве, да гэтага ён працаваў у якасці пасла ў Венгрыі і па сумяшчальніцтве ў Босніі і Герцагавіне.
Руслан Есін прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Аўстралійскім Саюзе і Новай Зеландыі па сумяшчальніцтве. Раней ён быў беларускім паслом у Японіі.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/kadravyya-pryznachenni
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka