Сёння «Звязда» пачынае новы праект сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі — «Вернісаж. Памяць сэрца», дзе гаворка пойдзе пра мастацкія творы часоў Вялікай Айчыннай, або прысвечаныя ёй, у тым ліку работы аўтарства беларускіх мастакоў — франтавікоў і ўдзельнікаў партызанскага руху. З каго пісалі партрэты ваенныя мастакі, якія сюжэты выбіралі і з дапамогай якіх прыёмаў і сродкаў перадавалі пэўны настрой у сваіх работах? Ці ўсё мы ведаем пра знакамітыя карціны, што захоўваюцца ў музейных фондах, прычым не толькі ў нашай краіне? Угледзімся і абмяркуем падрабязнасці разам з мастацтвазнаўцамі.
У гісторыі розных краін ёсць такія падзеі, якія незалежна ад таго, што адбывалася, як мянялася палітычная сістэма або эканамічны лад, грамадства і людзі, нібы стрыжань праходзяць праз час і назаўсёды застаюцца ў непарушнай народнай памяці. У ліку такіх падзей — Вялікая Айчынная вайна, якая на многія дзесяцігоддзі пакінула незагойныя раны ў гісторыі ўсёй нашай краіны і практычна ў кожнай беларускай сям'і...
Асаблівая роля ў захаванні гэтай памяці, ва ўсведамленні і ўвекавечванні драматычных і гераічных эпізодаў, бессмяротных подзвігаў і пакут нашага народа належыць мастацкай культуры. Ваенныя падзеі знайшлі сваё вобразнае ўвасабленне ў творах жывапісу, скульптуры, графікі і архітэктурных ансамблях. Гэтыя творы мастацтва злучылі ў сабе дакументальнасць і дакладнасць падзей з асабістымі перажываннямі, адчуваннямі і ўспамінамі, з пачуццямі і эмоцыямі. І калі па кнігах і дакументах Вялікую Айчынную вайну вывучаюць, то па творах мастацтва яе разумеюць і перажываюць, бо візуальнае ўяўленне пра гісторыю — адно з самых моцных і запамінальных.
Бясцэнны ўнёсак у мастацкі летапіс Вялікай Айчыннай вайны зрабілі вядомыя майстры выяўленчага мастацтва. У рэестры класічных дасягненняў нашай спадчыны ў гэтай галіне варта назваць «Абаронцаў Брэсцкай крэпасці» Івана Ахрэмчыка, «Мінск. 3 ліпеня 1944 года» Валянціна Волкава, «Маё нараджэнне» Леаніда Шчамялёва, «Віцебскія вароты» Міхаіла Савіцкага, «Партызанскае вяселле» Мая Данцыга, «1941. Над Прыпяццю» Віктара Грамыкі. Гэтыя работы буйной формы, створаныя непасрэднымі ўдзельнікамі і сведкамі вайны, сталі ў гісторыі нашай культуры кульмінацыйным момантам, які маркіруе этап надзвычай магутнай рэфлексіі і найярчэйшага мастацкага ўвасаблення калізій вайны.
Аднак гучнае прызнанне маштабных праграмных твораў на ваенную тэму не павінна засланяць ад нас рэчы больш сціплыя, камерныя, якія часта нясуць у сабе неацэнную паэтычную праўду перажыванняў ваеннай рэчаіснасці. Такія чыстыя і праўдзівыя чалавечыя выказванні, замацаваныя ў жывапісе і графіцы менавіта ваенных гадоў, маюць асаблівую мастацка-дакументальную каштоўнасць, паказваюць эвалюцыю творчасці многіх беларускіх мастакоў, якія з першых дзён вайны сышлі на фронт і ў партызанскія атрады.
Замалёўкі з пярэдняга краю
Звязаныя з вайной умовы жыцця адбіліся і на самім характары выяўленчага мастацтва, на відавых і жанравых прыярытэтах. Акцэнты пераносяцца на аператыўныя віды мастацтва, перш за ўсё на графіку малых формаў — гэткага выяўленчага рэпартажу з месца ваенных падзей. Гэта разнастайныя замалёўкі стану, дзеянняў, партрэты салдат і афіцэраў, адлюстраванне паходнага побыту, населеных пунктаў, названых у зводках. Людзі занятыя справай: яны дзейнічаюць або адпачываюць, засяроджаныя або вясёлыя, але нават у гэтых асаблівых абставінах яны такія, як заўсёды, яны жывуць...
Асаблівую ролю набывае «партрэтная франтавая замалёўка», калі вобразы ваенных ствараліся не пасля бітваў, а непасрэдна на перадавой паміж баямі: у партызанскіх пунктах, медсанбатах і г. д. Такія партрэты-эцюды, дзе чалавек прадстаўлены ў дзейснай узаемасувязі з навакольным светам, пакінулі нам беларускія мастакі Сяргей Раманаў, Генрых Бржазоўскі, Сцяпан Андруховіч, Міхаіл Бельскі, Ісак Давідовіч. Як правіла, гэта паясныя ці пагрудныя выявы з больш старанна выпісанымі галавой і рысамі твару, абагульнена, бегла намечанымі лініямі фігуры, але пры гэтым абавязкова дакладна прамаляванымі дэталямі адзення і галаўных убораў, па якіх лёгка вызначаліся род войскаў, знакі адрознення і ўзнагароды партрэтаванага. Побач з аўтарскім подпісам змяшчаўся і кароткі тлумачальны тэкст, дзе пазначаліся месца, назва ваеннай аперацыі, фронту, злучэння, часці, а таксама звесткі пра чалавека, з якога пісаўся партрэт.
Новая «дакументалісцкая» якасць, яшчэ больш усвядомленае значэнне падзей, што адбываюцца проста тут і цяпер, шмат у чым вызначылі рысы, уласцівыя стылістыцы гэтых работ — непатрабавальных, лаканічных і праўдзівых. У іх няма нейкіх фармальных адкрыццяў, клопату пра форму і мову, пра пластычную завершанасць, яны пазбаўлены нярэдка не толькі вонкавага глянцу, але і цвёрда адпрацаванай сумы тэхнічных прыёмаў. Часам сучаснаму гледачу можа здацца, што мастак адкінуты абставінамі назад, да «азбукі», з якой пачынаў свой шлях у прафесіі. Але каштоўнасць гэтых работ заключаецца, перш за ўсё, у смелай сведкавай інтанацыі, жыццёвай дакладнасці. Мастак захоплены сапраўдным, і калі ў руках у яго ўсяго толькі невялікі кавалак паперы і аловак, ён сваім магічным талентам спадзяецца занатаваць, захаваць самае дарагое ў гэтым хісткім свеце — вобраз чалавека...
Ад радавых да «помніка эпохі»
Жывапісныя партрэты, выкананыя ў ваенны перыяд, можна ўмоўна падзяліць на дзве групы. Першую групу складаюць так званыя ваенныя партрэты, прычым важна адзначыць, што пераважаюць адлюстраванні не военачальнікаў, а партрэты радавых байцоў Чырвонай Арміі. Сапраўды ўсенародная вайна, масавыя подзвігі простых людзей, якія пайшлі на фронт і не трымалі да таго зброі ў руках, абумовілі павышаную цікавасць мастакоў да раскрыцця вобразаў сціплых, але сапраўдных герояў. Адсюль пільны інтарэс да псіхалагічнага складніка, да разнастайных праяў асобаснага пачатку мадэляў, якія знайшлі сваё пераканаўчае ўвасабленне ў партрэтах Яўгена Красоўскага, Яўгена Зайцава, Ісака Давідовіча і іншых.
Не апошняе месца ў мастацтве ваенных гадоў займае і аўтапартрэт. Гэты спецыфічны род мастацкага самааналізу стаў формай лірычнага адкрыцця майстроў, якія з хваляваннем разважаюць пра лёс краіны, мастацтва, пра сваё ўласнае прызначэнне ў цяжкую для айчыны хвіліну. Яскравым прыкладам з'яўляецца аўтапартрэт Барыса Няпомняшчага — франтавіка, які дайшоў да Берліна. У ім выяўлены і падкрэслены рысы, уласцівыя большасці яго таварышаў па службе, — бескампрамісная рашучасць і цвёрдасць духу.
Па меры набліжэння перамогі з'яўляюцца партрэты вайскоўцаў ва ўрачыста-прыўзнятым, гераізаваным выглядзе. Перад савецкім мастацтвам была пастаўлена задача стварэння «помніка эпохі», праслаўлення правадыроў і герояў вайны. Узнікае «серыйны» ўзор параднага партрэта героя-ваеннага з усімі звыклымі для яго рысамі: з эпалетамі і ордэнамі, пратакольна-дакладным малюнкам знешняга выгляду мадэлі, стэрэатыпнасцю пластычнай манеры.
Іншая разнавіднасць жывапіснага партрэта ваеннага часу паказана ў работах, дзе адлюстраваны людзі мастацтва. З'яўленне такіх твораў было выклікана тым, што ў трагічныя дні вайны многія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі таксама ваявалі, змагаліся з ворагам сваёй зброяй — зброяй мастацтва. У канцэртных франтавых брыгадах удзельнічалі Аляксандра Нікалаева, Глеб Глебаў, Ларыса Александроўская, Ісідар Балоцін і іншыя. Разглядаючы партрэтныя выявы людзей культуры, нельга не заўважыць, што ў цэнтр мастакоўскага выказвання становіцца чалавечы характар вялікага маштабу, мужная сіла напалову з болем велізарных страт.
Іван Ахрэмчык рашуча вызваляе сваіх герояў — Аляксандру Нікалаеву і Глеба Глебава — ад найменшага элемента параднасці, тэатральнасці. Мастак з няўмольнай аб'ектыўнасцю адлюстроўвае на тварах усе нанесеныя вайной траўмы, духоўна-маральны стрыжань і непахіснасць волі герояў. Перад намі надзіва дакладныя вобразы людзей, якія ў поўнай меры прынялі на сябе працу вайны.
Подых часу
Неад'емнай часткай адзінай карціны, якая складваецца ў нашым уяўленні пры спробе абагульніць уражанні ад асобных дэталяў і эпізодаў у мастацтве ваенных гадоў, з'яўляецца і тэма горада. Тыя нешматлікія работы, што дайшлі да нас і перадаюць атмасферу Мінска ваеннага часу, — мастацкія дакументы велізарнай сілы. Ключавое значэнне для гісторыі гарадскога пейзажа гэтага перыяду маюць работы Анатоля Тычыны, якога паўнапраўна можна назваць галоўным «партрэтыстам» Мінска.
Мастак адным з першых бярэцца за аловак і адлюстроўвае акупаваны горад з яго пустэльнымі вуліцамі і нейкай неўласцівай ранейшым гарадам здранцвеласцю. Адчуванне прывіднага горада, які балансуе паміж быццём і небыццём, рэальным і фантастычным, увасоблена ў «Руінах Мінска» (1944) і «Разбураным Мінску» (1944). Жыццё амаль зусім замерла, усё прасякнута пачуццём трывогі, атмасферай небяспекі, што навісла над горадам і краінай. Па графічнай серыі Анатоля Тычыны можна меркаваць аб жыцці сталіцы і ў самыя цяжкія дні яе абароны, і тады, калі самае страшнае было ўжо ў мінулым.
Чаму сёння нас так цікавяць першакрыніцы — франтавыя замалёўкі, дзённікі, успаміны сведак, партрэты, створаныя ў самы разгар ваенных дзеянняў? У чым прычына невыказнага абаяння малюнкаў, зробленых на выцвілай паперы, на адвароце нейкіх старых чарцяжоў, бланкаў ваенных канцылярый?
Напэўна, у тонкай узаемасувязі дакументальнага і мастацкага, у тым, што мастак і салдат выступаюць у адной асобе, якая параднілася са сваім таварышам адным лёсам. Адсюль і шчырая інтанацыя, непадробныя пачуцці, і праўдзівасць, і жыццёвасць захаваных рэалій. Для нас сёння беглы накід з франтавога нататніка, выразная альбомная замалёўка, акварэль або маляўнічы эцюд ваеннай пары з'яўляюцца і крыніцамі самай дакладнай інфармацыі, і матэрыялам для рэканструкцыі жывой карціны эпохі.
Кацярына ІЗАФАТАВА, загадчык аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynaya-vayna
[4] https://zviazda.by/be/tags/galereya
[5] https://zviazda.by/be/tags/75-goddze-vyzvalennya-belarusi