«Мы глыбока расчараваныя рашэннем жэнеўскай нарады бакоў Канвенцыі Эспа аб тым, што беларускі бок нібыта не даў грамадскасці «дастатковай» інфармацыі ў падтрымку абгрунтавання выбару астравецкай пляцоўкі для будаўніцтва БелАЭС», — каментуе сітуацыю прэс-служба Міністэрства замежных спраў.
Рашэнне было прынята па ініцыятыве дэлегацыі Еўрапейскага саюза, дагаджаючы Літве. «Відавочна, што вынік галасавання быў загадзя вызначаны «блокавай дысцыплінай» краін ЕС, якія складаюць большасць членаў Канвенцыі», — адзначае ў афіцыйным каментарыі знешнепалітычнае ведамства Беларусі.
Профільны камітэт Канвенцыі нават не растлумачыў, наколькі недастатковай была інфармацыя. Пры гэтым крытэрыяў дастатковасці няма як у самой Канвенцыі, так і ў дакументах, якія вызначаюць правілы работы камітэта па яе выкарыстанні.
Заключэнне Канвенцыі Эспа ніякім чынам не датычыцца пытанняў бяспекі БелАЭС. Гэтая тэма знаходзіцца па-за мандатам дадзенай супольнасці.
Нарада бакоў Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (Канвенцыя Эспа) праходзіла з 5 да 7 лютага ў Жэневе. Удзел у ёй прымала дэлегацыя Беларусі на чале з першым намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іяй Малкінай.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/urad
[4] https://zviazda.by/be/tags/mzs
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaes-0