У бягучым годзе 656 выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта штомесяц будуць атрымліваць дадатковую прэмію па выніках рэйтынгавых ацэнак іх дзейнасці за мінулы год. У залежнасці ад індывідуальных паказчыкаў сума выплат вагаецца ад 56 да 319 рублёў, якія будуць выплачвацца з пазабюджэтных сродкаў універсітэта.
Электронная рэйтынгавая сістэма была ўкаранёная ў ВНУ напрыканцы 2018 года для празрыстага матэрыяльнага стымулявання супрацоўнікаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі асноўных мэт і задач развіцця БДУ. У рэйтынгавай сістэме вынікі ацэньваюцца па аб'ектыўных крытэрыях, якія адлюстроўваюць вучэбна-метадычную, навуковую, арганізацыйную і выхаваўчую работу выкладчыкаў. Гэтыя крытэрыі будуць штогод карэктавацца ў залежнасці ад прыярытэтных задач развіцця БДУ.
Тэхнічная ўнікальнасць рэйтынгу ППС заключаецца ў поўнай аўтаматызацыі працэсаў выстаўлення рэйтынгавай ацэнкі, разліку і прызначэння прэмій. Гэта дазваляе мінімізаваць суб'ектыўны фактар пры аналізе паказчыкаў эфектыўнасці работы выкладчыкаў. Усе справаздачы, якія яны прадстаўляюць, запаўняюцца і верыфікуецца ў электронным выглядзе ў асабістых кабінетах супрацоўнікаў.
Перад укараненнем рэйтынгавай сістэмы яна на працягу чатырох месяцаў абмяркоўвалася ў працоўных калектывах факультэтаў БДУ. У гэтым годзе плануецца поўнасцю перавесці ў электронны фармат індывідуальныя планы выкладчыкаў і ўсе віды іх справаздач.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[2] https://zviazda.by/be/tags/vykladchyk
[3] https://zviazda.by/be/tags/premiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyplata